Другі закон 22 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Калі ўбачыш вала або авечку брата свайго, якія заблукалі, не пакідай іх, але вярні іх брату твайму.
Калі ўбачыш вала брата свайго або авечку яго заблудзіўшую, не пакідай іх, але вярні іх брату твайму.
Калі ж брат твой не блізка ад цябе або калі яго не ведаеш, завядзі ў дом свой і хай будуць у цябе, аж прыйдзе іх шукаць брат твой і тады аддасі іх яму.
Калі ж брат твой ня блізка ад цябе, або калі яго ня ведаеш, завядзі іх у дом свой і хай будуць у цябе, аж прыйдзе іх шукаць брат твой, і тады аддасі іх яму.
Так зрабі з яго аслом, з плашчом і з кожнаю згубленаю рэччу брата свайго: калі знойдзеш яе, не замоўчвай.
Так зробіш зь яго аслом, так зробіш зь яго плашчом, так зробіш з кожнаю згубленаю рэччу брата свайго, з усім, што ў яго згінула, а ты знайшоў; нельга табе ўхіліцца ад гэтага.
Калі ўбачыш, што асёл або вол брата твайго ўпаў на дарозе, не хавайся, але падымай разам з ім.
Калі ўбачыш асла брата свайго або вала яго, упаўшых на дарозе, не пакідай іх, але падымі зь ім разам.
Хай не апранаецца жанчына ў мужчынскае адзенне, а мужчына хай не ўжывае адзення жаночага; бо агідны Госпаду, Богу твайму, кожны, хто гэта робіць.
Хай не адзяецца жанчына ў мужчынскае адзеньне, а мужчына хай не апранае адзеньня жаночага; бо агідны Госпаду, Богу твайму, кожны, хто гэтае робіць.
Калі, ідучы дарогай, знойдзеш на дрэве або на зямлі птушынае гняздо з маці і птушанятамі або з маці, якая выседжвае яйкі, то не бяры маці з птушанятамі.
Калі, ідучы дарогай, знойдзеш на дрэве або на зямлі птушынае гняздо з маткай і птушанятамі або з маткаю, якая выседжвае яйкі, то не бяры маткі з птушанятамі.
Маці пусці, а дзяцей вазьмі сабе, каб табе добра было і каб доўгімі былі дні твае.
Матку пусьці, а дзяцей вазьмі сабе, каб табе добра было і каб доўгімі былі дні твае.
Калі збудуеш новы дом, дык зрабі на даху тваім кругом агароджу, каб не навесці крыві на дом свой, калі хто-небудзь зваліцца з яго.
Калі збудуеш новы дом, дык зрабі на даху кругом агароджу, каб не навесьці крыві на дом свой, калі хто-колечы зваліцца зь яго.
Не засявай вінаградніку свайго другім насеннем, каб не зрабіць табе заклятым і збор насення, якое ты пасееш, і плады вінаградніку свайго.
Не засявай вінаградніку свайго двума гатункамі насеньня, каб не зрабіць табе заклятым і збор насеньня, каторае ты пасееш, і плады вінаградніку свайго.
Не ары на вале і асле разам.
Не ары на вале і асьле разам.
Не апранай адзення, сатканага з воўны і лёну разам.
Не адзявай адзеньня, сатканага з воўны і лёну разам.
Зрабі сабе фрэнзлі на чатырох рагах плашча твайго, якім акрываешся.
Зрабі сабе фрэнзьлі на чатырох рагах плашчу, якім акрываешся.
«Калі хто возьме жонку і ўвойдзе да яе, а потым узненавідзіць яе,
Калі хто возьме жонку і ўвойдзе да яе, а потым зьненавідзіць яе,
і пачне намаўляць на яе, і зняславіць яе, кажучы: “Узяў я яе за жонку, але, увайшоўшы да яе, не знайшоў у яе дзявоцтва”,
і, закідаючы ёй ліхія ўчынкі, зьняславіць яе, кажучы: «Узяў я гэтую жанчыну, але, увайшоўшы да яе, не знайшоў у яе дзявоцтва»,
тады бацька і маці яе хай занясуць знакі дзявоцтва яе да старэйшых з горада, якія сядзяць у браме,
тады бацька і маці ейныя занясуць знакі дзявоцтва ейнага да старшыняў гораду і да брамы, дзе яны сядзяць,
і бацька хай скажа: “Даў я сваю дачку гэтаму чалавеку за жонку, а ён яе ўзненавідзеў
і бацька скажа: «Даў я сваю дачку гэтаму чалавеку за жонку, а ён яе зьненавідзеў.
і знеслаўляе яе імя тым, што кажа: “Не знайшоў я ў дачкі тваёй дзявоцтва”. Але вось доказы дзявоцтва маёй дачкі”, — і раскладзе адзенне перад старэйшымі з горада.
