Другі закон 2 разьдзел

Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Тады, павярнуўшы, накіраваліся мы ў пустыню праз Чырвонае мора, як мне сказаў Госпад, і шмат часу абыходзілі наўкола гару Сэір.
 
Тады, павярнуўшы, накіраваліся мы праз пустыню ў бок Чырвонага мора, як мне сказаў Госпад, і шмат часу абыходзілі наўкола гару Сэір.

І Госпад сказаў мне:
 
І Госпад сказаў мне:

«Досыць вам хадзіць вакол гэтае гары, павярніце на поўнач.
 
«Досыць вам хадзіць кругом гэтае гары, зьвярніце на поўнач.

Вось жа, загадай народу і скажы: “Вы будзеце праходзіць праз межы братоў вашых, сыноў Эзава, што жывуць у Сэіры і баяцца вас. Дык будзьце ўважлівымі,
 
Вось жа загадай народу і скажы: Вы будзеце праходзіць праз пасяленьні братоў вашых, сыноў Эзава, што жывуць у Сэіры, яны баяцца вас, але і вы будзьце ўважлівымі,

не выступайце супраць іх, бо Я не дам вам зямлі іх ні на стапу нагі дзеля таго, што гару Сэір Я даў ва ўладанне Эзаву.
 
не чапайце іх, бо Я ня дам вам зямлі іхняй ні на стапу нагі дзеля таго, што гару Сэір Я даў у валаданьне Эзаву.

Ежу купляйце ў іх за грошы і ежце; таксама і ваду купляйце, набірайце і піце”».
 
Яду купляйце ў іх за серабро і ешце; таксама і ваду купляйце ў іх за серабро і піце.

Госпад, Бог твой, дабраславіў цябе ў кожнай справе рук тваіх; ведае Ён шлях твой, і ў той час, як ты сорак гадоў праходзіў гэтую вялікую пустыню, прабываў з табой Госпад, Бог твой, і нічога табе не бракавала.
 
Бо Госпад, Бог твой, Каторы дабраславіў цябе ў кожнай справе рук тваіх, суправаджаў цябе, як ты сорак гадоў праходзіў гэтую вялікую пустыню; Госпад, Бог твой, у гэтыя сорак год прабываў з табой, і нічога табе не бракавала».

І, калі абмінулі мы братоў нашых, сыноў Эзава, якія пражывалі ў Сэіры, дарогай на Арабу, ад Элата і Эцыён-Гебэра, мы завярнулі і пайшлі дарогай, якая вядзе ў пустыню Мааб.
 
Дык абмінулі мы братоў нашых, сыноў Эзава, каторыя пражывалі ў Сэіры, дарогай на Арабу, Элят і Эцыён-Гэбэр, і завярнулі, і пайшлі дарогай, каторая вядзе ў пустыню Мааб.

Тады сказаў мне Госпад: «Не варагуй супраць Мааба і не пачынай з імі вайны, Я не дам нічога ва ўладанне табе з іх зямлі, бо аддаў Ар ва ўладанне сынам Лота».
 
Тады сказаў мне Госпад: «Не варагуй супраць Маабу і не пачынай зь імі вайны, Я ня дам нічога ва ўладаньне табе зь іх зямлі, бо Я аддаў Ар у валаданьне сынам Лёта».

Першымі пасяленцамі яе былі эмімы, народ вялікі, шматлікі і такі ж высокі, як анакімы;
 
Першымі пасяленцамі яе былі Эмімы, народ вялікі, шматлікі і такі ж высокі, як сыны Акама.

залічалі іх да рэфаімаў, як і анакімаў. Нарэшце маабцы называюць іх эмімамі.
 
Залічалі іх да Рэфаімаў, як і сыноў Анама. Але Маабцы называюць іх Эмімамі.

У Сэіры жылі раней харэі, але сыны Эзава выгналі іх і выгубілі, каб пасяліцца на іх месцы, як зрабіў Ізраэль у зямлі валадарання свайго, якую даў ім Госпад.
 
У Сэіры жылі раней Харэі, але сыны Эзава выгналі іх і выгубілі, каб пасяліцца на іх месцы, як зрабіў Ізраэль у зямлі, каторую даў яму Госпад у валаданьне.

