Ераміі 17 разьдзел

Кніга прарока Ераміі
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага — арыгінал

 
 

Грэх Юды запісаны жалезным пяром, высечаны дыяментавым лязом на табліцы сэрцаў іх і на рагах ахвярнікаў іх,
 

каб памяталі сыны іх пра ахвярнікі свае і пра ідалаў сваіх каля дрэў зялёных на высокіх узгорках, на гарах у полі.
 

«Багацце тваё, усе скарбы твае Я аддам на разрабаванне, і вышыні твае — за грахі ва ўсіх межах тваіх.
 

І пакінеш ты спадчыну тваю, якую даў Я табе; і ўчыню, каб служыў ты ворагам сваім, у зямлі, якой не ведаеш, бо вы распалілі агонь у сэрцы Маім, і будзе ён гарэць вечна».
 

Гэта кажа Госпад: «Пракляты чалавек, які спадзяецца на чалавека і які робіць цела апораю сваёй, а ад Госпада адварочваецца сэрца яго!
 

Ён будзе падобны да тамарыска на пустэчы, і не ўбачыць ён, калі прыходзіць дабро. Ён будзе жыць на сухім месцы ў пустыні, на зямлі салёнай і бязлюднай.
 

Дабраславёны чалавек, які спадзяецца на Госпада; і Госпад будзе надзеяй яго;
 

і будзе ён падобны да дрэва, якое пасаджана над вадою, якое пускае карані свае да струменяў, і не будзе баяцца, калі прыйдзе спякота, і лістота яго будзе зялёнай, і ў год засухі не будзе непакоіцца, і не перастане даваць плады».
 

«Сэрца чалавека здрадлівае больш за ўсё астатняе і не даецца вылечыць, хто спазнае яго?
 

Я, Госпад, даследую сэрца і прасочваю ныркі, Я даю кожнаму паводле шляху яго і паводле пладоў учынкаў яго».
 

«Курапатка выседжвае яйкі, якіх не знесла, такі ж самы і той, хто збірае багацце няпраўдаю. У сярэдзіне дзён сваіх ён пакіне яго, і ў апошнія дні свае стане неразумным.
 

Пасад славы, узвышаны спрадвеку, — месца святыні нашай!
 

Надзея Ізраэля, Госпадзе, усе, што Цябе пакідаюць, — асаромяцца, а тыя, што адварочваюцца ад Цябе, будуць запісаныя на зямлі, бо пакінулі Госпада, крыніцу жывое вады.
 

Аздараві мяне, Госпадзе, і стануся здаровым, збаў мяне, і буду збаўлены! Бо Ты — слава мая!»
 

Вось, тыя кажуць мне: «Дзе слова Госпада? Хай яно прыйдзе».
 

Я не спяшаўся быць пастарам у Цябе і не прагнуў дня знішчэння, Ты ведаеш: усё, што выйшла з вуснаў маіх, не было схавана перад Табою.
 

Не будзь для мяне страхам, Ты, прыстанішча маё ў дзень няшчасця!
 

Хай будуць пасаромлены тыя, якія пераследуюць мяне, а я хай не буду пасаромлены; хай яны баяцца, а я хай не буду баяцца, спашлі на іх дзень няшчасця ды падвойным уціскам пакарай іх.
 

Гэта Госпад сказаў мне: «Ідзі і стой у браме сыноў народа, праз якую ўваходзяць цары Юды і выходзяць, ды ва ўсіх брамах Ерузаліма.
 

Ды кажы ім: “Слухайце слова Госпада, цары Юды, і ўся Юдэя, і ўсе жыхары Ерузаліма, якія ўваходзіце праз гэтыя брамы.
 

Гэта кажа Госпад: “Пільнуйце душы вашы і не насіце цяжару ў дзень суботы ды не ўносьце праз брамы Ерузаліма.
 

І не выносьце цяжараў з сваіх дамоў у дзень суботы, і не рабіце ніякай работы: святкуйце дзень суботы, як загадаў Я бацькам вашым”».
 

«Але яны не слухалі, і не прыхілілі вуха сваё, але зрабілі цвёрдым карак свой, каб не слухаць Мяне і не ўспрымаць павучанне.
 

І станецца, калі будзеце слухаць Мяне, — кажа Госпад, — каб не ўносілі цяжараў праз брамы горада гэтага ў дзень суботы, і каб святкавалі дзень суботы, ды не рабілі аніякае работы,
 

будуць уваходзіць праз брамы гэтага горада цары і князі, якія сядзяць на пасадзе Давіда ды ездзяць на падводах і конях, самі і князі іх, мужы Юдэі і жыхары Ерузаліма, а горад гэты будзе абжыты вечна.
 

І будуць прыходзіць з гарадоў Юды ды з ваколіц Ерузаліма, і з зямлі Бэньяміна, і з Сэфэлі, і з гор, і з Нагэба, прыносячы ахвяры цэласпалення, ахвяры крывавыя, ахвяры хлебныя і кадзіла, і прынясуць ахвяру падзякі ў дом Госпада.
 

А калі Мяне не паслухаеце, каб святкаваць дзень суботы, каб устрымацца ад нясення цяжараў, уваходзячы брамамі Ерузаліма ў дзень суботы, Я запалю агонь у яго брамах, і ён праглыне дамы Ерузаліма ды не згасне».