Да Каласянаў 4 разьдзел

Пасланьне да Каласянаў
Пераклад Праваслаўнай Царквы → Пераклад Антонія Бокуна

 
 

Гаспадары́, абыхо́дзьцеся з рабамі па праўдзе і справядлівасці, ведаючы, што і вы маеце Госпада на нябёсах.
 
Паны, давайце слугам тое, што справядліва і што адпаведна, ведаючы, што і вы маеце Госпада ў небе.

Будзьце пастаяннымі ў малітве, трыва́ючы ў ёй з удзячнасцю;
 
Трывайце ў малітве, чуваючы ў ёй з падзякаю;

маліцеся таксама і за нас, каб Бог адчыніў нам дзверы для слова — абвяшча́ць тайну Хрыстову, за якую я і зняво́лены,
 
молячыся таксама і за нас, каб Бог адчыніў нам дзьверы слова абвяшчаць тайну Хрыстовую, дзеля якой я зьвязаны,

каб я вы́казаў яе ясна, як нале́жыць мне абвяшчаць.
 
каб я выявіў яе так, як мушу пра яе казаць.

Са зне́шнімі абыхо́дзьцеся мудра, суадно́сячыся з ча́сам.
 
У мудрасьці хадзіце з тымі, што вонкі, выкупляючы час.

Слова ваша няхай будзе заўсёды з благадаццю, прыпра́ўленае соллю, каб вы ведалі, як трэба адказваць кожнаму.
 
Слова вашае [няхай будзе] заўсёды ў ласцы [Божай], прыпраўленае сольлю, каб вы ведалі, як кожнаму адказаць.

Пра мяне ўсё раскажа вам Ціхік, узлюблены брат і верны служыцель і супрацоўнік у Госпадзе;
 
Пра мяне ўсё паведаміць вам Тыхік, улюбёны брат, і верны служыцель, і таварыш у Госпадзе,

яго я паслаў да вас для таго, уласна, каб ён даведаўся пра вашы справы і суце́шыў сэрцы вашы,
 
якога я паслаў да вас дзеля таго, каб мне даведацца, што ў вас, і ён пацешыў сэрцы вашыя,

разам з Анісімам, верным і ўзлю́бленым бра́там, які ад вас: яны раскажуць вам пра ўсё што тут робіцца.
 
разам з Анісімам, верным і ўлюбёным братам, які з вашых. Яны паведамяць вам усё, што тут [робіцца].

Вітае вас Арыстарх, зняво́лены разам са мною, і Марк, родзіч Варнавы, — наконт якога вы атрыма́лі наказы: калі прыйдзе да вас, прымíце яго, —
 
Вітае вас Арыстарх, вязень са мною, і Марк, пляменьнік Барнабы, пра якога вы атрымалі прыказаньне: калі ён прыйдзе да вас, прыйміце яго,

таксама Іісус, называ́ны Іустам, якія паходзяць з абрэ́заных; гэта адзіныя супрацоўнікі для Царства Божага, якія былí мне суцяшэ́ннем.
 
і Ісус, называны Юстам, якія з абрэзаных. Яны — адзіныя супрацоўнікі дзеля Валадарства Божага, якія былі мне суцяшэньнем.

Вітае вас Эпафрас, які з вашых, раб Іісуса Хрыста, які заўсёды падзвіза́ецца ў малітвах за вас, каб вы былі дасканалыя і напоўненыя ўсім, што даспадобы Богу.
 
Вітае вас Эпафрас, які з вашых, слуга Хрыста, які заўсёды змагаецца за вас у малітвах, каб вы стаялі дасканалымі і напоўненымі ўсякай воляй Божай.

Све́дчу пра яго, што ён праяўляе вялікую руплíвасць за вас і за тых, хто ў Лаадыкіі і ў Іерапалі.
 
Бо сьведчу пра яго, што мае вялікую руплівасьць адносна вас і тых, што ў Ляадыкеі і Гераполі.

Вітае вас Лука, лекар узлю́блены, і Дзімас.
 
Вітае вас Лука, лекар улюбёны, і Дымас.

Вітайце братоў у Лаадыкіі, і Німфана, і дамашнюю царкву яго.
 
Прывітайце братоў у Ляадыкеі, і Німфана, і царкву ў доме ягоным.

І калі гэтае пасланне будзе прачы́тана ў вас, зрабіце так, каб яно было прачы́тана і ў Лаадыкійскай царкве; а тое, што з Лаадыкіі, каб і вы прачыталі.
 
І калі гэтае пасланьне будзе прачытана ў вас, зрабіце, каб яно было прачытана ў Ляадыкейскай царкве; і тое, якое з Ляадыкеі, прачытайце і вы.

І скажыце Архіпу: будзь уважлівы да служэння, якое ты прыня́ў у Госпадзе, каб табе вы́канаць яго.
 
І скажыце Архіпу: «Зважай на служэньне, якое ты атрымаў у Госпадзе, каб табе споўніць яго».

Прывітанне маёю рукою, Паўлаваю. Памятайце пра мае аковы. Благадаць з усімі вамі. Амінь.
 
Прывітаньне маёю рукою, Паўлаваю. Памятайце пра путы мае. Ласка з вамі. Амэн.