Другі закон 14 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Вы — дзеці Госпада, Бога вашага; не рабіце надрэзаў на сабе, не выстрыгайце валасоў паміж вачамі вашымі па памерлым,
Вы — дзеці Госпада, Бога вашага; ня будзеце наразаць скуры, выстрыгаць валасоў над вачыма вашымі па памёршых,
бо ты народ святы для Госпада, Бога твайго, і цябе Ён выбраў, каб стаўся ты асаблівым народам для Яго з усіх народаў, якія ёсць на зямлі.
бо ты — народ сьвяты Госпаду, Богу твайму, цябе Ён выбраў, каб стаўся ты асабліваю ўласнасьцю Ягонай спасярод усіх народаў на зямлі.
Не еж нічога паганага.
Ня еш нічога паганага.
Вось жывёлы, якіх вы можаце есці: вол, баран, каза,
Вось зьвяры, якія вы можаце есьці: вол, баран, каза,
алень, сарна, буйвал, лань, казуля, антылопа, горны казёл.
алень, сарна, буйвал, лань, казуля, антылёпа, горны казёл.
Можаце есці кожную жывёлу, якая мае цалкам раздвоеныя капыты і якая жуе жвайку, і на абодвух капытах глыбокі разрэз, і тую жывёлу, якая жуе жвайку.
Можаце есьці кожную жывёлу, якая мае разьдзеленыя капыты і на абодвух капытах глыбокі разрэз, і тую жывёлу, якая жуе жвайку, можаце есьці.
Але тых, якія жуюць жвайку і не маюць раздвоеных капытоў, не ежце такіх: вярблюда, зайца і тушканчыка, бо яны жуюць жвайку, але не маюць цалкам раздвоеных капытоў, яны будуць нячыстымі для вас.
Але некаторых, каторыя жуюць жвайку і маюць разьдзеленыя капыты з глыбокім разрэзам, такіх як вярблюд, заяц і тушканчык, ня ешьце, таму што хоць яны жуюць жвайку, але капыты ў іх не разьдзелены, яны для вас нячыстыя.
Свіння таксама, бо хаця ў яе цалкам раздвоеныя капыты, але не жуе жвайку, яна будзе для вас нячыстай; мяса іх не ежце і да падліны не дакранайцеся.
Сьвіньня таксама, хоць капыты ў яе разьдзеленыя, але не жуе жвайку, будзе для вас нячыстай; мяса яе ня ешьце і падліны не датыкайцеся.
Вось што можна есці з усяго таго, што родзіцца ў вадзе: ежце тых, што маюць плаўнікі і луску;
З усіх жывёлаў, каторыя ў вадзе, ешьце ўсіх, каторыя маюць плаўнікі і луску.
а тых, што без плаўнікоў і лускі, не ежце, бо яны для вас нячыстыя.
А тых, што без плаўніка і лускі, ня ешьце, бо яны для вас нячыстыя.
Усіх чыстых птушак — ежце.
Усе чыстыя птушкі — ешьце.
Толькі наступных не ежце: арла, грыфа і марскога арла,
Спасярод птушак ня будзеце есьці: арла, грыфа і марскога арла,
чорнага грыфа, каршука і сокала з родам яго,
каршука і сокала паводле роду іх,
і любую птушку з роду крумкача,
і ўсякага крука паводле роду яго,
страуса, саву, чайку і ястраба з родам яго,
стравуса, саву, чайкі і ястраба з гатункамі яго,
пугача, рыбалова і ібіса,
пугача, ібіса і лебедзя,
лебедзя, пелікана і сыча,
і пэлікана, і сіпа, і рыбалова,
чаплю і бусла з родам яго, і ўдода і кажана.
чаплі і бусла з гатункамі яго, і ўдода, і кажана.
Таксама ўсё, што поўзае і мае крылы, нячыстым будзе для вас, нельга есці.
Кожная жужла крылатая для вас нячыстая, ня будзеце яе есьці.
Усякую птушку чыстую можаце есці.
Усякія птушкі чыстыя можаце есьці.
