Асіі 6 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

«Хадземце, вернемся да Госпада, бо Ён скалечыў нас і вылечыць нас, Ён нас пабіў і аздаравіць нас.
 

Па двух днях верне нам жыццё, а трэцяга дня — падыме нас, і будзем жыць у прысутнасці Яго.
 

Пазнавайма, парупімся пазнаць Госпада. Быццам зараніца, прыгатаваны прыход Яго, і прыйдзе Ён, як дождж своечасовы да нас, як дождж позні, што абвадняе зямлю».
 

«Што ўчыню табе, Эфраім? Што зраблю табе, Юда? Любоў ваша, як ранняя хмара і як раса ранняя, нясталая».
 

Дзеля таго абцёсваў Я іх праз прарокаў, забіваў іх словамі вуснаў Маіх, і закон Мой, як святло, узыдзе;
 

літасці бо жадаю, а не ахвяры, і пазнання Бога больш, чым цэласпалення.
 

Яны ж ужо ў Адаме парушылі дамову і там адвярнуліся ад Мяне.
 

Галаад — горад злачынцаў, спаганены крывёю.
 

Збор святароў падобны да разбойнікаў, што цікуюць на чалавека; на дарозе забіваюць яны тых, што ідуць у Сіхэм, дапускаюцца сапраўднага злачынства.
 

У доме Ізраэля бачу Я жудасці: там Эфраім жыве распусна, спаганіўся Ізраэль.
 

Але і табе, Юда, прыгатавана жніво, калі вярну палон Майго народа.