Да Каласянаў 3 разьдзел

Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Яна Станкевіча

 
 

Дык калі вы ўваскрэслі з Хрыстом, шукайце таго, што ўгары ёсць, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога;
 
Значыцца, калі вы суўскрэсьлі з Хрыстом, дык шукайце гарыннага, ідзе Хрыстос сядзіць паправе Бога.

пра ўзгорнае думайце, а не пра зямное.
 
Праз гарыннае думайце, а не празь земнае.

Бо вы — памерлыя, і жыццё ваша пахавана з Хрыстом у Богу!
 
Бо вы памерлі, і жыцьцё ваша схавана з Хрыстом у Богу.

Калі аб’явіцца Хрыстос, жыццё ваша, тады і вы аб’явіцеся з Ім у славе.
 
Як жа Хрыстос зьявіцца, жыцьцё нашае, тады й вы зьявіцеся зь Ім у славе.

Дык мярцвіце члены вашыя, што на зямлі: распусту, нячыстасць, чужаложства, ліхія пажаданні і сквапнасць, якая ёсць балванапаклонства,
 
Дык памярцьвіце земныя чаланы вашыя: бязулства, нечысьціню, жарсьць, нягодную жадлівасьць а гальлівасьць, каторая балвахвалства,

праз якія надыходзіць гнеў Божы на дзяцей нявер’я,
 
За каторыя гнеў Божы прыйдзе на сыноў непаслухменства,

сярод якіх і вы калісьці жылі, калі былі між імі.
 
У каторых вы калісь абарачаліся, як жылі ў іх.

Але цяпер адкіньце і вы ўсё: гнеў, мсцівасць, злосць, блюзненні і брыдкія словы з вуснаў вашых.
 
Але цяпер і вы адкладзіце ўсе: абурэньне, гнеў, злоснасьць, блявузґаньне, брыдкую мову з вуснаў сваіх.

Не хлусіце адзін аднаму вы, што скінулі з сябе старога чалавека з яго ўчынкамі
 
Не маніце адны адным, зьдзеўшы старую людзіну з учынкамі ейнымі,

і апрануліся ў новага, які несупынна аднаўляецца ў пазнанні па ўзоры Таго, Які яго стварыў,
 
І адзеўшыся ў новую, што аднаўляецца ў супоўным знацьцю подле абраза Таго, Каторы стварыў яе,

дзе ўжо няма грэка і юдэя, абразання і неабразання, іншаземца, скіфа, нявольніка і вольнага, але ўсё і ва ўсім Хрыстос.
 
Ідзе няма Грэка ані Жыда, абразаньня ані неабразаньня, барбара, ськіта, нявольніка, вольніка, але ўсе і ў вусім Хрыстос.

Дык апраніцеся як выбраннікі Божыя, святыя і ўлюбёныя, у сэрца спагаднае, ласкавасць, пакорлівасць, сціпласць, доўгацярплівасць,
 
Дык адзеньцеся, як абранцы Божыя, сьвятыя а любовыя, у нутр міласэрдзя, дабрыню, пакору, лагоднасьць, цярплівосьць,

церпячы адны адных і прабачаючы адны адным, калі хто да каго мае жаль; як Хрыстос дараваў вам, так і вы.
 
Маючы выбачнасьць адно аднаму і даруючы адно аднаму, калі хто мае жалабу на каго: як Хрыстос, запраўды дараваў вам, таксама й вы.

А па-над усё апраніцеся ў любоў, якая ёсць сукупнасць дасканаласці.
 
А над усім гэтым майце любосьць, каторая ё зьвязак дасканальнасьці.

І супакой Бога, да якога вы і пакліканы ў адным целе, хай пануе ў сэрцах вашых. І будзьце ўдзячныя.
 
І няхай супакой Хрыстоў мае правод у сэрцах вашых, да каторага вы й пагуканы ў вадным целе, і будзьце ўдзячныя.

Хай шчодра прабывае ў вас слова Хрыста, каб з усёю мудрасцю адны адных навучалі і настаўлялі ды каб з удзячнасцю Госпаду ў сэрцах вашых спявалі вы псальмы, гімны і песні духоўныя.
 
Слова Хрыстова няхай жыхара ў вас багата, з усёй мудрасьцяй, навучаючы а дамяняючы адно аднаму псальмамі, гімнамі, духоўнымі песьнямі, з ласкаю пяючы ў сэрцах сваіх Богу.

І ўсё, што робіце словам ці дзеяннем, усё ў імя Госпада Ісуса, дзякуючы праз Яго Богу і Айцу.
 
І што-колечы вы робіце словам альбо ўчынкам, рабіце ўсе ў імя Спадара Ісуса, дзякуючы перазь Яго Богу Айцу.

Жонкі, будзьце паслухмянымі сваім мужам, як належыць у Госпадзе.
 
Жонкі, будзьце падданыя мужом, як прыходна ў Спадару.

Мужы, любіце жонак і не будзьце для іх прыкрымі.
 
Мужы, любіце жонкі свае і не дапушчайце да сябе гарчэлі да іх.

Дзеці, слухайце бацькоў ва ўсім, бо гэта падабаецца Госпаду.
 
Дзеці, слухайце бацькоў сваіх у вусім, бо гэта люба Спадару.

Бацькі, не раздражняйце дзяцей вашых, каб яны не слабелі духам.
 
Бацькі, не квяліце дзяцей сваіх, каб яны не безахоціліся.

Нявольнікі, слухайцеся ва ўсім гаспадароў цялесных, не на вачах служачы, як дагаджаючы людзям, але ў прастаце сэрца, баючыся Бога.
 
Слугі, слухайце ў вусім гаспадароў сваіх подле цела, ня дзеля вока, як угоднікі людзкія, але ў прасьціні сэрца, баючыся Спадара.

Усё, што ні робіце, ад душы рабіце, як Богу, а не людзям,
 
Што-колечы робіце, рабіце шчыра, як Спадару, а ня людзём,

ведаючы, што ў Госпада атрымаеце ва ўзнагароду спадчыну, бо вы служыце Госпаду Хрысту.
 
Ведаючы, што ад Спадара адзяржыце заплату спадку: Спадару Хрысту вы служыце.

Хто чыніць несправядлівасць, атрымае тое, што зрабіў нягодна, бо [ў Бога] няма зважання на асобы.
 
Бо крыўднік адзяржыць подле тога, што ён крыўдзіў, бо няма прыяньня асобам.