Асіі 10 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Васіля Сёмухі

 
 

Ізраэль — адборная вінаградная лаза, што прыносіць многа пладоў сваіх; паводле пладароднасці сваёй множыў ён ахвярнікі; паводле тлустасці зямлі сваёй аздабляў ідалаў.
 
Ізраіль — галінасты вінаград, памнажае сабе плод; чым болей у яго пладоў, тым болей памнажае ахвярнікі; чым лепшая зямля ў яго, тым болей упрыгожваюць яны куміраў.

Раздзялілася сэрца іх, і цяпер будуць пакараныя; Ён сам сатрэ ахвярнікі іх, знішчыць іх ідалаў.
 
Падзялілася сэрца іхняе, за гэта яны і будуць пакараныя: Ён разбурыць ахвярнікі іхнія, скрышыць куміраў іхніх.

Яны, канешне, кажуць: «Няма ў нас цара; мы бо не баімся Госпада, то што нам цар зробіць?»
 
Цяпер яны кажуць: «няма ў нас цара, бо мы не збаяліся — Госпада! а цар — што нам зробіць?»

Гавораць словы, прысягаюць ілжыва, заключаюць хаўрусы; таму вырасце, быццам атрутнае зелле, суд на барознах раллі.
 
Кажуць словы пустыя, божацца ілжыва, заключаюць пагадненьні; за гэта явіцца суд над імі, як атрутная трава на барознах поля.

З-за цяляці ў Бэт-Авэне трымцець будуць жыхары Самарыіі; бо ў жалобе засмуткуе народ яе; святары тым часам радуюцца дзеля славы яго; бо скора адыдзе ад яго.
 
За цяля Бэт-Авэна затрымцяць жыхары Самарыі; заплача па ім народ, і жрацы яго, што радаваліся за яго, будуць плакаць па славе ягонай, бо яна адыдзе ад яго.

Бо і ён сам перапраўлены ў Асірыю, у падарунак цару вялікаму; апануе ганьба Эфраіма, засаромеецца Ізраэль дзеля рашэння свайго.
 
А само яно аднесено будзе ў Асірыю — у дарунак цару Ярэву; пасаромлены будзе Яфрэм, і пасароміцца Ізраіль ад намыслу свайго.

Гіне Самарыя, а цар яе — як пена на паверхні вады.
 
Зьнікне ў Самарыі цар яе — як шум на паверхні вады.

Ды будуць знішчаны ўзвышшы бязбожнасці — грэх Ізраэля; церні і асот вырасце на ахвярніках іх, а яны будуць казаць гарам: «Прыкрыйце нас!», а ўзгоркам: «Падзіце на нас!»
 
І вынішчаны будуць вышыні Авэна — за грэх Ізраіля; церне і ваўчкі вырастуць на ахвярніках іхніх, і скажуць яны горам: «пакрыйце нас», і пагоркам: «упадзеце на нас!»

Ад дзён Габы грашыць Ізраэль; там ператрывалі. Не ахопіць іх у Габе вайна супраць сыноў злачыннасці?
 
Больш, чым у дні Гівы, грашыў ты, Ізраіле; там яны ўстоялі; вайна ў Гаваоне супроць сыноў бязбожнасьці не спасьцігла іх.

«Па жаданні Маім — пакараю іх: збяруцца супраць іх народы, каб іх пакараць дзеля дзвюх іх злачыннасцей.
 
Паводле жаданьня Майго пакараю іх, — і зьбяруцца супроць іх народы, і яны будуць зьвязаныя за двайное злачынства іхняе.

Эфраім — навучаная цялушка, што любіць малацьбу. Я Сам ускладу ярмо на сытую шыю яго, сам Эфраіма запрагу, араць будзе Юда, Якуб жа баранаваць будзе.
 
Яфрэм — навучанае цяля, прывычнае да малацьбы, і Я сам, пакладу ярмо на тлустую шыю яго; на Яфрэме будуць вярхом езьдзіць, Юда будзе араць, Якаў будзе баранаваць.

Пасейце сабе справядлівасць, а пажніце любоў: узарыце сабе новыя землі! Час шукаць Госпада, аж прыйдзе, каб праліць на вас дождж справядлівасці.
 
Сейце ў сабе праўду — і пажняце міласьць; разворвайце ў сябе навіну, бо час — знайсьці Госпада, каб Ён, калі прыйдзе, дажджом выліў на вас праўду.

Узворвалі вы бязбожнасць, жняце несправядлівасць, спажываеце плады лжывасці, бо паспадзяваўся ты на калясніцы свае, на мноства асілкаў тваіх.
 
Вы ўраблялі беззаконьні, ясьце плод ілжы, бо ты спадзяваўся на шлях твой, на мноства ваяроў тваіх.

Падымецца замяшанне ў народзе тваім, і ўсе твае ўмацаванні будуць развалены, як Салман знішчыў Бэт-Арбээль у час вайны, а маці з дзецьмі засечана.
 
І адбудзецца розрух у народзе тваім, і ўсе цьвярдыні твае будуць разбураныя, як Салман разбурыў Бэт-Арбэл у дзень бітвы: маці была забітая зь дзецьмі.

Так учыніць вам Бэтэль за ўсю вашу вялікую злачыннасць. Уранні прападзе цар Ізраэля.
 
Вось, што ўчыніў вам Вэтыль за край бязбожнасьці вашай.