Другі закон 7 разьдзел

Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Калі Госпад, Бог твой, увядзе цябе ў зямлю, да якой ідзеш, каб завалодаць ёю, вынішчыць Ён перад табой многія народы, хетэяў і гергесеяў, амарэяў, хананеяў, феразеяў, гівеяў і евусеяў, сем народаў намнога большых і дужэйшых за цябе.
 
Калі Госпад, Бог твой, увядзе цябе ў зямлю, да каторай ідзеш, каб завалодаць ёю, выганіць Ён перад табой многія народы, Гетытаў і Гіргашэяў, Амарэйцаў, Хананейцаў, Пэрэзеяў, Гівеяў і Ебусеяў, сем народаў большых і дужэйшых за цябе.

Госпад, Бог твой, аддасць іх табе, а ты іх выгубі аж да поўнага вынішчэння. Не заключай з імі пагаднення і не будзь да іх літасцівы.
 
Госпад, Бог твой, аддасьць іх табе, а ты выгубіш іх, і пакладзеш на іх клятву, і не заключыш зь імі ўгоду, і ня выявіш да іх літасьці.

Не злучайся з імі ў шлюбе: не аддавай дачкі сваёй сынам іх, а іх дачку не прымай для сына твайго,
 
Ня будзеш зь імі мець сужонстваў: іхнім сынам не аддасі за жонку дачкі сваёй і ня возьмеш ад іх дачкі для сына свайго,

бо яна звядзе сына твайго, каб не ішоў ён следам за Ім ды каб служыў другім багам, і ўзгарыцца гнеў Госпада на вас, і Ён хутка вас знішчыць.
 
бо адыдуць твае сыны ад Мяне, каб служыць багам чужым. Тады ўзгарыцца гнеў Госпада на вас, і Ён хутка вас зьнішчыць.

Але вось так маеце зрабіць лепш з імі: знішчыце іх ахвярнікі, разбіце іх камяні, ссячыце святыя гаі, а ідалаў спаліце агнём.
 
Але вось так маеце зрабіць зь імі: ахвярнікі іхнія разбурыце, слупы іх паламіце, сьвятыя гаі выражце, а статуі спаліце агнём.

Бо ты народ, пасвячоны Госпаду, Богу твайму. Цябе выбраў Госпад, Бог твой, каб быў ты Яго ўласным народам з усіх народаў, што жывуць на зямлі.
 
Ты — народ, пасьвячаны Госпаду, Богу твайму. Цябе выбраў Госпад, Бог твой, каб быў ты яго выбраным народам з усіх народаў, якія пражываюць на зямлі.

Не з той прычыны, што вы перавышаеце лікам усе народы, паяднаўся з вамі Госпад і абраў вас, — бо вы меншыя з усіх народаў, —
 
Госпад выбраў вас і ўпадабаў вас не таму, што вы перавышаеце лікам ўсе народы, бо з усіх народаў вы найменшыя,

але дзеля таго, што Госпад палюбіў вас і захаваў запавет, якім прысягнуў бацькам вашым, вывеў Ён вас рукой дужай і выкупіў цябе з дому няволі, з рукі фараона, цара Егіпта.
 
але дзеля таго, што Госпад любіць вас і захаваў запавет, які заключыў з бацькамі вашымі, вывеў Ён вас рукою дужаю і выкупіў вас з дому няволі, з рукі фараона, караля Эгіпецкага.

І ведай, што Госпад, Бог твой, і ёсць Сам Бог, Бог верны, Які зберагае запавет і міласэрнасць да тых, хто любіць Яго, і да тых, якія пільнуюць загады Яго, на тысячы пакаленняў,
 
І ведай, што Госпад, Бог твой, ёсьць Бог адзіны, Бог верны, каторы зьберагае запавет і аказвае міласэрдзе тым, што любяць Яго, і тым, што спаўняюць загады Ягоныя, на тысячы пакаленьняў,

і адгаджае ненавіснікам Сваім так, каб расцярушыць іх і больш не памнажаць, безадкладна аддаючы ім тое, што яны заслугоўваюць.
 
і адгаджае ненавісьнікам Сваім так, каб зьнішчыць іх, і безадкладна аддае ім тое, на што заслужыліся.

Дык выконвай загады, і прыказанні, і законы, якія Я сёння даю табе, каб ты выконваў.
 
Дык спаўняй загады, і прыказаньні, і законы, каторыя Я сёньня даю табе, каб ты спаўняў.

Калі вы будзеце слухаць гэтыя загады, берагчы іх і выконваць, то і Госпад, Бог твой, зберажэ для цябе запавет і міласэрнасць, аб якой прысягаў бацькам тваім,
 
Калі вы будзеце слухаць гэтых загадаў, і выпаўняць іх, і берагчы іх, дык Госпад, Бог твой, зьберажэ запавет для цябе і акажа міласэрдзе, што запрысяг бацькам тваім,

і будзе любіць цябе і дабраслаўляць цябе, і размножыць цябе, і дабраславіць плод улоння твайго і плод зямлі тваёй, збожжа тваё і вінаград, алей і прыплод жывёлы, і прырост авечак тваіх на зямлі, адносна якой прысягнуў Ён бацькам тваім, што дасць яе табе.
 
