Другі закон 1 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Гэта словы, якія прамаўляў Майсей да ўсяго Ізраэля за Ярданам у пустыні, у Арабе насупраць Суфа, паміж Паранам, і Тафелам, і Лабанам, і Асэротам, і Дызагабам,
Гэтымі словамі прамаўляў Майсей да ўсяго Ізраэля за Ярданам у пустыні, у Арабе насупраць Суфу, паміж Паранам, Тафелем, Лябанам, Хацэротам і Дызагабам,
на адлегласці ў адзінаццаць дзён дарогі ад Гарэба да Кадэс-Барнэ праз горы Сэір.
на адлегласьці ў адзінаццаць дзён дарогі ад Гарэбу да Кадэш-Барнэа праз горы Сэір.
У саракавым годзе, у адзінаццатым месяцы, у першы дзень месяца сказаў Майсей сынам Ізраэля ўсё, што яму Госпад загадаў, каб ён сказаў ім.
У саракавым годзе, у адзінаццатым месяцы, у першы дзень месяца сказаў Майсей сынам Ізраэля ўсё, што яму Госпад даручыў сказаць ім.
Пасля таго, як ён забіў Сэгона, цара амарэяў, які жыў у Хесебоне, і Ога, цара Басана, які жыў у Астароце і ў Эдраі,
Па перамозе над Сыгонам, каралём Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне, і Огам, каралём Башану, каторы пражываў у Аштароце ў Эдрэі,
за Ярданам, у зямлі Мааба, пачаў Майсей тлумачыць закон гэты і казаць:
за Ярданам, у зямлі Маабу, пачаў Майсей тлумачыць закон гэты і казаць:
«Госпад, Бог наш, прамаўляў да нас на Гарэбе, кажучы: “Досыць ужо вам быць на гэтай гары.
«Госпад, Бог наш, гаварыў да нас на Гарэбе, кажучы: Досыць ужо вам быць на гэтай гары.
Абярніцеся і выберыцеся, і ідзіце на гару амарэяў і да ўсіх суседзяў іх: у Арабе, і ў гарах, і ў Сэфэле, і ў Нагэбе, і на марскім узбярэжжы; у зямлю хананеяў, і ў Лібан, аж да вялікай ракі Эўфрат.
Завярніцеся і вырушыце, і ідзіце на гару Амарэйцаў і да ўсіх суседзяў іхніх, у Арабу, у горы і ў даліны, і ў Нэгэб, і на бераг мора, і ў зямлю Хананейцаў, і ў Лібан, аж да вялікай ракі Эўфрат.
Вось, кажа, Я даю вам гэтую зямлю. Ідзіце, вазьміце яе ва ўласнасць, бо яе паабяцаў Госпад бацькам вашым Абрагаму, Ізааку і Якубу, што аддасць яе ім і іх нашчадкам пасля іх”».
Глядзіце, вось Я даю вам гэтую зямлю. Ідзіце, вазьміце яе на ўласнасьць, бо яе запрысяг Госпад аддаць Абрагаму, Ізааку і Якубу, і патомству іхняму па іх».
І сказаў ён ім у той час: «Не магу я адзін весці вас;
Вось жа сказаў я вам ў той час: «Не магу я адзін весьці вас;
Госпад, Бог ваш, памножыў вас, і сёння вас так многа, як зорак у небе.
Госпад, Бог ваш, памножыў вас, і сягоньня вас так многа, як зорак у небе.
Дык хай Госпад, Бог бацькоў вашых, дадасць да гэтай лічбы многія тысячы і дабраславіць вас, як Ён гаварыў вам.
Дык хай Госпад, Бог бацькоў вашых, дадасьць да гэтай лічбы ў тысячу разоў і дабраславіць вас, як Ён абяцаў вам.
Не магу я адзін забяспечыць вашы патрэбы, пераносіць вашы цяжары і спрэчкі.
Не магу я адзін забясьпечыць вашыя патрэбы, пераносіць вашыя цяжары і спрэчкі.
Абярыце сабе людзей мудрых і богабаязных, лад жыцця якіх выпрабаваны ў пакаленнях вашых, і я пастаўлю іх кіраўнікамі вашымі».
Выбярыце сабе ў пакаленьнях вашых людзей мудрых, разумных і выспрабаваных, і я пастаўлю іх начальнікамі вашымі».
Тады адказалі вы мне: «Добрая гэта рэч, што ты хочаш зрабіць».
Тады адказалі вы мне: «Добрае гэта, што ты хочаш зрабіць».
Дык выбраў я тады з вашых пакаленняў мужоў мудрых і выпрабаваных, і паставіў іх князямі над вамі: тысячнікамі, сотнікамі, кіраўнікамі над пяццюдзесяццю, кіраўнікамі над дзесяццю і загадчыкамі працы для пакаленняў вашых.
Дык выбраў я тады з вашых пакаленьняў начальнікаў, мужоў справядлівых і паважаных, і паставіў іх начальнікамі над вамі: тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзесятнікамі, дзесятнікамі і загадчыкамі працы для пакаленьняў вашых.
