1 Калі захацеў вылечыць Ізраэля, яўнай сталася праступнасць Эфраіма і ліхота Самарыі, бо яны дапусціліся лгарства: злодзей уваходзіць, а на дварэ рабуюць разбойнікі.
2 Яны не думаюць у сэрцах сваіх, што Я памятаю ўсе іх злачынствы, цяпер акружаюць іх учынкі іх, яны — перад абліччам Маім.
3 Сваёй пераваротнасцю ўзрадавалі цара, а лгарствамі сваімі — князёў.
4 Усе яны чужаложнікі: яны — як прапаленая печ, пекар перастае раздуваць агонь, калі месіць цеста, аж пакуль яно не скісне.
5 У дзень цара нашага князі самлелі ад гарачкі віна, яно апанавала дзёрзкіх.
6 Бо яны распалілі інтрыгамі сэрца сваё, як печ; усю ноч засынаў гнеў іх, нараніцы ж гарыць ён, як полымя агню.
7 Усе яны распалены, як печ, і пажыраюць суддзяў сваіх; усе цары іх папрападалі, няма з іх нікога, хто прызываў бы Мяне,
8 Эфраім памяшаўся з народамі, Эфраім — печаны ў прысаку хлеб, які не варочалі.
9 Чужыя спажываюць сілу яго, а ён не ведае; сівізна пакрыла яго, а ён не ведае.
10 Пыха Ізраэля сведчыць сама за сябе, але яны не навярнуліся да Госпада, Бога свайго, і ва ўсім гэтым не шукалі Яго.
11 Вось, стаўся Эфраім, як галубіца неразумная, што не мае развагі; клікалі ў Егіпет, пайшлі ў Асірыю.
12 І калі яны пойдуць, закіну Я на іх нерат Свой і схаплю ўсіх, як птушак паднебных, пакараю іх паводле таго, што чулі на сваім сходзе.
13 Гора ім, бо яны адступілі ад Мяне! Будуць знішчаны, бо яны адвярнуліся ад Мяне. Усё ж такі адкуплю іх, хоць бы яны гаварылі лгарства супраць Мяне.
14 Не прызывалі Мяне шчырым сэрцам сваім, калі лямантавалі на ложках сваіх; наразаюць скуру з-за збожжа і віна ды супрацівяцца адносна Мяне.
15 Я ж вучыў іх і ўзмацоўваў плячо іх, а яны супраць Мяне задумваюць ліхоту.
16 Звяртаюцца да таго, хто не дапаможа, сталіся, як лук падманны; падуць ад меча князі іх дзеля нястрыманасці языка свайго: такое пасмяянне з іх у зямлі Егіпецкай.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Осіі, 7 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017