Другі закон 33 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Вось гэта дабраславенне, якім дабраславіў Майсей, чалавек Божы, сыноў Ізраэля перад сваёй смерцю.
Вось гэта дабраславенства, якім дабраславіў Майсей, чалавек Божы, сыноў Ізраэля перад сваёй сьмерцю.
І ён сказаў: «Госпад прыйшоў з Сіная і з Сэіра з’явіўся ім; з’явіўся з гары Паран і прыбыў у Мэрыбу каля Кадэса, з Яго правіцы агонь палае.
Ён сказаў: «Госпад прыйшоў з Сынаю і з Сэіру зьявіўся ім; зьявіўся з гары Паран і прыбывае з Мэрыбы пад Кадэш, зь Яго правіцы агонь палае.
Сапраўды, Ён любіць народы, усе святыя Яго ў руцэ Яго, і тыя, якія туляцца да ног Тваіх, слухаюцца навукі Тваёй».
Сапраўды Ён любіць народы, усе сьвятыя Яго ў руцэ Ягонай, і тыя, каторыя туляцца да ног Тваіх, слухаюць мудрасьць з навукі Тваёй.
Закон даў нам Майсей, спадчыну супольнасці Якуба.
Закон даў нам Майсей, спадчыну супольнасьці Якуба.
І быў выбраны ў Ізраэлі цар на сходзе князёў народа разам з пакаленнямі Ізраэля.
І быў выбраны ў Ешуруна кароль на сабраньні князёў народу разам з пакаленьнямі Ізраэля.
«Хай жыве Рубэн і хай не ўмірае, хоць ён невялікі лікам».
Хай жыве Рубэн і хай не ўмірае, хоць ён невялікі лікам.
Гэткае дабраславенне для Юды: «Выслухай, Госпадзе, голас Юды і прывядзі яго да народа свайго. Рукі яго ваяваць будуць за яго, а Ты Успаможца яго будзеш».
Гэткае дабраславенства Юды: «Выслухай, Госпадзе, голас Юды і прывядзі яго да народу Свайго. Рука ягоная ваяваць будзе за яго, а Ты ўспаможаш яго супраць ворагаў ягоных».
Пра Леві таксама сказаў: «Твае тумім і урым дай чалавеку святому Твайму, якога выпрабаваў Ты ў Масе і з якім спрачаўся ля водаў Мэрыбы.
Да Левія таксама сказаў: «Твае тумім і ўрым дай чалавеку сьвятому Твайму, якога выставіў Ты на выпрабаваньне ў Масе і з каторым спрачаўся ля водаў Мэрыбы.
Ён пра бацьку свайго і маці сваю сказаў: “Не ведаю вас”. І не ведае братоў сваіх, і дзяцей сваіх не ведае. Так берагуць яны словы Твае і запавет Твой захоўваюць.
Ён аб бацьку сваім і маці сваёй сказаў: «Ня ведаю вас». І ня ведае братоў сваіх і дзяцей сваіх. Так берагуць яны словы Твае і запавет Твой захоўваюць.
Будуць вучыць яны пастановам Тваім Якуба і закону Твайму Ізраэля; і будуць паліць кадзіла для ноздраў Тваіх і цэласпаленні на ахвярніку Тваім.
Вучаць яны пастановам Тваім Якуба і Закону Твайму Ізраэля; і паляць кадзіла перад Табою і цэлапаленьні на ахвярніку Тваім.
Дабраславі, Госпадзе, моц яго ды прымі творы рук яго. Стаўчы сцёгны непрыяцелям яго, і тыя, што зненавідзелі яго, хай не падымуцца».
Дабраслаў, Госпадзе, моц ягоную і прымі творы рук ягоных. Стаўчы сьцёгны непрыяцелям ягоным, і тыя, што зьненавідзелі яго, хай не падымуцца».
Пра Бэньяміна сказаў: «Улюбёны Госпадам будзе пражываць упэўнена з Ім, Узвышні будзе апекавацца над ім увесь дзень, і супачыне ён на руках Яго».
Аб Бэн'яміне сказаў: «Умілаваны Госпадам будзе пражываць упэўнена зь Ім, Узвышні будзе апекавацца ім увесь дзень, і супачыне ён на руках Яго».
Пра Язэпа таксама сказаў: «Дабраславёна Госпадам зямля яго: дарамі неба, расою, ды тым, што ў бездані падзямельнай,
Аб Язэпе таксама сказаў: «Дабраслаўлена Госпадам зямля ягоная дарамі неба, расою, а таксама крыніцамі бездані падземнай,
пладамі сонца і дарамі месяцаў,
дарамі сонца і пладамі месяцаў,
багаццем гор адвечных і дарамі ўзгоркаў векавых,
багацьцем гор адвечных і дарамі ўзгоркаў векавых,
пладамі зямлі і багаццем яе. Дабраславенне Таго, Хто аб’явіўся ў кусце, сплывуць на галаву Язэпа і на галаву пасвячонага пасярод братоў сваіх.
