Другі закон 12 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Такія вось загады і законы, якія вы павінны спаўняць у зямлі, якую Госпад, Бог бацькоў вашых, мае даць табе, каб валодаў ты ёю ва ўсе дні, у якія крочыш ты па зямлі:
Такія вось прыказаньні і законы, якія вы павінны спаўняць у зямлі, якую Госпад, Бог бацькоў вашых, дасьць вам, каб валодалі ёю ва ўсе дні жыцьця вашага на зямлі.
«Знішчыце ўсе месцы, дзе народы, якімі вы маеце валодаць, служылі багам сваім, на гарах, на ўзгорках і пад кожным зялёным дрэвам.
Зьнішчыце ўсе месцы, дзе народы, каторых вы пазбавіце спадчыны, служылі багам сваім на горах, на ўзгорках і пад кожным зялёным дрэвам.
Разваліце ахвярнікі іх, пабіце каменныя слупы іх, агнём спаліце гаі іх, і ідалаў паразбівайце, і сатрыце імёны іх з гэтых месцаў.
Разваліце ахвярнікі, пабіце слупы іхнія, агнём спаліце гаі іх, і ідалаў паразьбівайце, і сатрыце імёны іх з гэтага месца.
Не рабіце так Госпаду, Богу вашаму,
Не рабіце так Госпаду, Богу вашаму,
але на месца, якое Госпад, Бог ваш, выбера з усіх пакаленняў вашых, каб там памясціць імя Сваё і на ім жыць, прыходзьце,
але прыходзьце на месца, каторае сам Госпад, Бог ваш, выбярэ з усіх пакаленьняў вашых, каб там памясьціць імя Сваё і на ім жыць,
і ў гэтым месцы складайце цэласпаленні і крывавыя ахвяры вашы, дзесяціны ды дары рук вашых, і тое, у чым прысягалі, і добраахвотныя ахвяры першародных валоў і авечак.
і ў гэтым месцы складайце цэлапаленьні, крывавыя ахвяры, дзесяціны і дары рук вашых, і тое, што шлюбавалі, і дабравольныя ахвяры вашыя, і першародных валоў і авечак.
Там, перад абліччам Госпада, Бога вашага, ежце і весяліцеся з усяго, да чаго прыклалі рукі вы і сям’я ваша, у чым дабраславіў вас Госпад, Бог ваш.
Там, на віду Госпада, Бога вашага, ешце вы і сем'і вашыя і весяліцеся з усяго, што зрабілі рукі вашыя, у чым дабраславіў вам Госпад, Бог ваш.
Не рабіце паводле ўсяго таго, што мы тут робім сёння, кожны, што яму здаецца добрым,
Ня будзеце там рабіць таго, што мы тут робім сягоньня, кожны, што яму здаецца добрым,
бо вы яшчэ не дасягнулі на сённяшні дзень супакою і ўласнасці, якую Госпад, Бог ваш, мае даць вам.
бо вы яшчэ не прыйшлі ў месца супакою і да ўласнасьці, якую дае вам Госпад, Бог ваш.
Вы пяройдзеце Ярдан і абжывецеся на зямлі, якую Госпад, Бог ваш, мае даць вам, каб жылі ў супакоі ад усіх ворагаў навокал ды жылі без аніякага страху
Калі вы пяройдзеце Ярдан і абжывіцёся на зямлі, якую дае вам Госпад, Бог ваш, каб жылі ў супакоі ад ўсіх ворагаў навокал ды жылі бязь ніякага страху,
ў месцы, якое выбера Госпад, Бог ваш, каб у ім прабывала імя Яго, туды прыносьце, што я загадваю: цэласпаленні, крывавыя ахвяры, дзесяціны, дары рук вашых і тую найлепшую з ахвяр, якою прысягнеце вы Госпаду.
тады ў месцы, каторае выбраў Госпад, Бог ваш, каб у ім прабывала імя Яго, туды прыносьце ўсё, што я вам сёньня загадваю: цэлапаленьні, крывавыя ахвяры, дзесяціны, дары рук вашых і што шлюбавалі вы для Госпада.
