2 летапісаў 17 разьдзел
Другая кніга летапісаў
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Цараваў жа Язафат, сын яго, на месцы яго, ды ўмацаваўся ён супраць Ізраэля.
І паставіў ён войска ва ўсіх гарадах Юдэі, якія былі абкружаны мурамі; і размясціў на зямлі Юдэі гарнізоны, а таксама ў гарадах Эфраіма, якія здабыў Аса, бацька яго.
І Госпад быў з Язафатам, бо хадзіў ён першымі дарогамі бацькі свайго ды не ўскладаў надзею на Баалаў,
але на Бога бацькі свайго, і па прыказаннях Яго паступаў, і не паводле грахоў Ізраэля.
І ўмацаваў Госпад царства ў яго руцэ, дый уся Юдэя давала дары Язафату; і нажыў ён бязмежныя багацці і вялікую славу.
І калі сэрца яго набралася адвагі дзеля дарог Госпада, ён таксама выдаліў узгоркі і слупы з Юдэі.
А на трэці год валадарання свайго паслаў князёў сваіх: Бэнгайла, і Абдзію, і Захарыю, і Натанаэля і Міхея, каб навучалі ў гарадах Юдэі,
а з імі левітаў: Сямэю, і Натанію, і Забадзію, таксама Асаэля, і Сэмірамота, і Ёнатана, і Адонію ды Тобію — левітаў, і з імі святароў: Элісаму і Ёрама.
Вучылі яны ў Юдэі, маючы кнігу закону Госпадава, і абышлі ўсе гарады Юдэі, і навучалі народ.
Такім чынам, ажыў страх Госпадаў па ўсіх царствах земляў, што былі вакол Юдэі, і не адважваліся ваяваць супраць Язафата.
Але і ад філістынцаў прыносілі дары Язафату і даніну срэбрам; таксама арабы прыводзілі статкі бараноў у сем тысяч семсот, ды столькі ж казлоў.
Дык узрос Язафат, і праславіўся аж да неба, і пабудаваў у Юдэі замкі і гарады складаў.
І многа было ў яго пад рукою запасаў у гарадах Юдэі; таксама былі ў Ерузаліме баявыя ваяры і асілкі,
лік якіх паводле іх пакаленняў: у Юды кіраўнікамі войска былі: кіраўнік Эдна, і з ім трыста тысяч найдужэйшых ваяроў,
і на яго баку Ёганан кіраўнік, і з ім дзвесце восемдзесят тысяч чалавек,
таксама на яго баку Амасія, сын Зэхры, прысвечаны Госпаду, і з ім дзвесце тысяч мужных ваяроў.
А ад Бэньяміна мужны ў баях Эліяда, і з ім дзвесце тысяч лучнікаў і шчытаносцаў,
і на яго баку Ёзабад, і з ім сто восемдзесят тысяч спрактыкаваных ваяроў.
Яны ўсе былі пад рукой цара, за выключэннем тых, якіх ён размясціў ва ўмацаваных гарадах па ўсёй зямлі Юдэі.