Другі закон 18 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Святары левіты, усё пакаленне Леві, хай не маюць ані часткі, ані ўласнасці ў Ізраэлю. Хай харчуюцца з ахвяр, паленых на ўшанаванне Госпада і спадчыны Яго.
Сьвятары левіты, усё пакаленьне Левія, ня будуць мець часткі ані спадчыны ў Ізраэлі. Будуць харчавацца з ахвяраў, паленых на ўшанаваньне Госпада і спадчыны Яго.
Не атрымаюць яны нічога з уласнасці братоў сваіх: Сам Госпад — уласнасць іх, як Ён гэта сказаў ім.
Не атрымаюць яны спадчыны сярод братоў сваіх, бо Госпад — спадчына іх, як Ён гэта сказаў ім.
Вось што хай належыць па праву святару з таго, што народ складае ў ахвяру: якія складаюць у ахвяру вала або авечку, хай дадуць святару лапатку, сківіцы і страўнік,
Вось што належыць сьвятару з таго, што народ складае ў ахвяру: каторыя складаюць у ахвяру вала або авечку, даюць сьвятару лапатку, пашчэмку і страўнік.
пяршыні збожжа свайго, віна і алею, а таксама воўны ад стрыжкі авечак.
Аддаюць яму пяршыны збожжа свайго, віна, алею і пяршыны воўны ад стрыжкі авец.
Бо яго выбраў Госпад, Бог твой, з усіх пакаленняў тваіх, каб ён стаяў і служыў у імя Госпада, — сам ён і сыны яго, навечна.
Бо іх выбраў Госпад, Бог твой, з усіх пакаленьняў тваіх, каб яны прабывалі на віду Госпада, Бога твайго, служылі і дабраслаўлялі ў імя Госпада, яны і сыны іх у-ва ўсе дні.
Калі пакіне левіт адзін з гарадоў усяго Ізраэля, у якім жыве ён як прыхадзень, і захоча пайсці, жадаючы таго месца, якое выбраў Госпад,
Калі левіт, які пражывае ў адным з гарадоў усяго Ізраэля, захоча калі-небудзь пайсьці па жаданьню душы сваёй у месца, выбранае Госпадам,
хай служыць ён у імя Госпада, Бога свайго, як усе яго браты левіты, якія будуць стаяць там перад Госпадам,
і будзе служыць у імя Госпада, Бога свайго, як усе яго браты левіты, каторыя прабываюць там на службе ў прысутнасьці Госпада,
хай атрымлівае ён такую ж частку ўтрымання, як і іншыя, за выключэннем таго, што належыць яму ад бацькоўскай спадчыны.
хай атрымлівае для свайго пражываньня частку, роўную зь іншымі, незалежна ад прыбытку з свайго продажу бацькоўскага дому.
Калі ты ўвойдзеш у зямлю, якую дасць табе Госпад, Бог твой, сцеражыся, каб не навучыўся брыдотам гэтых народаў.
Калі ты ўвойдзеш у зямлю, каторую дае табе Госпад, Бог твой, сьцеражыся, каб не захацеў ты насьледаваць брыдотаў гэтых народаў.
Хай не знойдзецца ў цябе той, хто б сына свайго або дачку праводзіў праз агонь, імкнуўся зведаць лёс або варажыў па рэчах ці па аблоках, хай не будзе чараўніка,
Хай ня знойдзецца ў цябе той, хто б сына свайго або дачку праводзіў праз агонь, або займаўся варажбой ці чарадзействам,
ані заклінальніка, ані выклікаючага духаў, ані чарадзея, ані таго, хто запытвае ў памерлых,
ці займаўся закляцьцямі, пытаўся ў духаў або выклікаў памёршых.
бо брыдзіцца Госпад усім гэтым, і за злачынствы такога кшталту Ён выганіць іх у час прыходу твайго.
Брыдкі перад Госпадам кожны, хто гэтак робіць. Дзеля гэтых брыдотаў выганяе іх Госпад ад твайго аблічча.
Будзь дасканалы і беззаганны перад Госпадам, Богам тваім.
Верным будзь і беззаганным перад Госпадам, Богам тваім.
Тыя вось народы, зямлёю якіх ты будзеш валодаць, слухаюць варажбітоў і прадказальнікаў; ты ж іначай навучаны Госпадам, Богам тваім.
Тыя вось народы, у зямлю каторых ты ўваходзіш, слухаюць варажбітоў і выклікаючых духаў, гэтага не дазваляе табе Госпад, Бог твой.
Прарока, як мяне, уздыме табе з народа твайго і з братоў тваіх Госпад, Бог твой, Яго слухайце.
Прарока як мяне ўзьніме табе з народу твайго і з братоў тваіх Госпад, Бог твой; Яго (прарока) слухайце.
Як прасіў ты пра гэта ў Госпада, Бога твайго, на Гарэбе, у дзень сходу, калі казаў ты: “Не буду болей слухаць голас Госпада, Бога майго, і глядзець болей на агонь гэты вялікі, каб не памерці”.
Прасіў ты пра гэта ў Госпада, Бога твайго, на Гарэбе, у дзень сабраньня, калі казаў ты: «Не магу болей слухаць голас Госпада, Бога майго, і глядзець болей на агонь гэты вялікі, каб не памерці».
І сказаў мне Госпад: “Слушна тое, што яны сказалі.
І сказаў мне Госпад: «Слушна тое, што яны сказалі табе.
Я пастаўлю ім паміж братоў іх Прарока, падобнага табе, ды ўкладу словы Мае ў Яго вусны, і Ён скажа ім усё, што Я Яму загадаю.
Я пастаўлю ім спаміж братоў іхніх Прарока, падобнага табе, і ўкладу словы Мае ў Ягоныя вусны, Ён скажа ім усё, што Я Яму загадаю.
Хто ж слоў Маіх, якія будзе прамаўляць Ён у імя Маё, не захоча слухаць, Я пакараю таго.
Хто ж словаў Маіх, каторыя будзе вясьціць Прарок той у імя Маё не захоча слухаць, Я пакараю таго.
А прарок, разбэшчаны пыхаю, які захоча гаварыць у імя Маё тое, чаго Я не загадаў, каб ён гаварыў, або ў імя чужых багоў, будзе забіты.
А прарок, каторы адважыцца гаварыць у імя Маё таго, чаго Я не загадаў, або ў імя чужых багоў, такі прарок павінен памерці.
А калі ты падумаеш у маўклівым разважанні: “Як я магу пазнаць слова, якога Госпад не гаварыў?”, —
А калі ты падумаеш у сэрцы сваім: «Як я магу пазнаць словы, якія Госпад не гаварыў?»
гэтакі будзеш мець знак: калі прарок той прадказаў штосьці ў імя Госпада і гэта не споўнілася, значыцца, Госпад гэтага не казаў, але прарок казаў гэта праз пыхлівасць душы сваёй, таму не бойся яго.
Гэтакі будзеш мець знак: калі прарок прадказаў у імя Госпада, а ня споўнілася, значыцца Госпад гэтага не казаў, але ў сваёй пыхлівасьці гэта сам прарок прыдумаў, таму ня бойся яго.