Асіі 14 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Біблія Скарыны (Бразгуноў)

 
 

Самарыя будзе пакарана, бо бунтавалася супраць Бога свайго: будуць гінуць ад меча, малыя іх пабіты, і цяжарныя будуць пасечаны.
 

Вярніся, Ізраэлю, да Госпада, Бога свайго, бо ты заняпаў праз сваю злачыннасць.
 

Забярыце з сабою словы і навярніцеся да Госпада; кажыце Яму: «Прабач нам усю нашу злачыннасць і прымі ўсё добрае, а мы прынясём ахвяру вуснаў нашых.
 

Асірыя не збавіць нас, не будзем ужо сядаць на каня, ані будзем больш казаць “Наш Божа!” вырабам рук нашых, бо ў Цябе знойдзе літасць сірата».
 

«Вылечу крывадушнасць іх, і ўзлюблю іх ад сэрца, бо гнеў Мой адвярнуўся ад іх.
 

Буду, быццам раса, для Ізраэля, так што расцвіце, як лілея, і, як лібанскі кедр, запусціць карані.
 

Раскіне вецце сваё, і будзе слава яго, як дрэва алівы, пах яго — як пах Лібана.
 

Вернуцца зноў тыя, што сядзяць у засені Маёй, будуць сеяць пшаніцу і расцвітуць, як вінаградныя кусты, слава іх — як віно лібанскае.
 

Эфраіме, нашто яму яшчэ ідалы? Я выслухоўваю яго і наглядаю за ім. Я — як кіпарыс зялёны: ад Мяне нараджаецца плод твой».
 

Хто мудры — хай зразумее гэта, хто разумее — хай ведае гэта! Бо роўныя шляхі Госпада, і справядлівыя пойдуць па іх; крывадушнікі, аднак, будуць падаць на іх.