Эстэр 7 разьдзел

Кніга Эстэр
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча

 
 

І прыйшоў валадар і Аман на гасьціну да валадаркі Эстэр.
 

І сказаў валадар Эстэр таксама ў другі дзень, выпіўшы віна: «Якое жаданьне тваё, валадарка Эстэр? І будзе дадзена табе. І якая просьба твая? Нават палова валадарства, і будзе выканана».
 

І адказала валадарка Эстэр, і сказала: «Калі я знайшла ласку ў вачах тваіх, валадару, і калі валадару гэта [падаецца] добрым, няхай будзе падаравана мне жыцьцё маё паводле жаданьня майго і народ мой на просьбу маю!
 

Бо прададзены мы, я і народ мой, на вынішчэньне, забіцьцё і загубу. Калі б мы былі прададзены як нявольнікі і нявольніцы, я маўчала б, хоць прыгнятальнік не аднагародзіў бы шкоды валадару».
 

І адказаў валадар Ахашвэрош, і сказаў валадарцы Эстэр: «Хто гэта такі? І дзе той, які напоўніў сэрца сваё, каб зрабіць гэтак?»
 

І сказала Эстэр: «Прыгнятальнік і вораг — гэты нягодны Аман!» І Аман спалохаўся перад абліччам валадара і валадаркі.
 

І валадар устаў ад піцьця віна ў гневе сваім, і [пайшоў] у палацовы сад. А Аман стаў прасіць валадарку Эстэр за жыцьцё сваё, бо ён бачыў, што будзе канец ягоны ліхі ад валадара.
 

І валадар вярнуўся з палацовага саду ў дом, [дзе] піў віно, а Аман быў упаўшы да ложку, на якім была Эстэр. І сказаў валадар: «Ці яшчэ згвалціш валадарку ў прысутнасьці маёй у доме?» Слова выйшла з вуснаў валадара, і закрылі аблічча Аману.
 

І сказаў Харбона, адзін з эўнухаў, які перад абліччам валадара: «Вось дрэва, што паставіў Аман для Мардэхая, які рабіў добрае для валадара, стаіць каля дому Амана, вышынёю на пяцьдзясят локцяў». І сказаў валадар: «Павесьце яго на ім».
 

І павесілі Амана на дрэве, якое ён падрыхтаваў для Мардэхая. І гнеў валадара суцішыўся.