Асіі 7 разьдзел
Кніга прарока Асіі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча
Калі захацеў вылечыць Ізраэля, яўнай сталася праступнасць Эфраіма і ліхота Самарыі, бо яны дапусціліся лгарства: злодзей уваходзіць, а на дварэ рабуюць разбойнікі.
Як Я лячыў Ізраеля, тады адкрылася бяспраўе Яхрэмава, і нягоднасьць Самары; бо тарнуюць ману, і ўходзе злодзей, і народы глабаньнікаў глабаюць вонках.
Яны не думаюць у сэрцах сваіх, што Я памятаю ўсе іх злачынствы, цяпер акружаюць іх учынкі іх, яны — перад абліччам Маім.
І ня кажуць яны ў сэрцу сваім, што Я помню ўсі нягоднасьці іхныя; цяпер абступаюць іх учынкі іхныя; яны перад відам Маім былі.
Сваёй пераваротнасцю ўзрадавалі цара, а лгарствамі сваімі — князёў.
Вяселяць караля нягоднасьцьмі сваімі і князёў — маною сваёй.
Усе яны чужаложнікі: яны — як прапаленая печ, пекар перастае раздуваць агонь, калі месіць цеста, аж пакуль яно не скісне.
Яны ўсі чужаложны, як печ, нацепленая пекаром, што перастаець падкладаць ад замесу да закісу цеста.
У дзень цара нашага князі самлелі ад гарачкі віна, яно апанавала дзёрзкіх.
У дзень караля нашага князі задалі яму хваробу бутлямі віна, ён выцягае руку сваю із скалазубамі;
Бо яны распалілі інтрыгамі сэрца сваё, як печ; усю ноч засынаў гнеў іх, нараніцы ж гарыць ён, як полымя агню.
Бо да свайго цікаваньня яны прытарнавалі сэрцы свае, як печ: усю ноч сьпіць пякар іхны, а нараніцы яна гарыць як палаючае цяпло.
Усе яны распалены, як печ, і пажыраюць суддзяў сваіх; усе цары іх папрападалі, няма з іх нікога, хто прызываў бы Мяне,
Усі яны распаленыя, як печ, і пажэрлі судзьдзяў сваіх; усі каралёве іхныя ўпалыя, ніхто зь іх ня гукае да Мяне.
Эфраім памяшаўся з народамі, Эфраім — печаны ў прысаку хлеб, які не варочалі.
Яхрэм, ён зьмяшаўся зь людамі, Яхрэм — неперавернены сачэнь.
Чужыя спажываюць сілу яго, а ён не ведае; сівізна пакрыла яго, а ён не ведае.
Чужаземцы жэрлі сілу ягоную а ён ня ведае; але, сівыя валасы выскачылі на ім, адылі ён ня ведае.
Пыха Ізраэля сведчыць сама за сябе, але яны не навярнуліся да Госпада, Бога свайго, і ва ўсім гэтым не шукалі Яго.
І пыха Ізраелява сьветча ў вочы супроці яго, і яны не зварачаюцца да СПАДАРА, Бога свайго, ані шукаюць яго з усім гэтым.
Вось, стаўся Эфраім, як галубіца неразумная, што не мае развагі; клікалі ў Егіпет, пайшлі ў Асірыю.
Яхрэм як дурная галуба бяз сэрца: гукаюць Ягіпет, ідуць да Асыры.
І калі яны пойдуць, закіну Я на іх нерат Свой і схаплю ўсіх, як птушак паднебных, пакараю іх паводле таго, што чулі на сваім сходзе.
Калі яны пойдуць, Я расьцягну на іх сець Сваю; як птушкі нябёсныя, зьвяду іх далоў; пакараю іх, як збор іхны чуў.
Гора ім, бо яны адступілі ад Мяне! Будуць знішчаны, бо яны адвярнуліся ад Мяне. Усё ж такі адкуплю іх, хоць бы яны гаварылі лгарства супраць Мяне.
Авохці ім, бо яны пабадзяліся ад Мяне; зьгінота ім, бо яны выступілі супроці Мяне. Я адкупіў іх, а яны гукалі на Мяне манлівае.
Не прызывалі Мяне шчырым сэрцам сваім, калі лямантавалі на ложках сваіх; наразаюць скуру з-за збожжа і віна ды супрацівяцца адносна Мяне.
І ня гукалі да Мяне ў сэрцу сваім, як былі на ложках сваіх; зьбіраюцца дзеля збожжа а віннога соку, паўстаюць супроці Мяне.
Я ж вучыў іх і ўзмацоўваў плячо іх, а яны супраць Мяне задумваюць ліхоту.
Хоць Я зазырыў, умацаваў цэўі іхныя, яны, адылі, задумляюць ліха супроці Мяне.
Звяртаюцца да таго, хто не дапаможа, сталіся, як лук падманны; падуць ад меча князі іх дзеля нястрыманасці языка свайго: такое пасмяянне з іх у зямлі Егіпецкай.
Наварачаюцца не да Навышняга; яны — як ізрадлівы лук; князі іхныя паваляцца ад мяча за гарэзны язык свой; гэта будзе пасьмехам ім у зямлі Ягіпецкай.