«Дык уставайце і перайдзіце праз ручай Зарэд». І перайшлі мы ручай Зарэд.
 
«Дык уставайце і перайдзіце праз рэчку Зарэд.» І перайшлі мы рэчку Зарэд.

Час жа, які мы ішлі з Кадэс-Барнэ да пераправы праз ручай Зарэд, — трыццаць восем гадоў, аж пакуль не загінула ў лагеры ўсё тое пакаленне людзей, здатных да бою, як ім у гэтым пакляўся Госпад,
 
Час жа, які мы ішлі з Кэдэш-Барнэа да рэчкі Зарэд, трываў трыццаць восем гадоў, аж пакуль не выгінула ў табары ўсё тое пакаленьне людзей, здатных да бою, як ім гэта запрысяг Госпад.

рука Якога была супраць іх, каб вынішчыць іх пасярод лагера.
 
Таксама рука Госпада была супраць іх, каб зьнішчыць іх.

Калі згінулі ўсе, здатныя да вайны пасярод народа,
 
Калі згінулі ўсе, здатныя да вайны, і перавяліся ў табары,

сказаў мне Госпад, кажучы:
 
сказаў мне Госпад:

«Ты пяройдзеш сёння межы Мааба, горад пад назваю Ар,
 
«Ты сёньня пяройдзеш Ар, мяжу Маабу,

і падыдзеш блізка да сыноў Амона. Высцерагайся, не ваюй з імі і не пачынай бою, бо Я не дам табе нічога з зямлі сыноў Амона, бо аддаў яе ва ўладанне сынам Лота».
 
і падойдзеш блізка да сыноў Амона. Высьцерагайся, не ваюй зь імі і не пачынай бою, бо Я ня дам табе нічога зь зямлі сыноў Амона, бо аддаў яе ў валаданьне сынам Лёта».

І яна лічылася зямлёй рэфаімаў, калісьці жылі ў ёй рэфаімы, якіх аманіцяне завуць замзумімамі.
 
І яна лічылася зямлёй Рэфаімаў, калісьці жылі ў ёй Рэфаімы, каторых сыны Амона завуць Замзумімамі.

Народ гэта вялікі, шматлікі і высокі ростам, як анакімы, але знішчыў іх Госпад перад абліччам іх, ды ўчыніў так, што яны пасяліліся на месцы іх.
 
Народ гэта вялікі, шматлікі і высокі ростам, як сыны Анака, але зьнішчыў іх Госпад перад сынамі Амону, каторыя іх выгналі і пасяліліся на іхнім месцы.

Таксама зрабіў Ён з сынамі Эзава, што жывуць у Сэіры, вынішчаючы харэяў і перадаючы ім зямлю іх, якою валодаюць яны аж да гэтага часу.
 
Таксама зрабіў Госпад з сынамі Эзава, што жывуць у Сэіры, вынішчаючы перад імі Харэяў, каторых яны выгналі, і самі жывуць у іх мясьцінах аж да гэтага часу.

У той спосаб і авімаў, якія пражывалі ў паселішчах аж да Газы, выгубілі кафтарымы, якія прыбылі з Кафтора, каб пасяліцца на іх месцы.
 
У той спосаб і Авімаў, пражываючых у мясцовасьці аж да Газы, выгубілі Кафтарымы, каторыя прыбылі з Кафтору, каб пасяліцца на іх месцы.

«Уставайце, вырушыце ў дарогу, пераходзьце ручай Арнон: вось жа, Я аддаў у рукі твае Сэгона, цара Хесебона, амарэя; і бяры ва ўласнасць яго зямлю і пачынай вайну супраць яго.
 
«Уставайце, вырушце ў дарогу, пераходзьце рэчку Арнон: вось жа Я аддаў у рукі твае Сыгона, караля Хешбону, Амарэйца; бяры на ўласнасьць ягоную зямлю, і пачынай вайну супраць яго.

Сёння ж Я пачну распаўсюджваць страх і жах перад табою на народы, што жывуць пад усім небам, каб, пачуўшы імя тваё, яны баяліся і дрыжалі перад табою».
 
Сёньня ж Я пачну распаўсюджваць страх і жах перад табою на народы пад усім небам, каб пачуўшы імя тваё, яны баяліся і дрыжэлі перад табою».

