Да Каласянаў 3 разьдзел
Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Яна Станкевіча
Дык вось, калі вы ўваскрэслі з Хрыстом, то шукайце вы́шняга, дзе Хрыстос сядзіць праваруч Бога;
Значыцца, калі вы суўскрэсьлі з Хрыстом, дык шукайце гарыннага, ідзе Хрыстос сядзіць паправе Бога.
пра вы́шняе думайце, а не пра зямное.
Праз гарыннае думайце, а не празь земнае.
Бо вы памерлі, і жыццё ваша схавана з Хрыстом у Богу;
Бо вы памерлі, і жыцьцё ваша схавана з Хрыстом у Богу.
калі я́віцца Хрыстос, жыццё ваша, тады і вы будзеце я́ўлены з Ім у славе.
Як жа Хрыстос зьявіцца, жыцьцё нашае, тады й вы зьявіцеся зь Ім у славе.
Дык умярцвіце зямныя члены вашы: блуд, нечыстату, страсць, ліхую пажадлівасць і хцівасць, якая з’яўля́ецца ідаласлужэ́ннем, —
Дык памярцьвіце земныя чаланы вашыя: бязулства, нечысьціню, жарсьць, нягодную жадлівасьць а гальлівасьць, каторая балвахвалства,
за гэта прыходзіць гнеў Божы на сыноў праціўле́ння;
За каторыя гнеў Божы прыйдзе на сыноў непаслухменства,
гэта і вы не́калі рабілі, калі жылí сярод іх.
У каторых вы калісь абарачаліся, як жылі ў іх.
Цяпер жа вы адкíньце ўсё: гнеў, ярасць, злосць, блюзнерства, брыдкаслоўе вуснаў вашых;
Але цяпер і вы адкладзіце ўсе: абурэньне, гнеў, злоснасьць, блявузґаньне, брыдкую мову з вуснаў сваіх.
не лжы́це адно аднаму, бо вы знялí з сябе старога чалавека з учы́нкамі яго
Не маніце адны адным, зьдзеўшы старую людзіну з учынкамі ейнымі,
і апрану́ліся ў новага, які абнаўляецца дзеля пазнання паводле вобраза Стваральніка яго,
І адзеўшыся ў новую, што аднаўляецца ў супоўным знацьцю подле абраза Таго, Каторы стварыў яе,
дзе няма ні Эліна, ні Іудзея, ні абрэ́зання, ні неабрэ́зання, ні ва́рвара, ні Скіфа, ні раба, ні свабоднага, а ўсё і ва ўсім — Хрыстос.
Ідзе няма Грэка ані Жыда, абразаньня ані неабразаньня, барбара, ськіта, нявольніка, вольніка, але ўсе і ў вусім Хрыстос.
Дык апранíцеся як абра́ннікі Божыя, святы́я і ўзлю́бленыя, у сардэчную спага́длівасць, добрасць, пакорнаму́драсць, лагоднасць, доўгацярплíвасць,
Дык адзеньцеся, як абранцы Божыя, сьвятыя а любовыя, у нутр міласэрдзя, дабрыню, пакору, лагоднасьць, цярплівосьць,
ста́вячыся цярпліва адно да аднаго і прабача́ючы ўзаемна, калі хто на каго ма́е кры́ўду: як Хрыстос праба́чыў вам, так і вы.
Маючы выбачнасьць адно аднаму і даруючы адно аднаму, калі хто мае жалабу на каго: як Хрыстос, запраўды дараваў вам, таксама й вы.
А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая з’яўляецца суку́пнасцю даскана́ласці;
А над усім гэтым майце любосьць, каторая ё зьвязак дасканальнасьці.
і няхай валада́рыць у сэ́рцах вашых мір Божы, да якога вы і пакліканы ў адным целе; і будзьце ўдзячнымі.
І няхай супакой Хрыстоў мае правод у сэрцах вашых, да каторага вы й пагуканы ў вадным целе, і будзьце ўдзячныя.
Слова Хрыстова няхай жыве ў вас ва ўсім яго багацці, з усякаю мудрасцю; навучайце і настаўляйце на розум адно аднаго псалмамі, і гімнамі, і песнямі духоўнымі, з удзячнасцю спяваючы ў сэрцах вашых Госпаду.
Слова Хрыстова няхай жыхара ў вас багата, з усёй мудрасьцяй, навучаючы а дамяняючы адно аднаму псальмамі, гімнамі, духоўнымі песьнямі, з ласкаю пяючы ў сэрцах сваіх Богу.
І ўсё, што б вы ні рабілі словам ці ўчынкам, усё рабіце ў імя Госпада Іісуса Хрыста, дзя́куючы Богу і Айцу праз Яго.
І што-колечы вы робіце словам альбо ўчынкам, рабіце ўсе ў імя Спадара Ісуса, дзякуючы перазь Яго Богу Айцу.
Жонкі, падпарадко́ўвайцеся сваім мужам, як нале́жыць у Госпадзе.
Жонкі, будзьце падданыя мужом, як прыходна ў Спадару.
Мужы́, любíце жонак вашых і не будзьце жорсткімі да іх.
Мужы, любіце жонкі свае і не дапушчайце да сябе гарчэлі да іх.
Дзеці, слухайцеся бацькоў ва ўсім, бо гэта ўгодна Госпаду.
Дзеці, слухайце бацькоў сваіх у вусім, бо гэта люба Спадару.
Бацькі, не раздражня́йце дзяцей вашых, каб яны не па́далі духам.
Бацькі, не квяліце дзяцей сваіх, каб яны не безахоціліся.
Рабы, ва ўсім слу́хайцеся гаспадароў вашых па плоці, не напаказ слу́жачы, як чалавекаўго́днікі, а ў шчы́расці сэ́рца, баючы́ся Бога.
Слугі, слухайце ў вусім гаспадароў сваіх подле цела, ня дзеля вока, як угоднікі людзкія, але ў прасьціні сэрца, баючыся Спадара.
І ўсё, што б ні рабілі вы, рабіце ад душы́, як для Госпада, а не як для людзей,
Што-колечы робіце, рабіце шчыра, як Спадару, а ня людзём,
ведаючы, што ад Госпада ва ўзнагароду атрыма́еце спадчыну, бо вы слу́жыце Госпаду Хрысту.
Ведаючы, што ад Спадара адзяржыце заплату спадку: Спадару Хрысту вы служыце.
А хто няпра́веднае чы́ніць, той атрыма́е паводле сваёй няпра́веднасці, без зважа́ння на асобу.
Бо крыўднік адзяржыць подле тога, што ён крыўдзіў, бо няма прыяньня асобам.