пладамі зямлі і багацьцем яе. Дабраславенствы Таго, Хто аб'явіўся ў кусьце, сплывуць на галаву Язэпа і на галаву пасьвячонага пасярод братоў сваіх.
Прыгажосць яго — як першароднага быка, і рогі яго — рогі адзінарога, імі забадзе народы аж да канца зямлі. Такая шматлікасць Эфраіма, і такія тысячы Манасы».
Прыгажосьць яго — як першароднага быка, і рогі яго — як рогі буйвала, імі збадае народы аж да канца зямлі. Такая шматлікасьць Эфраіма, і такія тысячы Манасы».
Пра Забулона сказаў: «Цешся, Забулон, у выхадзе тваім, а ты, Ісахар, у палатках тваіх!
Аб Забулёне сказаў: «Цешся, Забулён, у выхадзе тваім, а ты, Ісахар, у палатках тваіх!
Паклічуць народы на гару, там будуць складаць ахвяры справядлівасці. Яны будуць спажываць шчодрасць мора, быццам малако, і багацці, схаваныя ў пяску».
Паклічуць народы на гару, там будуць складаць ахвяры справядлівасьці. Яны будуць карыстацца шчодрасьцю мора і багацьцямі, схаванымі ў пяску».
Пра Гада вось што сказаў: «Дабраславёны, хто пашырае Гада! Як леў, ён адпачывае, разрывае ён плячо і галаву.
Аб Гадзе вось што сказаў: «Дабраслаўлены, хто пашырае Гада! Як леў будзе ён адпачываць, разарве ён плячо і галаву.
І ён бачыць пачаткі для сябе, бо там была змешчана частка правадыра, і быў ён з князямі народа, і рабіў справядліва перад Госпадам, і прысуды Яго разам з Ізраэлем».
І ён убачыць найлепшае для сябе, бо там памешчана частка правадыра, і быў ён з князямі народу, і рабіў справядлівае перад Госпадам і прысуды Ягоныя адносна Ізраэля».
Пра Дана гэтак сказаў: «Дан — ільвянятка, якое выскоквае часта з Басана».
Пра Дана гэтак сказаў: «Дан — ільвянятка, каторае выскоквае часта з Башану».
Пра Нэфталі сказаў: «Нэфталі перапоўнены спагаднасцю і поўны будзе дабраславенне Госпадавага; завалодае морам і поўднем».
Пра Нэфталі сказаў: «Нэфталі перапоўнены спагаднасьцю і поўны будзе дабраславенства Госпадавага; завалодае морам і поўднем».
Пра Асэра вось што сказаў: «Дабраславёны Асэр між сынамі! Ён будзе падабацца братам сваім і будзе мачыць у алеі нагу сваю.
Аб Асэры вось што сказаў: «Дабраслаўлены Асэр між сынамі! Ён будзе падабацца братам сваім і будзе мачыць у алею нагу сваю.
Жалеза і медзь — засаўкі твае, як дні твае — сіла твая.
З жалеза і медзі засаўкі твае, як дні твае, трывае сіла твая».
Няма другога такога, як Бог Ешуруна, Які ідзе па небе на дапамогу табе ды ў славе сваёй па воблаках.
Няма другога такога, як Бог Ешуруна, Каторы ідзе па небе на дапамогу табе ды ў славе Сваёй па воблаках.
Прыбежышча — Бог адвечны, абарона — рукі вечныя. Ён выганіць перад табою ворага і скажа: “Знішчы”».
Прыбежышча тваё — Бог адвечны, абарона твая — рукі вечныя. Ён выганіць перад табою ворага і скажа: «Зьнішчы».
Ізраэль будзе жыць бяспечна, вочы Якуба бачаць перад сабою зямлю, багатую хлебам і віном, і нябёсы яго сыплюць расу.
Ізраэль будзе жыць бясьпечна, вочы Якуба бачаць перад сабою зямлю, багатую хлебам і віном, і нябёсы яго сыплюць расу.
Шчаслівы ты, Ізраэль, хто ж падобны табе? Народ, зберагаемы Госпадам, Ён — шчыт абароны тваёй і меч славы тваёй. Ворагі твае скараюцца перад табой, і ты будзеш таптаць іх каркі.
Шчасьлівы ты, Ізраэль, хто ж падобны табе? Народ, беражоны Госпадам, Ён — шчыт абароны тваёй і меч славы тваёй. Ворагі твае скараюцца перад табой, і ты будзеш таптаць іх каркі».