Нээміі 8 разьдзел
Кніга Нээміі
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча
І сабраўся народ, як адзін чалавек, на плошчы, якая перад Брамай Воднаю, і сказалі Эзры кніжніку, каб прынёс кнігу Закону Майсея, якую ГОСПАД загадаў [выконваць] Ізраілю.
І ўвесь люд зьберся, як адзін чалавек, на вуліцы, каторая перад Вадзяною брамаю, і сказалі пісьменьніку Езру, каб прынёс кнігу Закону Масеявага, каторы СПАДАР расказаў Ізраелю.
І прынёс Эзра сьвятар Закон перад аблічча царквы, [што складалася] з мужчынаў і жанчынаў, і ўсіх, якія разумелі чытанае, у першы дзень сёмага месяца;
Першага дня сёмага месяца, сьвятар Езра прынёс Закон перад грамаду, што складалася, ад мужчыны аж да жонкі і ўсіх, што маглі цяміць;
і чытаў з яго на плошчы, якая перад Брамай Воднаю, ад сьвітанку аж да паўдня перад мужчынамі, жанчынамі і ўсімі, якія разумелі; і вушы ўсяго народу [былі зьвернуты] да кнігі Закону.
І чытаў зь яго перад вуліцаю, што перад Вадзяною брамаю, ад сьвету аж да палудня перад мужчынамі а жанкамі а ўсімі, каторыя маглі цяміць; і вушы ўсяго люду былі нахінуўшыся да кнігі Закону.
І стаяў кніжнік Эзра на ўзвышэньні драўляным, якое зрабілі дзеля гэтага; і стаялі каля яго: праваруч яго — Матытыя, Шэмая, Аная, Урыя, Хількія і Маасэя, а леваруч яго — Пэдая, Мішаэль, Малкія, Хашум, Хашбадана, Захарыя і Мэшулям.
І стаяў пісьменьнік Езра на дзярвяным узвышшу, каторае зрабілі дзеля гэтага; а ля яго, па правай руццэ ягонай, стаялі Матыфа а Шэма а Аная а Ура а Гілка а Маасэя, а па левай руццэ ягонай Педая а Місайла а Малхія а Гашум а Гашбадана, Захара, Мешулам.
І разгарнуў Эзра кнігу на вачах усяго народу, бо ён стаяў па-над усім народам; і калі ён разгарнуў яе, устаў увесь народ.
І адчыніў Езра кнігу на ачох усяго люду, бо ён стаяў вышэй чымся ўвесь люд; і як ён адчыніў яе, увесь люд устаў.
І дабраславіў Эзра ГОСПАДА, Бога вялікага. І ўвесь народ адказаў: «Амэн, амэн», падымаючы рукі свае; і пакланіліся, і схіліліся перад ГОСПАДАМ абліччамі да зямлі.
І дабраславіў Езра СПАДАРА, Бога вялікага. І ўвесь люд адказаў: «Амін, амін», падыймаючы ўгару рукі свае; і нахінуліся й пакланіліся СПАДАРУ відзеньням да зямлі.
І Ешуа, Бані, Шэрэвія, Ямін, Аккуў, Шабэтай, Годыя, Маасэя, Кэліта, Азарыя, Ёзавад, Ханан, Пэлая і лявіты тлумачылі народу Закон, а народ [стаяў] на месцы сваім.
Іешуа а Вані а Шэрэва а Ямін, Аккуў, Шаўветай, Года, Маасэя, Келіта, Азара, Ёзавад, Ганан, Пелая а Левіты зьясьнілі люду Закон, а люд стаяў на сваім месцу.
І чыталі з кнігі Закону Божага, і выразна тлумачылі значэньне, і яны разумелі чытанае.
І чыталі выразьліва з кнігі Закону Божага, і паказавалі значаньне, і яны цямілі чытанае.
І Нээмія, ён жа Тыршата, і Эзра, сьвятар і кніжнік, і лявіты, якія навучалі народ, сказалі ўсяму народу: «Дзень гэты пасьвячоны ГОСПАДУ, Богу вашаму, ня будзьце ў жалобе і ня плачце», бо ўвесь народ плакаў, слухаючы словы Закону.