У той час загадаў я суддзям вашым: «Слухайце справу братоў вашых і судзіце справядліва, — суайчыннік ён ці прыбылец.
У той час загадаў я судзьдзям вашым: «Слухайце справу братоў вашых і судзіце справядліва як брата, так і чужынца.
Не глядзіце на асобу на судзе: выслухайце як вялікага, так і малога, не бойцеся ніводнай асобы, бо гэта суд Божы. А калі б якая справа падавалася вам цяжкай, скіроўвайце да мяне, і я выслухаю».
Не глядзіце на асобу на судзе: выслухайце як вялікага, так і малога, ня бойцеся анікога, бо гэта суд Божы. А калі б якая справа была вам цяжкай, скіроўвайце яе да мяне, і я выслухаю яе».
У той час загадаў я вам усё, што вы маеце рабіць.
У той час сказаў я вам усё, што вы маеце рабіць.
Потым пакінулі мы Гарэб і прайшлі ўсю тую вялікую і страшную пустыню, якую вы бачылі, праз гару амарэйскую, як загадаў нам Госпад, Бог наш, і прыйшлі ў Кадэс-Барнэ.
Потым пакінулі мы Гарэб і прайшлі ўсю тую вялікую і страшную пустыню, каторую вы бачылі, у напрамку гор Амарэйскіх, як загадаў нам Госпад, Бог наш, і прыйшлі ў Кадэш-Барнэа.
І сказаў я вам: «Вы прыйшлі да гары амарэйскай, якую мае нам даць Госпад, Бог наш.
І сказаў я вам: «Вы прыйшлі да гор Амарэйскіх, каторыя мае нам даць Госпад, Бог наш.
Агледзь зямлю, якую дае табе Госпад, Бог твой, увайдзі і вазьмі яе ва ўладанне, як сказаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх; не бойся і нічога не палохайся».
Агледзь зямлю, якую дае табе Госпад, Бог наш, увайдзі і вазьмі яе ва ўладаньне, як сказаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх; ня бойся і нічога не палохайся».
Прыступілі тады вы ўсе да мяне і сказалі: «Пашлём людзей перад намі, каб агледзелі зямлю і паведамілі пра дарогу, якою маем ісці, і пра гарады, у якія маем увайсці».
Прыступілі тады вы ўсе да мяне і сказалі: «Пашлём людзей перад намі, каб агледзелі зямлю і паведамілі пра дарогу, якою маем ісьці, і пра гарады, у якія маем увайсьці».
Слова мне спадабалася, і я выбраў паміж вас дванаццаць мужчын, па адным з кожнага пакалення іх.
Слова гэтае мне спадабалася, і я выбраў спаміж вас дванаццаць мужчынаў, па адным з кожнага пакаленьня.
Яны выйшлі, і скіраваліся ў горы, і дайшлі аж да даліны Нэгэлескал, і агледзелі зямлю.
Яны выйшлі і скіраваліся ў горы, і дайшлі аж да даліны Эшколь, і агледзелі яе.
І ўзялі яны плады тае зямлі, і прынеслі нам, і сказалі: «Добрая тая зямля, якую мае даць нам Госпад, Бог наш».
І ўзялі яны ў рукі свае плады тае зямлі, і прынесьлі нам, і сказалі: «Добрая тая зямля, якую дае нам Госпад, Бог наш».
Але вы не хацелі ісці і не паверылі слову Госпада, Бога вашага.
Але вы не хацелі ісьці і не паслухалі слова Госпада, Бога нашага.
І наракалі ў палатках сваіх, і казалі: «Ненавідзіць нас Госпад, таму і вывеў нас з зямлі Егіпецкай, каб выдаць нас у рукі амарэяў ды пагубіць.
І наракалі ў палатках сваіх, кажучы: «Зь нянавісьці да нас вывеў нас Госпад зь зямлі Эгіпецкай, каб выдаць нас у рукі Амарэйцаў на загубу.
Куды пойдзем? Нашы браты напалохалі сэрца наша, кажучы: народ той шматлікі і перавышае нас ростам, гарады вялікія і аж у неба ўмацаваныя; бачылі мы нават там сыноў Анака».
Куды пойдзем? Нашыя браты напалохалі сэрцы нашыя, кажучы: Народ той шматлікі і перавышае нас ростам, гарады там вялікія і аж у неба ўмацаваныя; бачылі мы нават там сыноў Анака».
Дык сказаў я вам: «Не дрыжыце і не бойцеся іх.
Дык сказаў я вам: «Не дрыжыце і ня бойцеся іх.
Госпад Бог, Які ёсць правадыр ваш, Сам будзе за нас ваяваць, як зрабіў у Егіпце на вачах вашых.
Госпад, Бог наш, Каторы ідзе перад намі, будзе за нас ваяваць, як зрабіў у Эгіпце на вачах нашых.
Бачыў ты сам на пустыні, як Госпад, Бог твой, насіў цябе, як звычайна носіць бацька свайго сына малога, ва ўсякай дарозе, якой вы ішлі, аж пакуль не прыйшлі вы ў гэтае месца.
