Другі закон 21 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Калі ў зямлі, якую мае даць табе Госпад, Бог твой, будзе знойдзены труп чалавека забітага і вінаваты ў забойстве будзе невядомы,
Калі ў зямлі, якую дасьць табе Госпад, Бог твой, будзе знойдзены труп чалавека забітага, і невядомы будзе забойца,
то хай выйдуць старэйшыя родам і суддзі твае і адмераюць адлегласць ад месца трупа да кожнага з навакольных гарадоў.
то хай выйдуць старэйшыя родам і судзьдзі твае і адмераюць далёкасьць трупа ад гарадоў акружаючых.
І калі вызначаць, які бліжэй за астатнія, то старэйшыя родам з горада возьмуць цялушку, якая яшчэ не насіла ярма і не рассякала зямлю лемяшом,
Дык старшыні гораду, каторы будзе найбліжэй забітага, возьмуць цялушку, каторая яшчэ не працавала і не насіла ярма,
і хай прывядуць яе старэйшыя да ракі невысыхаючай, дзе месца неаранае і неабсеянае, і зломяць каля яго карак цялушцы;
і цялушку гэту прывядуць старшыні да ракі невысыхаючай і на месца неаранае і неабсеянае, і зломяць ёй карак каля рэчкі,
і тады прыйдуць святары, сыны Леві, якіх выбраў Госпад, Бог твой, каб служылі Яму і дабраслаўлялі ў імя Яго, і па іх слове павінна разбірацца кожная спрэчная справа і кожнае забойства.
і тады прыйдуць сьвятары, сыны Левія, каторых выбраў Госпад, Бог твой, каб служылі Яму і дабраславілі ў імя Яго, і па іхнім слове павінна вырашацца ўсякая спрэчная справа і справа скалячэньня.
І ўсе старэйшыя родам з гэтага горада, якія знаходзяцца паблізу забітага, няхай памыюць рукі свае над цялушкай, якая была забіта каля ракі,
Усе старшыні гораду, каторы найбліжэй забітага, будуць мыць рукі свае над цялушкай, каторай карак зламалі ля рэчкі,
і няхай скажуць яны: «Нашы рукі не вылілі гэтай крыві і вочы нашы не бачылі.
і скажуць яны: «Нашыя рукі ня вылілі гэтае крыві і вочы нашыя ня бачылі нічога.
Міласцівы будзь да народа Свайго, Ізраэля, які адкупіў Ты, Госпадзе, і не залічы крыві нявіннай пасярод народа твайго, Ізраэля». І адпушчана хай будзе ім адказнасць за кроў.
Міласьцівы будзь народу Твайму, Ізраэлю, каторы адкупіў Ты, Госпадзе, і не палічы гэтае крыві нявіннай народу Твайму, Ізраэлю». І адпушчана будзе ім гэтая кроў.
Павінен ты змываць у сябе кроў бязвіннага, калі хочаш рабіць тое, што ёсць справядлівым у вачах Госпада.
Такім чынам змыеш нявінную кроў спаміж сябе і зробіш тое, што ёсьць справядлівым у вачах Госпада.
Калі выступіш на вайну супраць ворагаў тваіх і аддасць іх Госпад, Бог твой, у рукі твае, і возьмеш палонных,
Калі выступіш на вайну супраць ворагаў тваіх, і аддасьць іх Госпад, Бог твой, у рукі твае, і возьмеш палонных,
і ўбачыш між палоннымі прыгожую жанчыну, і закахаешся ў яе, і захочаш узяць яе за жонку,
і ўбачыш між палоннымі прыгожую жанчыну, і закахаешся ў яе, і захочаш зь ёю ажаніцца,
то ўвядзі яе ў дом свой. Хай яна паголіць галаву сваю і абрэжа пазногці,
то ўвядзеш яе ў дом свой, яна абстрыжэ галаву і абрэжа пазногці свае,
і скіне з сябе адзенне палоннай, і, седзячы ў доме тваім, будзе адзін месяц аплакваць бацьку і маці сваю. Потым увойдзеш да яе, і злучышся з ёю, і будзе яна жонкай тваёй.