Там перад Госпадам, Богам вашым, цешцеся вы, і сыны, і дочкі вашы, паслугачы і паслугачкі, а таксама левіт, які ў гарадах вашых прабывае; бо не мае ён ані часткі, ані ўласнасці паміж вамі.
Там перад Госпадам, Богам вашым, цешцеся вы, і сыны, і дочкі вашыя, слугі і служанкі, а таксама левіт, каторы ў брамах вашых прабывае; бо ня мае ён часткі, ані спадчыны паміж вамі.
Сцеражыся, каб не складаць сваіх ахвяр цэласпальных на кожным месцы, якое ўбачыш,
Сьцеражыцеся, каб не складаць сваіх ахвяраў цэлапальных на кожным месцы, якое ўбачыш,
але на тое, якое выбера Госпад у адным з пакаленняў тваіх, занясі цэласпальныя ахвяры і там зрабі ўсё, што я табе загадваю.
але на тое месца, якое выбярэ Госпад у адным з пакаленьняў тваіх, занясеш усё, што я табе загадваю.
Калі ж захочаш есці і мясная ежа будзе даспадобы табе, забі [жывёлу] і з’еж мяса па дабраславенні Госпада, Бога твайго, якое даў Ён табе ва ўсіх гарадах тваіх: чысты і нячысты можа есці яго, як сарну, так і аленя,
Аднак калі захочаш есьці, забі жывёлу і еш мяса яе ў кожным з тваіх гарадоў па дабраславенству Госпада, Бога твайго: чысты і нячысты можа есьці яго, як сарну і аленя,
за выняткам крыві: яе выльеш на зямлю, як ваду.
за выняткам крыві, каторую выльеш на зямлю, як ваду.
Не зможаш есці ў гарадах тваіх дзесяціны са збожжа, віна і алівы тваёй, першародных бычкоў і авечак, ані ўсяго таго, на чым прысягнуў ты і што захацеў скласці на добраахвотную ахвяру, ані першага плёну рук тваіх.
Не можаш есьці ў гарадах тваіх дзесяціны са збожжа твайго, віна і алівы тваёй, першародных жывёлаў у статку, ані ўсяго таго, што шлюбаваў Госпаду, Богу твайму, ані ахвяраў дабравольных, ані дароў з тваёй рукі.
Але будзеш есці іх перад абліччам Госпада, Бога твайго, у месцы, якое выбера Госпад, Бог твой, ты, і сын твой, і дачка твая, паслугач і паслугачка, таксама левіт, які знаходзіцца ў гарадах тваіх; і будзеш цешыцца перад Госпадам, Богам тваім, з усяго, да чаго прыкладзеш руку сваю.
Але будзеш есьці іх на віду Госпада, Бога твайго, ў месцы, якое выбярэ Госпад, Бог твой, ты і сын твой, і дачка твая, слуга і служанка, таксама левіт, які прабывае ў брамах тваіх; і будзеш цешыцца перад Госпадам, Богам тваім, з усяго, да чаго прылажыў руку тваю.
Чувай, каб не пакідаў ты левіта ўвесь час, калі будзеш жыць у зямлі тваёй.
Уважай, каб не пакідаў ты левіта ўвесь час, калі будзеш жыць у зямлі тваёй.
Калі пашырыць Госпад, Бог твой, межы твае, як сказаў Ён табе, і ты захочаш есці мяса, якога жадае душа твая, тады еж мяса паводле кожнага прагнення душы сваёй;
Калі пашырыць Госпад, Бог твой, межы твае, як сказаў Ён табе, і ты захочаш есьці мяса, якога жадае душа твая, тады еш мяса паводле прагненьня душы тваёй.
а калі б далёка было месца, якое выбера Госпад, Бог твой, каб было там імя Яго, то забі з буйной і дробнай жывёлы, якую даў табе Госпад і як загадаў я табе, і спажывай у гарадах тваіх, як табе заўгодна.