Ён зьняслаўляе яе імя, кажучы: «Не знайшоў я ў дачкі тваёй азнак дзявоцтва». Але вось доказы дзявоцтва маёй дачкі», — і раскладзе адзеньне перад старшынямі гораду.
Тады старэйшыя з таго горада хай возьмуць мужчыну і пакараюць яго,
Тады старшыні гораду возьмуць мужчыну таго і пакараюць яго,
і накладуць на яго пакаранне ў сто сікляў срэбра, і аддадуць іх бацьку тае жанчыны, бо зняславіў ён імя дзяўчыны Ізраэля; яна хай застаецца яго жонкай і не зможа ён кінуць яе ва ўсе дні жыцця свайго.
І накладуць на яго сто сыкляў серабра, і аддадуць іх бацьку тае жанчыны, бо зьняславіў ён імя дзяўчыны Ізраэля; яна застаецца яго жонкай, і ня будзе ён магчы кінуць яе ўсё жыцьцё.
Але калі тое, у чым ён абвінавачвае, акажацца праўдай, калі не пацверджана дзявоцтва ў дзяўчыны,
Але калі абвінавачваньне акажацца праўдзівым, бо не знайшліся доказы дзявоцтва тае жанчыны,
то завядуць яе да дзвярэй дома бацькі яе і ўкамянуюць яе мужчыны гэтага горада аж да смерці, бо прынесла яна ганьбу Ізраэлю тым, што распуснічала ў доме бацькі свайго; так вынішчыш зло з асяроддзя свайго».
то завядуць маладзіцу тую да дзьвярэй дому бацькі яе і каменаваць яе будуць мужчыны гэтага гораду аж да сьмерці, бо прынесла яна ганьбу Ізраэлю, распуствуючы ў доме бацькі свайго; так вынішчыш зло з асяродзьдзя свайго.
Калі знойдзены будзе мужчына, што ляжыць з чужою жонкай, абое хай памруць: чужаложнік і чужаложніца; і ты вынішчыш ліха з Ізраэля.
Калі знойдзены будзе мужчына, што ляжыць з чужою жонкай, абое хай памруць: чужаложнік і чужаложніца, каб вынішчыць ліхоцьце зь Ізраэля.
Калі хто-небудзь спаткае ў горадзе маладую дзяўчыну, заручаную мужу, і ляжа з ёю,
Калі будзе дзяўчына пашлюбавана мужу, а хто-колечы спаткаецца зь ёю ў горадзе і ляжа зь ёю,
то абаіх прывядзіце да брамы горада таго і ўкамянуйце да смерці: дзяўчыну за тое, што не крычала, будучы ў горадзе, а таго мужчыну за тое, што згвалтаваў жонку блізкага свайго, і так вынішчыш зло паміж сябе.
то абаіх прывядзіце да брамы гораду таго і ўкамянуйце да сьмерці: дзяўчыну за тое, што не крычала, будучы ў горадзе, а таго мужчыну за тое, што згвалтаваў жонку бліжняга, і так вынішчыш зло спаміж сябе.
Калі, аднак, мужчына знайшоў на полі заручаную дзяўчыну і, схапіўшы, лёг з ёю, хай ён адзін памрэ,
Калі аднак мужчына знайшоў на полі заручаную дзяўчыну і згвалтаваў яе, ён адзін памрэ,
а дзяўчыне хай нічога не будзе, няма на ёй смяротнай віны, бо падобна, як чалавек паўстае супраць брата свайго і забівае яго, тое ж і дзяўчына пацярпела:
а той дзяўчыне нічога не рабіце, бо яна не дапусьцілася праступку, вартага сьмерці, бо гэта падобна на тое, калі хто выступае супраць бліжняга свайго і адбірае яму жыцьцё.
яна адна была на полі, і крычала заручаная дзяўчына, але не было нікога, хто б дапамог ёй.
Бо яе знайшоў ён на полі, і дзяўчына заручаная крычала, але ніхто не прыйшоў ёй з дапамогаю.
Калі б мужчына напаткаў цнатлівую дзяўчыну, не заручаную, схапіў яе і лёг з ёю, і справа дайшла б да суда,
Калі б мужчына напаткаў дзяўчыну не заручаную, схапіў яе і лёг зь ёю, і справа гэтая выявіцца,
той мужчына, які лёг з ёю, хай дасць бацьку дзяўчыны пяцьдзесят сікляў срэбра і возьме яе за жонку, таму што ён згвалтаваў яе, і не будзе ў яго магчымасці кінуць яе ва ўсе дні жыцця яго.
той мужчына, каторы лёг зь ёю, дасьць бацьку дзяўчыны той пяцьдзесят сыкляў серабра, і яна будзе магчы стаць яго жонкай, таму што ён згвалтаваў яе, і ня будзе ён магчы кінуць яе ўсё жыцьцё.
Не павінен браць мужчына жонкі бацькі свайго і адкрываць [покрыва] яго.
Ніхто не павінен браць жонкі бацькі свайго і адкрываць крысо адзеньня бацькі свайго.