Да Каласянаў 2 разьдзел

Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Бо хачу, каб вы ведалі, якую вялікую барацьбу я маю дзеля вас і дзеля тых, што ў Ляадыкеі, і дзеля ўсіх, якія ня бачылі аблічча майго ў целе,
 
Бо зычу, каб вы ведалі, якое змаганьне маю я за вас і за тых у Ляодыццы, і за тых, што ня бачылі віду майго ў целе,

каб суцешыліся сэрцы іхнія, злучаныя ў любові і дзеля ўсякага багацьця пэўнага разуменьня, дзеля пазнаньня тайны Бога — і Айца, і Хрыста,
 
Каб пацешыліся сэрцы іхныя, задзіночаныя ў міласьці дзеля ўсяго багацьця супоўнае пэўнасьці, разуменьня і поўнага знацьця тайны Бога і Айца і Хрыста,

у Якім усе скарбы мудрасьці і веданьня схаваныя.
 
У Каторым схаваны ўсі скарбы мудрасьці а знацьця.

А кажу гэта, каб хто ня ўвёў вас у зман пераканаўчымі словамі.
 
А гэта кажу я вам, каб ніхто не спадмануў вас пераконуючай моваю;

Бо хоць я і адсутны целам, але духам я з вамі, радуючыся і бачачы ваш парадак і ўмацаванасьць веры вашае ў Хрыста.
 
Бо хоць запраўды я няпрытомны целам, я, адылі, з вамі духам, цешачыся й бачачы парадак ваш і ўмацаваньне веры вашае ў Хрыста.

Дык як вы прынялі Хрыста Ісуса, Госпада, так хадзіце ў Ім,
 
Затым, як вы прынялі Хрыста Ісуса Спадара, так і хадзіце ў Ім,

укарэненыя і збудаваныя ў Ім, і сьцьверджаныя ў веры, як вы былі навучаныя, багацеючы ў ёй з падзякаю.
 
Укарэненыя а збудаваныя ў Ім, умацаваныя ў веры, як навучаныя, збыткуючы дзякаваньням.

Глядзіце, каб хто не збаламуціў вас філасофіяй і пустым падманам паводле традыцыі чалавечай, паводле стыхіяў сьвету, а не паводле Хрыста.
 
Глядзіце, каб хто не аглабаў вас філёзофаю і пустою ашукаю, подле паданьняў людзкіх, подле навалаў сьвету, а ня подле Хрыста;

Бо ў Ім жыве ўся поўня Боства цялесна,
 
Бо ў Ім жыхара ўся паўніня Боства цялесна.

і вы напоўненыя ў Ім, Які ёсьць галава ўсякага начальства і ўлады.
 
І вы паўніня ў Ім, Каторы ё галава ўсяго князства а ўлады;

У Ім і вы абрэзаныя абразаньнем, не рукою зробленым, якое зьняла цела грахоў цялесных, абразаньнем Хрыстовым.
 
У ім вы й абрэзаныя абразаньням ня рукамі зробленым, сьцягненьням грэшнага цела, абразаньням Хрыстовым;

Пахаваныя з Ім у хрышчэньні, у Ім вы і ўваскрэсьлі праз веру ў дзеяньне Бога, Які ўваскрасіў Яго з мёртвых,
 
Пахаваны зь Ім у хрысьце, у каторым і ўскрэсьлі зь Ім вераю ў дзеяньне Божае, Каторы ўскрысіў Яго зь мертвых,

і вас, якія былі мёртвыя ў грахах і неабразаньні цела вашага, Ён ажывіў разам з Ім, дараваўшы нам усе грахі,
 
І вас, каторыя былі мертвыя і ў неабразаньню цела вашага, Ён ажывіў разам ізь Ім, дараваўшы вам усі выступы,

сьцёршы рукапіс пастановаў, што былі супраць нас; і забраў яго спасярод, прыбіўшы да крыжа,
 
Скасаваўшы рукапісы пастановаў на нас, што былі супроці нас, Ён адхінуў іх, прыбіўшы іх гваздамі да крыжа;

распрануўшы начальствы і ўлады, адважна аддаў іх на сорам, трыюмфуючы над імі ў Ім.
 
Разброіўшы князствы а ўладу, выставіў іх прынародна на паказ, перамогшы іх Сабою.

Дык няхай ніхто ня судзіць вас за ежу, ці за пітво, ці за ўдзел у сьвяце, ці маладзіку, ці субоце.
 
Дык ніхто хай ня судзе вас за ежу, альбо за піценьне, альбо за якое сьвята, альбо маладзік, альбо сыботы,

Гэта ёсьць цень таго, што мае быць, а цела — Хрыстовае.
 
Каторыя сьцень прыйдучага, але цела — Хрыстова.

Няхай ніхто не пазбавіць вас нагароды праз самавольнае ўпакорваньне і набажэнства анёлам, уваходзячы ў тое, чаго ня бачыў, дарэмна ўзганарыўшыся розумам цела свайго
 
Няхай ніхто ашукна не спабывае вас нагароды самадыйнай пакораю і службаю ангілаў, мяшаючыся ў тое, чаго ня бачыў, дарма надымаючыся цялесным розумам сваім

і не трымаючыся Галавы, ад якое ўсё цела, вязямі і вузламі змацаванае і злучанае, расьце ўзрастаньнем Божым.
 
І ня дзержачыся Галавы, ад Каторае ўсе цела, суставамі а вязямі злучана, расьцець ростам Божым.

Дык калі вы памерлі разам з Хрыстом для стыхіяў сьвету, чаго ж, быццам жывучы ў сьвеце, трымаецеся пастановаў:
 
Дык калі вы з Хрыстом памерлі навалам сьвету, чаму вы, як жывучыя ў сьвеце, дзяржыце пастановы:

«Не дакранайся, і не каштуй, і не чапай»,
 
«Не дакранайся, ня спытавай, не чапай», —

што ўсё [вядзе] да сапсутасьці праз [само] ўжываньне, паводле пастановаў і вучэньня чалавечага?
 
Што ўсе раскладаецца ад ужываньня, — подле забароны й навукі людзкое?

Гэтае слова нібыта мае мудрасьць у самавольным набажэнстве, упакорваньні і мардаваньні цела, не ў пашане да таго, што насычае цела.
 
Каторыя маюць толькі выгляд мудрасьці ў самадыйнай службе а пакоры а стродкасьці ўзглядам цела, у некатрым улегцыменьню ўзглядам досыць учыненьня целу.