Да Каласянаў 4 разьдзел

Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Гаспадары, аддавайце нявольнікам справядліва і па праве, ведаючы, што і вы маеце Госпада ў нябёсах.
 
Гаспадарове, справядліва й пасьціва із слугамі абходзьцеся, ведаючы, што й вы маеце Гаспадара ў нябёсах.

Трывайце ў малітве, чувайце ў ёй з падзякаю,
 
Трывайце ў малітве, будучы чукавымі ў ёй з падзякаю;

молячыся поруч і за нас, каб Бог адчыніў нам дзверы слова, каб выказаць таямніцу Хрыстову, дзеля якой я стаўся вязнем,
 
Маліцеся заразом і за нас, каб Бог адчыніў нам дзьверы слова казаць тайну Хрыстову, за каторую я спутаны,

каб выявіць яе, як мне належыць гаварыць.
 
Каб я аб’яўляў яе, як належа казаць.

Адносна тых, што звонку, паступайце мудра, здабываючы час.
 
З навоннымі абходзьцеся мудра, карыстаючы з прыгоднага часу.

Слова ваша хай будзе заўсёды ласкавае, прыпраўленае соллю, каб вы ведалі, як што каму належыць адказаць.
 
Няхай слова ваша заўсёды будзе ў ласцы, закрашана сольлю, каб вы ведалі, як адказаваць кажнаму.

Пра мяне ўсё вам раскажа Тыхік, найдаражэйшы брат, і верны паслугач, і супрацоўнік у Госпадзе,
 
Празь мяне паведаме вам усе Тыхік, умілаваны брат а верны слугачы а сунявольнік у Спадару,

якога я паслаў да вас для таго, каб вы даведаліся, як нашы справы, і ўсцешыліся сэрцамі вашымі,
 
Каторага я паслаў да вас дзеля тога самага, каб вы даведаліся, як мы маемся, і каб пацешыў сэрцы вашыя,

разам з Анісімам, улюбёным і верным братам, які з вашых; усё, што тут робіцца, яны раскажуць вам.
 
З Анісімам, верным а ўмілаваным братам, каторы з вас. Яны накажуць вам праз усе туташняе.

Вітае вас Арыстарх, вязень разам са мной, і Марк, сваяк Барнабы, — адносна якога вы ўжо атрымалі даручэнні: калі прыбудзе да вас, прыміце яго, —
 
Здаровае вас Арыстарх, сувязень мой, а Марка, сястрыч Варнавы (праз каторага вы адзяржалі паручэньне: як прыйдзе да вас, прыміце яго),

і Ісус, называны Юстам, які з абрэзаных; толькі яны адны — супрацоўнікі для Валадарства Божага, якія былі мне пацехаю.
 
А Ісус, званы Юстам, каторыя з абразаньня. Гэта адзіныя супрацаўні дзеля гаспадарства Божага, што былі пацехаю імне.

Вітае вас Эпафрас, які з вашых, паслугач Хрыста Ісуса, заўсёды руплівы ў малітвах за вас, каб устаялі вы дасканалымі і напоўніліся ўсякай воляй Божай.
 
Здаровае вас Епафра, з вас, нявольнік Хрыста Ісуса, што заўсёды змагаецца за вас у малітвах, каб трывалі дасканальныя й супоўна пераканаўшыся ў вусёй волі Божай.

Сведчу вам адносна яго, што ён мае вялікую рупнасць аб вас і аб тых, якія ў Лаадыцэі і Герапалісе.
 
Сьветчу празь яго, што ён мае вялікую рупатлівасьць праз вас і тых, што ў Ляодыццы а ў Гіераполю.

Вітае вас Лука, лекар найдаражэйшы, і Дэмас.
 
Здаровае вас Лука, лекар умілаваны, а Дзімас.

Прывітайце братоў, якія ёсць у Лаадыцэі, і Німфана, і царкву ў яго доме.
 
Паздароўце братоў у Ляодыццы а Німфу а Царкву, што ў доме ягоным.

І калі гэты ліст будзе прачытаны ў вас, зрабіце, каб і ў царкве Лаадыцэйскай быў ён прачытаны, а той, што з Лаадыцэі, прачытайце і вы.
 
Як толькі ліст гэты будзе прачытаны ў вас, парупцеся, каб ён быў прачытаны і ў Царкве Ляодыцкай, і каб вы таксама прачыталі, каторы зь Ляодыкі.

І скажыце Архіпу: «Глядзі, каб выканаў паслугу, якую атрымаў ад Госпада».
 
І скажыце Архіпу: «Глядзі, каб ты выпаўніў службу, каторую ты прыняў у Спадару».

Прывітанне маёю рукой, Паўлавай. Памятайце пра кайданы мае. Ласка з вамі. Амін.
 
Здарованьне рукою маёй Паўлавай. Памятуйце на путы мае. Ласка з вамі.