Асіі 6 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

«Хадземце, вернемся да Госпада, бо Ён скалечыў нас і вылечыць нас, Ён нас пабіў і аздаравіць нас.
 
У скрусе сваёй яны з раньняга рана будуць шукаць Мяне і казаць: хадзем і вернемся да Госпада! бо Ён параніў — і Ён ацаліць нас, уразіў — і перавяжа нашыя раны;

Па двух днях верне нам жыццё, а трэцяга дня — падыме нас, і будзем жыць у прысутнасці Яго.
 
ажывіць нас праз два дні, на трэці дзень паставіць нас, і мы будзем жыць перад абліччам Яго.

Пазнавайма, парупімся пазнаць Госпада. Быццам зараніца, прыгатаваны прыход Яго, і прыйдзе Ён, як дождж своечасовы да нас, як дождж позні, што абвадняе зямлю».
 
Дык вось, спазнаем, будзем імкнуцца спазнаць Госпада; як ранішняя зара — зьяўленьні Яго, і Ён прыйдзе да нас як дождж, як позьні дождж абросіць зямлю.

«Што ўчыню табе, Эфраім? Што зраблю табе, Юда? Любоў ваша, як ранняя хмара і як раса ранняя, нясталая».
 
Што зраблю табе, Яфрэме? што зраблю табе, Юдзе? пабожнасьць вашая як ранішні туман і як раса, хутка зьнікомая.

Дзеля таго абцёсваў Я іх праз прарокаў, забіваў іх словамі вуснаў Маіх, і закон Мой, як святло, узыдзе;
 
Таму Я ўражваў праз прарокаў і біў іх словамі вуснаў Маіх, і суд Мой як узыходнае сьвятло.

літасці бо жадаю, а не ахвяры, і пазнання Бога больш, чым цэласпалення.
 
Бо Я міласьці хачу, а не ахвяры, і Богаведаньня болей, чым усеспаленьняў.

Яны ж ужо ў Адаме парушылі дамову і там адвярнуліся ад Мяне.
 
А яны, падобна Адаму, парушылі запавет і там здрадзілі Мне.

Галаад — горад злачынцаў, спаганены крывёю.
 
Галаад — горад бязбожнікаў, запэцканы крывёю.

Збор святароў падобны да разбойнікаў, што цікуюць на чалавека; на дарозе забіваюць яны тых, што ідуць у Сіхэм, дапускаюцца сапраўднага злачынства.
 
Як рабаўнікі высочваюць чалавека, так зборню сьвятароў забіваюць на дарозе ў Сіхем і ўчыняюць мярзоты.

У доме Ізраэля бачу Я жудасці: там Эфраім жыве распусна, спаганіўся Ізраэль.
 
У доме Ізраіля Я бачу жудаснае; там блудадзейства ў Яфрэма, апаганіўся Ізраіль.

Але і табе, Юда, прыгатавана жніво, калі вярну палон Майго народа.
 
І табе, Юдзе, вызначана жніво, калі Я вярну палон народу Майго.