Асіі 5 разьдзел

Кніга прарока Асіі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Слухайце гэта, святары, ды звярні ўвагу, доме Ізраэля ды доме царскі, успрымі, бо для вас прызначаны суд; а вы сталіся сілом для Міцпы і разнятай сеткай над Таборам.
 
Слухайце гэта, сьвятарове, і прыслухайцеся, доме Ізраеляў, і нахіні вуха, доме каралеўскі, бо суд супроці вас, бо вы былі пасадкаю Міцпе і расьцягненаю сецьцю на Табору.

І ўчынілі яны глыбокай яму Сітым, але Я ўсіх вас пакараю.
 
І бунтаўнікі жадаюць забіваць, хоць Я ганю іх усіх.

Я знаю Эфраіма, ды Ізраэль не схаваны ад Мяне, бо цяпер ты, Эфраіме, пусціўся ў распусту, Ізраэль спракудзіўся.
 
Знаю Яхрэма, і Ізраель не схаваны ад Мяне; бо цяпер, Яхрэме, ты бязуліш, Ізраель сплюгаўлены.

Не дапусцяць учынкі іх навярнуцца ім да Бога свайго, бо дух распуснасці жыве ў іх нутры, і не ведаюць яны Госпада.
 
Не даюць учынкі іхныя навярнуцца да Бога свайго, бо дух бязулства ўнутры ў іх, і яны ня знаюць СПАДАРА.

Пыха Ізраэля сведчыць сама за сябе, злачыннасць іх вядзе Эфраім і Ізраэль да падзення, а з імі разам падзе таксама Юда.
 
І пыха Ізраелява сьветча на відзе ягоным; за тое Ізраель а Яхрэм спатыкнуцца ў бяспраўю сваім; Юда таксама спатыкнецца зь імі.

З авечкамі сваімі і валамі сваімі пойдуць шукаць Госпада, але Яго не знойдуць, бо Ён ад іх ухіліўся.
 
З авечкамі сваімі а з народамі сваімі пойдуць шукаць СПАДАРА, але ня знойдуць: Ён здаліўся ад іх.

Адвярнуліся яны ад Госпада, бо нарадзілі чужых сыноў, цяпер знішчыць іх за месяц з іх маёмасцю.
 
СПАДАРА яны ізрадзілі, бо нарадзілі чужыя дзеці; цяпер зжарэць іх месяц зь дзельмі іхнымі.

Грайце ў рог у Габе і на трубе — у Раме, гаманіце ў Бэт-Авэне — напалохайце Бэньяміна.
 
Трубіце ў рог у Ґівеі і ў трубу ў Раме, трубіце ў Бет-Авене, па табе, Веняміне!

Эфраім станецца пустыняй у дзень пакарання. Адносна пакаленняў Ізраэля абвяшчаю рэч верную.
 
Яхрэм будзе спустошаны ў дзень ганеньня; меж пакаленьняў Ізраелявых я абяшчу, што канечне будзе.

Князі Юды сталіся падобныя да тых, што перасоўваюць межы; вылью на іх, як ваду, гнеў Свой.
 
Князі Юдзіны былі, як тыя, што перасуваюць граніцу: як ваду, выльлю на іх гнеў свой.

Прыгнечаны Эфраім, знішчаны суд, бо захацеў пайсці за смеццем.
 
Яхрэм уцісьнены, патрышчаны судам, бо адно ў вахвоту хадзіў подле расказаньня.

А я — быццам моль для Эфраіма, ды быццам гнілізна для дому Юды.
 
А Я буду як моль Яхрэму, і дому Юдзінаму як гнільлё.

І ўбачыў Эфраім сваю кволасць, а Юда — рану сваю. І выйшаў Эфраім у Асірыю, і выправіў пасланцоў да вялікага цара; але ён сам не зможа вас вылечыць і не зможа вызваліць вас ад калецтва.
 
Як Яхрэм абачыў хваробу сваю і Юда — рану сваю, тады пашоў Яхрэм да Асура й паслаў караля Ярэву; але ён ня можа ўздаравіць вас ані вылячыць рану вашу;

Бо Я — быццам леў для Эфраіма ды быццам ільвянятка — для дому Юды; Я схаплю і пайду; панясу, і няма нікога, хто б уратаваў.
 
Бо Я як леў Яхрэму і як левянё дому Юдзінаму: Я, Я разарву й адыйду; панясу, і ніхто ня вывальне.

Пайду і зноў вярнуся ў Сваё месца, аж адпакутуюць і будуць шукаць аблічча Майго, і будуць прагнуць Мяне ў бедах сваіх.
 
Пайду й зьвярнуся на месца Сваё, пакуль яны ня прызнаюць выступу свайго і ня будуць шукаць віду Майго; у гароце сваёй будуць шукаць Мяне рана.