Да Каласянаў 4 разьдзел
Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Антонія Бокуна
Гаспадары, аддавайце нявольнікам справядліва і па праве, ведаючы, што і вы маеце Госпада ў нябёсах.
Паны, давайце слугам тое, што справядліва і што адпаведна, ведаючы, што і вы маеце Госпада ў небе.
Трывайце ў малітве, чувайце ў ёй з падзякаю,
Трывайце ў малітве, чуваючы ў ёй з падзякаю;
молячыся поруч і за нас, каб Бог адчыніў нам дзверы слова, каб выказаць таямніцу Хрыстову, дзеля якой я стаўся вязнем,
молячыся таксама і за нас, каб Бог адчыніў нам дзьверы слова абвяшчаць тайну Хрыстовую, дзеля якой я зьвязаны,
каб выявіць яе, як мне належыць гаварыць.
каб я выявіў яе так, як мушу пра яе казаць.
Адносна тых, што звонку, паступайце мудра, здабываючы час.
У мудрасьці хадзіце з тымі, што вонкі, выкупляючы час.
Слова ваша хай будзе заўсёды ласкавае, прыпраўленае соллю, каб вы ведалі, як што каму належыць адказаць.
Слова вашае [няхай будзе] заўсёды ў ласцы [Божай], прыпраўленае сольлю, каб вы ведалі, як кожнаму адказаць.
Пра мяне ўсё вам раскажа Тыхік, найдаражэйшы брат, і верны паслугач, і супрацоўнік у Госпадзе,
Пра мяне ўсё паведаміць вам Тыхік, улюбёны брат, і верны служыцель, і таварыш у Госпадзе,
якога я паслаў да вас для таго, каб вы даведаліся, як нашы справы, і ўсцешыліся сэрцамі вашымі,
якога я паслаў да вас дзеля таго, каб мне даведацца, што ў вас, і ён пацешыў сэрцы вашыя,
разам з Анісімам, улюбёным і верным братам, які з вашых; усё, што тут робіцца, яны раскажуць вам.
разам з Анісімам, верным і ўлюбёным братам, які з вашых. Яны паведамяць вам усё, што тут [робіцца].
Вітае вас Арыстарх, вязень разам са мной, і Марк, сваяк Барнабы, — адносна якога вы ўжо атрымалі даручэнні: калі прыбудзе да вас, прыміце яго, —
Вітае вас Арыстарх, вязень са мною, і Марк, пляменьнік Барнабы, пра якога вы атрымалі прыказаньне: калі ён прыйдзе да вас, прыйміце яго,
і Ісус, называны Юстам, які з абрэзаных; толькі яны адны — супрацоўнікі для Валадарства Божага, якія былі мне пацехаю.
і Ісус, называны Юстам, якія з абрэзаных. Яны — адзіныя супрацоўнікі дзеля Валадарства Божага, якія былі мне суцяшэньнем.
Вітае вас Эпафрас, які з вашых, паслугач Хрыста Ісуса, заўсёды руплівы ў малітвах за вас, каб устаялі вы дасканалымі і напоўніліся ўсякай воляй Божай.
Вітае вас Эпафрас, які з вашых, слуга Хрыста, які заўсёды змагаецца за вас у малітвах, каб вы стаялі дасканалымі і напоўненымі ўсякай воляй Божай.
Сведчу вам адносна яго, што ён мае вялікую рупнасць аб вас і аб тых, якія ў Лаадыцэі і Герапалісе.
Бо сьведчу пра яго, што мае вялікую руплівасьць адносна вас і тых, што ў Ляадыкеі і Гераполі.
Вітае вас Лука, лекар найдаражэйшы, і Дэмас.
Вітае вас Лука, лекар улюбёны, і Дымас.
Прывітайце братоў, якія ёсць у Лаадыцэі, і Німфана, і царкву ў яго доме.
Прывітайце братоў у Ляадыкеі, і Німфана, і царкву ў доме ягоным.
І калі гэты ліст будзе прачытаны ў вас, зрабіце, каб і ў царкве Лаадыцэйскай быў ён прачытаны, а той, што з Лаадыцэі, прачытайце і вы.
І калі гэтае пасланьне будзе прачытана ў вас, зрабіце, каб яно было прачытана ў Ляадыкейскай царкве; і тое, якое з Ляадыкеі, прачытайце і вы.
І скажыце Архіпу: «Глядзі, каб выканаў паслугу, якую атрымаў ад Госпада».
І скажыце Архіпу: «Зважай на служэньне, якое ты атрымаў у Госпадзе, каб табе споўніць яго».
Прывітанне маёю рукой, Паўлавай. Памятайце пра кайданы мае. Ласка з вамі. Амін.
Прывітаньне маёю рукою, Паўлаваю. Памятайце пра путы мае. Ласка з вамі. Амэн.