Калі б месца, каторае выбраў Госпад, Бог твой, каб там памясьціць імя Сваё, будзе далёка ад цябе, то забі з жывёлы і статку, якія даў табе Госпад, і як загадаў я табе, і спажывай у брамах тваіх паводле жаданьня душы тваёй.
Еж іх так, як ядуць сарну і аленя; і чысты, і нячысты хай спажываюць разам.
Як ясьцё сарну і аленя, так іх еш; як чысты, так і нячысты нароўні могуць гэта спажываць.
Аднаго толькі высцерагайся, каб не спажываць крыві; бо кроў ёсць душа іх, і таму не павінен ты есці душу разам з мясам.
Адно толькі высьцерагайся спажываць крыві; бо кроў ёсьць душа іхняя, і таму не павінен ты есьці душу разам зь мясам.
Не спажывай яе, але вылівай на зямлю, як ваду.
Не спажывай яе, але вылі на зямлю, як ваду.
Не спажывай яе, каб добра табе было і дзецям тваім па табе, калі будзеш рабіць тое, што прыстойна перад абліччам Госпада.
Не спажывай яе, каб добра табе было і дзецям тваім па табе, калі будзеш рабіць тое, што падабаецца Госпаду.
Але тое, што пасвяціў ты і склаў праз прысягу Госпаду, вазьмі і прыходзь у тое месца, якое выбраў Госпад,
Але тое, што пасьвяціў ты і шлюбаваў Госпаду, вазьмі і занясі на тое месца, якое выбраў Госпад, каб было прызывана там імя Яго,
і ахвяруй цэласпаленні свае, мяса і кроў, на ахвярніку Госпада, Бога твайго; кроў ахвяр тваіх выльеш на ахвярніку, а мяса сам з’еж.
і ахвяруеш цэлапаленьні свае, мяса і кроў, на ахвярніку Госпада, Бога твайго; кроў ахвяраў выльеш на ахвярніку, а мяса сам з'ясі.
Падпарадкоўвайся і слухайся ўсяго, што я загадваю табе, каб добра табе было і дзецям тваім па табе на векі, калі споўніш, што добрае і што мілае перад абліччам Госпада, Бога твайго.
Уважліва слухай і выконвай ўсё, што я загадваю табе, каб добра табе было і дзецям тваім па табе на вякі, калі споўніш, што добрае і што мілае на віду Госпада, Бога твайго.
Калі Госпад, Бог твой, раскідае перад абліччам тваім народы, да якіх ты ідзеш, каб завалодаць імі, і ты завалодаеш імі, і абжывешся на іх зямлі,
Калі Госпад, Бог твой, выганіць перад табою народы, да каторых ты ідзеш, каб завалодаць імі, і ты завалодаеш імі, і абжывешся на іх зямлі,
сцеражыся, каб не трапіць у сеці праз іх, пасля таго, як яны, па прыходзе тваім, будуць выгублены, ды каб не шукаў іх абрадаў, кажучы: “Як служылі гэтыя народы сваім багам, так і я буду служыць”.
сьцеражыся, каб не пайсьці ў іх сьляды, калі яны будуць выгубленыя, і не шукаць багоў іхніх, кажучы: «Як служылі гэтыя народы сваім багам, так і я буду ім служыць».
Не рабі падобным чынам Госпаду, Богу твайму, бо ўсе брыдкія рэчы, якія адвяргае Госпад і якія ненавідзіць, яны чынілі для сваіх багоў, нават сваіх сыноў і дачок складаючы ў ахвяру і праводзячы праз агонь.
Не рабі гэтак Госпаду, Богу твайму, бо ўсё, чым брыдзіцца Госпад і што ненавідзіць, яны багам сваім рабілі, нават сваіх сыноў і дачок у агні палілі для сваіх багоў.
Што я загадваю вам, тое і беражыце і рабіце, не дадавай нічога і не аднімай.
Што я загадваю вам, тое беражыце і рабеце, нічога не дадаючы і не адымаючы.