Выслоўяў Саламонавых 15 разьдзел
Кніга выслоўяў Саламонавых
Пераклад Антонія Бокуна → Пераклад а. Сяргея Сурыновіча
Лагодны адказ адхіляе ярасьць, а слова абразьлівае выклікае гнеў.
Язык мудрых прыносіць веды, а вусны неразумных выказваюць глупства.
Вочы ГОСПАДА на кожным месцы, яны бачаць добрых і ліхіх.
Здаровы язык — дрэва жыцьця, а зласьлівы — заламаньне духа.
Неразумны грэбуе настаўленьнем бацькі, а хто зважае на дакараньні — разумнее.
У доме праведніка шмат багацьця, а ў набытках бязбожніка — замяшаньне.
Вусны мудрых сеюць веды, а сэрца бязглуздых не такое.
Ахвяра бязбожнікаў — агіда для ГОСПАДА, а малітвы правых Яму даспадобы.
Агіда для ГОСПАДА — шлях бязбожніка, а таго, хто імкнецца да праведнасьці, Ён любіць.
Таму, хто ўхіляецца з дарогі, — строгая кара, і той, хто дакараньне ненавідзіць, — памрэ.
Адхлань і пекла перад [вачыма] ГОСПАДА, а тым больш сэрцы сыноў чалавечых.
Насьмешнік ня любіць таго, хто яго дакарае, і да мудрых ня пойдзе.
Радаснае сэрца робіць аблічча вясёлым, а калі сэрца сумуе — дух разьбіты.
Сэрца разумнае шукае веданьня, а вусны неразумных жывяцца дурнотаю.
Усе дні прыгнечанага ліхія, а ў каго добра на сэрцы, у таго заўсёды бяседа.
Лепш малое ў страху перад ГОСПАДАМ, чым вялікія скарбы, а з імі трывога.
Лепш крыху гародніны з любоўю, чым тлусты вол з нянавісьцю.
Чалавек гняўлівы выклікае звадкі, а няскоры да гневу супакойвае спрэчку.
Шлях гультая як жываплот з церня, а сьцежка правых — гладкая.
Мудры сын — радасьць для бацькі, а дурны чалавек пагарджае маці сваёй.
Дурасьць — радасьць для невука, а чалавек разумны ідзе простай дарогай.
Бяз рады руйнуюцца намеры, а з мноствам дарадцаў яны зьдзяйсьняюцца.
Радуецца чалавек з адказу вуснаў сваіх, і якое добрае слова адпаведнае.
Сьцежка жыцьця ў разважлівага [вядзе] ўгару, каб пазьбегнуць адхлані, якая ў доле.
ГОСПАД развальвае дом пыхліўцаў, а мяжу ўдавы Ён вызначае.
Агіда для ГОСПАДА — думкі бязбожных, а прамовы чыстыя прыемныя [Яму].
Нішчыць свой дом сквапны да зыску, а хто ненавідзіць падарункі, будзе жыць.
Сэрца праведніка разважае пра адказ, а вусны бязбожнікаў вымаўляюць ліхоту.
ГОСПАД далёка ад бязбожнікаў, але малітвы праведных Ён чуе.
Сьвятло вачэй радуе сэрца, і добрая вестка ўмацоўвае косткі.
Вуха, якое слухае дакараньні жыцьця, будзе жыць сярод мудрых.
Хто адкідае настаўленьне, грэбуе душою сваёю, а хто слухае дакараньні, здабывае розум.
Страх перад ГОСПАДАМ навучае мудрасьці, і ўпакораньне папераджае славу.