і будзе любіць цябе, і дабраславіць плод жывата твайго, і плод зямлі тваёй, і збожжа тваё, таксама збор вінаграду і алею твайго, і раджэньне жывёлы тваёй, рост авец тваіх на зямлі, як запрысяг бацькам тваім, што дасьць гэта табе.

Дабраславёны будзеш ты больш за ўсе народы. Не будзе ў цябе ані бясплоднага, ані бясплоднай, як у людзей, так і ў статках тваіх.
 
Дабраслаўлены будзеш ты больш за ўсе народы. Ня будзе ў цябе бясплоднага і бясплоднай, як у людзей, так і ў статку тваім.

Забярэ ад цябе Госпад усякую немач; і найгоршыя хваробы егіпецкія, якія ты ведаў, не нашле на цябе, але на ўсіх ворагаў тваіх.
 
Ухіліць ад цябе Госпад усякую немач, і страшныя хваробы Эгіпецкія, якія ты ведаў, не нашле на цябе, але на ўсіх ворагаў тваіх.

Ты паглынеш усе народы, якія Госпад, Бог твой, мае даць табе; хай не пашкадуе іх вока тваё, і не служы багам іх, каб не былі яны на загубу табе.
 
Ты выгубіш усе народы, каторыя дасьць табе Госпад, Бог твой. Хай не пашкадуе іх вока тваё, і ня будзешь служыць багам іхнім, каб ня сталіся яны табе на загубу.

Калі скажаш ты ў сэрцы сваім: «Гэтыя народы большыя лікам за мяне; як жа змагу я вынішчыць іх?» —
 
Калі падумаеш у сэрцы сваім: «Народы ж гэтыя большыя лікам за мяне, не змагу іх выгубіць»,

не бойся іх, але ўспомні, што зрабіў Госпад, Бог твой, фараону і ўсім егіпцянам:
 
ня бойся іх, але памятай, што зрабіў Госпад, Бог твой, фараону і ўсім Эгіпцянам:

вялікія плягі, якія бачылі вочы твае, і знакі, і цуды, а таксама руку магутную і ўзнятае плячо, каб вывеў цябе Госпад, Бог твой; так зробіць Ён усім народам, якіх ты баішся.
 
вялікія кары, якія бачылі вочы твае, і знакі, а таксама цуды, руку дужую і ўзьнятае плячо, якімі вывеў цябе Госпад, Бог твой: так зробіць Ён усім народам, каторых ты баішся.

Звыш таго, пашле на іх Госпад, Бог твой, шэршняў, аж пакуль не вынішчыць усіх і не расцярушыць тых, якія маглі ўцячы ад цябе і схавацца.
 
І спашле на іх Госпад, Бог твой, шэршняў, пакуль не пагінуць тыя, што засталіся, што хаваліся перад табой.

Не бойся іх, бо Госпад, Бог твой, — пасярод цябе, Бог магутны і страшны.
 
Дык ня бойся іх, бо Госпад, Бог твой, пасярод цябе, Бог магутны і страшны.

Ён будзе знішчаць гэтыя народы перад абліччам тваім пакрысе і часткамі. Не зможаш вынішчыць іх хутка, каб не размножыліся супраць цябе звяры зямныя.
 
Ён будзе зьнішчаць гэтыя народы перад табою памалу. Ня будзеш іх нішчыць хутка, каб не разьвяліся супраць цябе зьвяры зямныя.

І выдасць іх Госпад, Бог твой, перад абліччам тваім, і будзе трывожыць іх вялікай трывогай, пакуль зусім не будуць вынішчаны.
 
Выдасьць іх табе Госпад, Бог твой, і будзе іх трывожыць вялікай трывогай, аж пакуль не прападуць зусім.

У рукі твае аддасць Ён цароў іх, і сатрэш імёны іх з-пад неба; ніхто не зможа супрацівіцца табе, пакуль не выгубіш іх.
 
У рукі твае аддасьць Ён каралёў іхніх, і ты сатрэш імёны іхнія з-пад неба; ніхто не супрацівіцца табе, пакуль ня выгубіш іх.

Ідалаў іх спалі агнём; і не будзь сквапным на срэбра і золата, якімі яны прыбраныя, нічога з гэтага не бяры сабе, каб не ўчыніць грэх, бо гэта брыдота для Госпада, Бога твайго.
 
Ідалаў іхніх спаліш агнём; і ня квапся на серабро і золата, якімі яны прыбраныя, анічога ня возьмеш зь іх сабе, каб не зьвяло цябе, бо гэта брыдота ў Госпада, Бога твайго.

Не прынось брыдоту ў дом твой, каб не было на цябе пракляцця, як і на яе; прызнавай гэта за бруд і лічы за нячыстасць ды агіднасць брыдкую, бо гэта — пракляцце.
 
Нічога паганага не ўнясеш у дом твой, каб ня стаў ты клятвай, як і яно. Гэта будзеш уважаць за рэч гадкую і паганую, будзеш брыдзіцца гэтым, бо праклятае яно.