І Негэма, ён жа Тыршафа, і Езра сьвятар, пісьменьнік, і Левітаве, што зьясьнялі люду, сказалі ўсяму люду: «Дзень гэты сьвяты СПАДАРУ, Богу вашаму, ня будзьце ў жалобе і ня плачча»; бо ўвесь люд плакаў, слухаючы словы Закону;
І сказаў ім [Нээмія]: «Ідзіце, ешце тлустае і піце салодкае, і пасылайце часткі [страваў] тым, якія не прыгатавалі сабе; бо дзень гэты пасьвячоны Госпаду, Богу вашаму. І не сумуйце, бо радасьць ГОСПАДА — гэта апора ваша».
І сказаў ім: «Пайдзіце, ежча сытое, і піце салодкае, і пасылайце часьці тым, у каго нічога не прыгатавана; бо дзень гэты сьвяты СПАДАРУ нашаму. І ня смуціцеся, бо радасьць СПАДАРОВА пасіленьне ваша».
І лявіты супакойвалі ўвесь народ, кажучы: «Супакойцеся, бо дзень гэты сьвяты, і не сумуйце».
І Левітаве супакоевалі ўвесь люд, кажучы: «Перастаньце, бо дзень гэты сьвяты, ня смуціцеся».
І пайшоў увесь народ есьці і піць, і пасылаць часткі [страваў], і сьвяткаваць з радасьцю вялікай, бо зразумелі словы, якія паведамілі ім.
І пайшоў увесь люд есьці а піць а пасылаць часьці а сьвяткаваць ізь вялікай весялосьцяй; бо ўцямілі словы, каторыя сказалі ім.
І на другі дзень сабраліся галовы [дамоў] бацькоў народу, сьвятары і лявіты да Эзры кніжніка, каб разважаць словы Закону.
Назаўтрае зьберліся галавы айцоў усяго люду, сьвятарове а Левітаве да пісьменьніка Езры, каб ён зьясьніў ім словы Закону.
І знайшлі напісанае ў Законе, які ГОСПАД загадаў праз рукі Майсея, каб жылі сыны Ізраіля ў буданах у сьвята, якое ў сёмым месяцы.
І знашлі напісанае ў Законе, каторы СПАДАР даў Масеям, каб жылі сынове Ізраелявы ў буданох у сьвята, сёмага месяца.
І таму абвясьцілі і паведамілі ў-ва ўсіх гарадах і ў Ерусаліме, кажучы: «Ідзіце ў горы і прынясіце галінкі аліўкавыя і галінкі сасновыя, і галінкі міртавыя, і галінкі пальмавыя, і галінкі дрэваў лісьцястых, і зрабіце буданы згодна з тым, што напісана».
І затым абясьцілі а агаласілі па ўсіх местах і ў Ерузаліме, кажучы: «Пайдзіце на гару і нясіце гальлё аліўнае а гальлё дзікіх аліўкаў а гальлё міртавае а гальлё пальмавае а гальлё дзерваў густых, каб зрабіць буданы подле напісанага».
І пайшоў народ, і прынесьлі, і зрабілі сабе буданы, кожны на даху сваім, і на панадворках сваіх, і на панадворках Дому Божага, і на плошчы Брамы Воднай, і на плошчы Брамы Эфраіма.
І пайшоў люд, і прынесьлі, і зрабілі сабе буданы, кажны на сваёй страсе, і на панадворках сваіх, і на панадворках дому Божага, і на вуліцы Вадзяное брамы, на вуліцы брамы Яхрэмавае.
І зрабіла буданы ўся царква тых, якія вярнуліся з палону, і жылі ў буданах. Бо не рабілі так сыны Ізраіля ад дзён Егошуа, сына Нуна, аж да дня гэтага. І была радасьць вельмі вялікая.
І зрабіла буданы ўся грамада тых, што зьвярнуліся з палону, і сядзелі ў буданох. Не рабілі так сынове Ізраелявы ад дзён Ігошуі Нунянка аж дагэтуль. І была радасьць вельма вялікая.
І чыталі з кнігі Закону Божага дзень у дзень, ад першага дня аж да апошняга дня. І сьвяткавалі сьвята сем дзён, а ў восьмы дзень [сабралі] ўрачысты сход паводле пастановы.
І чыталі з кнігі Закону Божага дзень у дзень, ад першага дня аж да апошняга дня. І сьвяткавалі сьвята сем дзён, а восьмага дня быў урочысты збор, подле ўставы.