Дык выправіў я паслоў з пустыні Кадэмот да Сэгона, цара Хесебона, з словамі мірнымі, кажучы:
 
Дык паслаў я паслоў з пустыні Кэдэмот да Сыгона, караля Хешбону, са словамі мірнымі:

«Я прайду праз зямлю тваю. Я пакрочу гасцінцам, проста, і не збочу ані ўправа, ані ўлева.
 
«Дазволь мне прайсьці праз тваю зямлю. Я пайду гасьцінцам, проста, ня збочваючы ані направа, ані налева.

Харчаванне прадавай мне за плату, каб меў я што есці. Таксама ваду прадавай мне за грошы, каб я меў што піць. Дазволь мне толькі прайсці пехатою,
 
Жыўнасьць прадавай мне за плату, каб меў я што есьці. Таксама ваду прадавай мне за грошы, каб я меў што піць. Дазволь мне толькі прайсьці пехатою,

як дазволілі мне сыны Эзава, якія жывуць у Сэіры, і маабцы, якія жывуць у Ары, аж пакуль я дайду да Ярдана і перайду ў зямлю, якую мае даць нам Госпад, Бог наш».
 
як дазволілі мне сыны Эзава, што пражываюць у Сэіры, і Маабцы, якія пражываюць у Ары, аж пакуль я дайду да Ярдану і перайду ў зямлю, якую мае даць нам Госпад, Бог наш».

Але цар Хесебона Сэгон не захацеў дазволіць нам прайсці праз яго [зямлю], бо закамяніў яму дух Госпад, Бог твой, і сэрца яго зрабіў упорыстым, каб быў ён аддадзены ў рукі твае, як гэта і сталася сёння.
 
Але кароль Хешбону Сыгон не захацеў дазволіць нам прайсьці празь яго зямлю, бо закамяніў яму дух Госпад, Бог наш, і сэрца яго зрабіў упорыстым, каб быў ён аддадзены ў рукі твае, як гэта і сталася.

Госпад сказаў мне: «Вось, Я пачынаю аддаваць табе Сэгона і зямлю яго. Пачынай займаць яе!»
 
Госпад сказаў мне: «Вось Я пачынаю аддаваць табе Сыгона і зямлю ягоную. Пачынай займаць яе!»

І выйшаў супраць нас Сэгон з усім народам сваім на вайну каля Ясы.
 
І выйшаў супраць нас Сыгон з усім народам сваім на вайну каля Ягацу.

І выдаў яго нам Госпад, Бог наш; і пабілі мы яго, і сыноў яго, і ўвесь народ яго.
 
І выдаў яго нам Госпад, Бог наш; і пабілі мы яго, і сыноў ягоных, і ўвесь народ ягоны.

У той час авалодалі мы ўсімі гарадамі яго і палажылі праклён на кожны горад, мужчын і жанчын, і дзяцей, і нікога з іх не пакінулі жывога,
 
У той час узялі мы ўсе гарады ягоныя і палажылі клятву на кожны горад, мужчынаў і жанчынаў і дзяцей, нікога зь іх не астаўляючы ў жывых,

апроч жывёлы, якую сабе пазабіралі, ды апроч таго, што захапілі ў гарадах, занятых намі.
 
апроч жывёлы, каторую сабе пазабіралі як здабычу з гарадоў, занятых намі.

Ад Араэра, што на беразе ручая Арнон, і ад горада ў даліне аж да Галаада не было горада, які б пазбег нашых заваёў; усё аддаў нам Госпад, Бог наш,
 
Ад Араэру, што на беразе рэчкі Арнон, і ад гораду ў даліне, аж да Гілеаду, не было для нас гораду недаступнага; усё аддаў нам Госпад, Бог наш,

за выключэннем зямлі сыноў Амона, да якой ты не набліжаўся; мясцовасцей вакол ручая Ябок, гарадоў у гарах, ды ўсіх месцаў, на якія даў нам забарону Госпад, Бог наш.
 
за выняткам зямлі сыноў Амона, да зямлі каторага ты не набліжаўся, і мясцовасьцяў вакол рэчкі Ябок, гарадоў ў горах, іншага месца, да каторага забараніў табе ісьці Госпад, Бог наш.