Бачыў ты таксама на пустыні, як Госпад насіў цябе, як звычайна носіць бацька свайго сына малога, ва ўсякай дарозе, якой вы ішлі, аж пакуль не прыйшлі вы ў гэтае месца.
Але вы так і не паверылі Госпаду, Богу вашаму,
Але вы так і не паверылі Госпаду, Богу вашаму,
Які ідзе перад вамі ў дарозе і вызначае месца, на якім вам належыць ставіць палаткі, паказваючы вам шлях: ноччу — агнём, каб асвятляць вам дарогу, удзень — у слупе воблачным».
Каторы ідзе перад вамі ў дарозе, каб шукаць вам месца, дзе маглі б паставіць палаткі — ноччу ў агні, каб асьвятляць вам дарогу, а ўдзень — у воблаку».
Калі Госпад пачуў голас слоў вашых, то разгневаўся, і прысягнуў, і сказаў:
Калі Госпад пачуў голас словаў вашых, Ён разгневаўся і прысягнуў, кажучы:
«Не ўбачыць ніводзін чалавек з гэтага пакалення ліхога тую добрую зямлю, якую Я пад прысягай абяцаў бацькам вашым,
«Ня ўбачыць ніводзін чалавек з гэтага пакаленьня ліхога тую добрую зямлю, якую Я пад прысягай абяцаў бацькам вашым,
за выключэннем Калеба, сына Ефоны. Ён яе ўбачыць, яму і сынам яго дам Я гэтую зямлю, па якой ён хадзіў, бо ён рабіў усё, каб быць паслухмяным Госпаду».
за выняткам Калеба, сына Ефунны. Ён яе ўбачыць, яму і сынам яго дам Я гэтую зямлю, па якой ён хадзіў, бо ён быў паслухмяны Госпаду».
Праз вас і на мяне загневаўся Госпад і казаў: «І ты туды не ўвойдзеш,
Праз вас і на мяне загневаўся Госпад і сказаў: «І ты туды ня ўвойдзеш.
але Ешуа, сын Нуна, твой паслугач, ён туды ўвойдзе. Яго падбадзёрвай, бо ён размяркуе зямлю Ізраэлю.
Ешуа, сын Нуна, твой слуга, ён туды ўвойдзе. Яго падбадзёрвай, бо ён увядзе Ізраэля ў валаданьне (зямлёю).
Дзеці вашы, пра якіх гаварылі вы, што павядуць іх у палон, і сыны вашы, якія сёння не разумеюць, што добрае або ліхое, яны ўвойдуць; ім дам Я яе, і яны завалодаюць ёю.
Дзеці вашыя, пра якіх гаварылі вы, што павядуць іх у палон, і сыны вашыя, каторыя сёньня не разумеюць, што добрае, а што ліхое, яны ўвойдуць; ім дам Я зямлю гэтую, і яны завалодаюць ёю.
А вы павярніце ды адыдзіце ў пустыню па дарозе праз мора Чырвонае».
А вы павярніце і ідзіце праз пустыню ў напрамку мора Чырвонага».
І адказалі вы мне: «Зграшылі мы перад Госпадам, мы пойдзем і будзем ваяваць, як загадаў нам Госпад, Бог наш». І вы падперазаліся зброяй і выправіліся на гару.
Адказалі вы мне: «Саграшылі мы перад Госпадам, мы пойдзем і будзем ваяваць, як загадаў нам Госпад, Бог наш». І вы перапаясаліся зброяй баявой і адважыліся пайсьці на гару.
Госпад сказаў мне: Скажы ім: «Не ўзыходзьце і не ваюйце, бо Я не з вамі, каб не пападалі вы перад ворагамі вашымі».
Госпад сказаў мне: «Скажы ім: Не ўзыходзьце і не ваюйце, бо Я ня з вамі, каб не пабілі вас ворагі вашыя».
Сказаў я, ды вы не паслухалі, і супрацівіліся загаду Госпадаву, і, гнаныя пыхаю, вы ўзышлі на вяршыню гары.
Перасьцерагаў я вас, але вы не хацелі слухаць, і супрацівіліся загаду Госпадаваму і, гнаныя пыхаю, узыйшлі на гару.
Дык выйшаў супраць вас амарэй, які жыў на той гары, і пагнаў вас, як звычайна гоняць пчолы, і пабіў вас ад Сэіра аж да Хормы.
Дык выйшлі супраць вас Амарэйцы, якія пражывалі на той гары, і пагналі вас, як звычайна робяць пчолы, і білі вас ад Сэіру аж да Хармы.
І вярнуліся вы і плакалі перад Госпадам, але Госпад не выслухаў вас і не захацеў звярнуць увагі на голас ваш.
І вярнуліся вы, і плакалі перад Госпадам, але Госпад ня выслухаў вашага голасу і не зьвярнуў на вас увагі.
І прабылі вы ў Кадэсе на працягу таго доўгага часу, пакуль вы там заставаліся.
І прабылі вы ў Кадэшы шмат часу, столькі дзён, колькі там заставаліся.