Падліны, якой бы яна ні была, не будзеце есці. Дай яе чужынцу, які здарыцца ў тваёй мясцовасці, або прадай чужынцу: бо ты — народ святы для Госпада, Бога твайго. Не вары казляня ў малацэ маці яго.
Ня будзеце есьці ніякай падліны. Дасі яе чужынцу, які здарыцца ў тваёй мясцовасьці, або прадасі чужому: бо ты — народ сьвяты Госпаду, Богу твайму. Не вары казьляці ў малаку маткі ягонай.
Выдзяляй дзесятую частку з усіх пладоў насення твайго, якое родзіцца на зямлі штогод,
Выдзяляй дзесятую частку з усіх пладоў насеньня, з таго, што зямля штогод родзіць,
і еж перад Госпадам, Богам тваім, на тым месцы, якое Ён выбера, каб прабывала ў ім імя Яго, дзесяціну збожжа твайго, і віна, і алівы, і першародных бычкоў і авечак тваіх, каб навучыўся ты ва ўсе дні шанаваць Госпада, Бога твайго.
і еш перад Госпадам, Богам тваім, на тым месцы, каторае Ён выбярэ, каб прабывала там імя Яго, дзесяціну збожжа твайго, і віна, і алівы, і першароднай жывёлы, і авец тваіх, каб навучыўся ты ва ўсе дні баяцца Госпада, Бога твайго.
Калі ж далёкай будзе дарога твая і месца, якое выбера Госпад, Бог твой, каб памясціць там імя Сваё і дабраславіць цябе, і ты не зможаш для Бога ў Яго месца ўсё гэта прынесці, каб памясціць там імя Сваё, і калі Госпад, Бог твой, дабраславіў цябе,
Калі ж далёкай будзе дарога твая і ня зможаш гэта прынесьці на месца, каторае выбярэ Госпад, Бог твой, каб там памясьціць імя Сваё, і калі Госпад, Бог твой, дабраславіў цябе,
то прадай усё ды атрымай грошы; і вазьмі ў руку сваю ды накіруйся да месца, якое выбера Госпад, Бог твой,
то памяняй гэта на серабро, і вазьмі серабро ў руку тваю, і ідзі на месца, каторае выбярэ Госпад, Бог твой,
і купляй за гэтыя грошы ўсё, што табе спадабаецца: ці з валоў, ці з авечак, таксама віно і сікеру, ды ўсё, чаго жадае душа твая; і еж там перад Госпадам, Богам тваім, і весяліся ты і ўся сям’я твая,
і купляй там за гэта серабро ўсё, чаго жадае душа твая: ці з жывёлы, ці з авец, таксама віно і сікеру, ды ўсё, чаго жадае душа твая; і будзеш есьці там перад Госпадам, Богам тваім, і будзеш весяліцца ты і ўся сям'я твая.
і левіт, які ў брамах тваіх; глядзі, не пакідай яго, бо ён не мае ані часткі, ані ўласнасці з табою.
І не пакідай левіта, каторы ў брамах тваіх, бо ён ня мае часткі ані спадчыны з табою.
Пад канец трэцяга года аддзялі іншую дзесяціну з усяго, што ўрадзілася ў цябе за гэты час, і пакладзі ў брамах тваіх,
Пад канец трэцяга году адлажы ўсе дзесяціны з пладоў трэцяга году і пакінь у сьценах свайго жытла.
і хай прыйдзе левіт, які не мае часткі і спадчыны з табой, і чужынец, і сірата, і ўдава, якія знаходзяцца ў брамах тваіх, будуць яны есці і наядуцца, каб дабраславіў цябе Госпад, Бог твой, у кожнай працы рук тваіх, што будзеш рабіць.
Вось жа прыйдзе левіт, бо ён ня мае часткі і спадчыны з табой, прыйдзе чужынец, сірата або ўдава, каторыя знаходзяцца ў брамах тваіх, будуць яны есьці і наядуцца, каб дабраславіў табе Госпад, Бог твой, у кожнай працы рукі тваёй, што будзеш рабіць.