і скіне зь сябе адзеньне палоннай, і седзячы ў доме тваім будзе аплакваць бацьку і матку сваю адзін месяц. Потым увойдзеш да яе, і будзеш яе мужам, а яна будзе жонкай тваёй.
Калі ж пазней стане яна не па душы табе, адпусці яе, куды захоча; не прадасі яе за срэбра і не ўчыніш з ёй як з нявольніцай, бо ты ўвайшоў да яе насуперак.
Калі яна табе перастане падабацца, адпусьціш яе куды захоча, не прадасі яе за серабро і ня ўчыніш зь ёй як зь нявольніцай, бо ты ўвайшоў да яе.
Калі які муж будзе мець дзвюх жонак, адну любімую, а другую нелюбімую, і яны народзяць яму сыноў, любімая і нелюбімая, і першародны будзе сын нелюбімай,
Калі які муж будзе мець дзьве жонкі, адну любімую, а другую нелюбімую, і яны народзяць яму сыноў, любімая і нелюбімая, і першародны будзе сын нелюбімай,
то, калі хацеў бы падзяліць спадчыну паміж сынамі сваімі, не можа сына любімай зрабіць першародным і аддаць [яму] перавагу перад сынам нелюбімай,
то калі хацеў бы падзяліць спадчыну паміж сыноў сваіх, ня можа сына любімай зрабіць першародным, вывышаючы яго над сына нелюбімай,
але сына нелюбімай хай прызнае першародным і дасць яму з усяго, што мае, падвоеную частку, бо ён ёсць пачатак сілы яго і яму належыць права першародства.
але сына нелюбімай прызнае першародным і дасьць яму з усяго, што мае, падвойную частку, бо ён ёсьць пачатак сілы ягонай, і яму належыцца права першародзтва.
Калі хто будзе мець сына непаслухмянага і ўпорыстага, які не слухаў бы волі бацькі і маці і, нават караны, занядбаў бы паслухмянасць,
Калі хто будзе мець сына непаслухмянага і ўпорыстага, які ня слухаў бы волі бацькі ані маткі сваёй, і хоць караны быў, але працівіўся ім,
дык хай возьмуць яго і прывядуць да старэйшых горада свайго і да брамы судовай
дык хай возьмуць яго і прывядуць да старшыняў гораду свайго і да брамы гораду,
і скажуць ім: «Сын наш гэты ўпорысты і непаслухмяны, не хоча ён слухаць нашых напамінаў, аддаецца гулянкам, распусце і п’янству».
і скажуць ім: «Сын наш гэты непаслухмяны і ўпорысты, ня хоча ён слухаць нашых напамінаў, гардзіць імі, аддаецца распусьце і п'янству».
Тады мужчыны горада няхай укамянуюць яго да смерці, каб вынішчыць зло з асяроддзя вашага. І ўвесь Ізраэль, чуючы гэта, будзе баяцца.
Тады мужчыны гораду ўкамянуюць яго да сьмерці, каб вынішчыць зло з асяродзьдзя вашага. І ўвесь Ізраэль, чуючы гэта, будзе баяцца.
Калі хто дапусціцца злачынства, якое варта пакарання смерцю, то, каб вынішчыць, ты павесіш яго на шыбеніцы,
Калі хто дапусьціцца злачынства, каранага сьмерцю, і будзе ён забіты і павешаны на дрэве,
дык труп яго хай не застаецца на дрэве, але ў той самы дзень няхай будзе пахаваны, бо пракляты Богам кожны, хто вісіць на дрэве. Ніколі не пагань зямлю сваю, якую даў табе ва ўласнасць Госпад, Бог твой.
дык труп ягоны ня будзе вісець на дрэве, але ў той самы дзень няхай будзе пахаваны, бо пракляты Богам кожны, хто вісіць на дрэве. Ніколі не пагань зямлю сваю, якую даў табе на ўласнасьць Госпад, Бог твой.