Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2017

Осіі 14 Осіі 14 разьдзел

1 Самарыя будзе пакарана, бо бунтавалася супраць Бога свайго: будуць гінуць ад меча, малыя іх пабіты, і цяжарныя будуць пасечаны.
2 Вярніся, Ізраэлю, да Госпада, Бога свайго, бо ты заняпаў праз сваю злачыннасць.
3 Забярыце з сабою словы і навярніцеся да Госпада; кажыце Яму: «Прабач нам усю нашу злачыннасць і прымі ўсё добрае, а мы прынясём ахвяру вуснаў нашых.
4 Асірыя не збавіць нас, не будзем ужо сядаць на каня, ані будзем больш казаць “Наш Божа!” вырабам рук нашых, бо ў Цябе знойдзе літасць сірата».
5 «Вылечу крывадушнасць іх, і ўзлюблю іх ад сэрца, бо гнеў Мой адвярнуўся ад іх.
6 Буду, быццам раса, для Ізраэля, так што расцвіце, як лілея, і, як лібанскі кедр, запусціць карані.
7 Раскіне вецце сваё, і будзе слава яго, як дрэва алівы, пах яго — як пах Лібана.
8 Вернуцца зноў тыя, што сядзяць у засені Маёй, будуць сеяць пшаніцу і расцвітуць, як вінаградныя кусты, слава іх — як віно лібанскае.
9 Эфраіме, нашто яму яшчэ ідалы? Я выслухоўваю яго і наглядаю за ім. Я — як кіпарыс зялёны: ад Мяне нараджаецца плод твой».
10 Хто мудры — хай зразумее гэта, хто разумее — хай ведае гэта! Бо роўныя шляхі Госпада, і справядлівыя пойдуць па іх; крывадушнікі, аднак, будуць падаць на іх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Осіі, 14 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017