Другі закон 19 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Калі Госпад, Бог твой, знішчыць народы, зямлю якіх мае перадаць табе, і завалодаеш ёю і абжывешся ў гарадах і дамах яе,
Калі Госпад, Бог твой, зьнішчыць народы, зямлю каторых дае табе, і завалодаеш ёю і абжывешся ў гарадах і дамах іхніх,
тады выдзелі сабе тры гарады пасярод зямлі, якую дасць табе Госпад, Бог твой, ва ўласнасць,
тады выдзелі сабе тры гарады з усёй зямлі, якую дасьць табе Госпад, Бог твой, на ўласнасьць,
і прыгатуй дарогу старанна; і падзялі на тры роўныя часткі ўсю зямлю сваю, каб хтосьці з блізкіх, які стаў выгнаннікам праз забойства, меў куды адысці.
і прыгатуй дарогу старанна; і падзялі на тры роўныя часткі ўсю зямлю сваю, каб забойца знайшоў там прыбежышча.
Такі хай будзе закон для забойцы-ўцекача, якога жыццё мае быць захавана: калі ён забіў блізкага без намеру і калі прадставіў доказы, што ані ўчора, ані заўчора не меў супраць яго ніякай нянавісці,
Такі закон забойцы-ўцекача, каторага жыцьцё мае быць захаванае: калі ён забіў бліжняга без намеру і калі супраць яго ані ўчора, ані раней ня меў нянавісьці, і гэта будзе даведзена,
але проста пайшоў з ім у лес секчы дрэвы і пры сячэнні дрэў сякера выпала з рук і жалеза, саскочыўшы з тапарышча, ударыла і забіла яго сябра, — тады хай ён уцякае ў адзін з вышэй згаданых гарадоў і жыве,
калі пайшоў хто з бліжнім сваім у лес сьсякаць дрэвы і, схапіўшы сякеру, размахнулася рука яго зь сякерай, каб сьсекчы дрэва, і саскочыла жалеза з тапарышча і ўдарыла бліжняга, такі можа схавацца ў адным з гарадоў гэтых, каб ратаваць жыцьцё,
каб мсцівец за кроў у гарачнасці сэрца не пагнаўся і не дагнаў яго, калі далёкая дарога, ды каб не памёр той, хто не вінаваты ў смерці, бо даказана, што не меў ён раней аніякай нянавісці да таго, які быў забіты. Ні ўчора, ні трэцяга дня.
каб мсьцівец за кроў у гарачнасьці сэрца свайго не пагнаўся за забойцам і не дагнаў яго, калі далёкая дарога, і не забіў яго, бо ён ня вінен сьмерці, бо ня меў нянавісьці да забітага ні ўчора, ні трэцяга дня.
Таму я загадваю табе, каб ты выдзеліў тры гарады на аднолькавай адлегласці паміж сабою,
Таму я загадваю табе: Выдзялі сабе тры гарады.
калі Госпад, Бог Твой, пашырыць межы твае, як прысягнуў тваім бацькам, ды аддасць табе ўсю зямлю, якую паабяцаў ім,
Калі Госпад, Бог твой, пашырыць межы твае, як гэта запрысяг тваім бацькам, і аддасьць табе ўсю зямлю, каторую запрысяг даць бацькам тваім,
калі ты будзеш пільнавацца кожнага гэтага прыказання і выконваць тое, што я табе сёння загадваю, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, і хадзіў увесь час дарогамі Яго, — тады дадасі сабе тры іншыя гарады і падвоіш колькасць вышэй згаданых гарадоў,
калі ты будзеш пільна выконваць гэты закон, каторы я табе сягоньня прадстаўляю, любячы Госпада, Бога свайго, ходзячы Яго дарогамі ўсе дні, тады дадасі да гэтых гарадоў яшчэ тры далейшыя гарады,
каб не праліваць нявіннай крыві пасярод зямлі, якую дасць табе Госпад, Бог твой, ва ўласнасць, каб не было на табе віны крыві.
каб не праліваць нявіннай крыві ў гэтай зямлі, каторую дасьць табе Госпад, Бог твой на ўласнасьць, каб не было на табе віны крыві.
Калі аднак хтосьці з нянавісці да свайго блізкага цікаваў на яго жыццё, паўстаў супраць яго, забіў яго, і той памёр, і ўцячэ ён у адзін з вышэй названых гарадоў,
Калі аднак чалавек зь нянавісьці да свайго бліжняга цікаваў на яго, паўстаў супраць яго, і забіў яго, і ўцячэ ў адзін з гэтых гарадоў,
то старэйшыны гэтага горада пашлюць па яго, забяруць яго з месца сховішча і аддадуць у рукі мсціўцы за кроў, і ён памрэ.
то старшыні гэтага гораду пашлюць па яго, забяруць яго адтуль і аддадуць у рукі мсьціўца за кроў, і ён памрэ.
Не шкадуй яго і змый кроў нявінную з Ізраэля, каб добра табе было.
Хай не пашкадуе яго вока тваё, і ты змыеш нявінную кроў зь Ізраэля, каб добра табе было.
Не парушай межаў блізкага твайго, якія вызначылі папярэднікі ва ўладанні тваім, якое атрымаеш ты ў зямлі, што дасць табе ва ўласнасць Госпад, Бог твой.
Не парушай мяжы бліжняга твайго, каторую вызначылі папярэднікі твае ў частцы тваёй, атрыманай у зямлі, якую дасьць табе на ўласнасьць Госпад, Бог твой.
Недастаткова будзе аднаго сведкі супраць каго-небудзь, якім бы ні быў яго грэх або яго злачынства; але дастаткова будзе любога слова з вуснаў двух або трох сведкаў.
Не хапае слова аднаго сьведкі супраць каго-небудзь у якой-колечы віне, і ў якім-колечы праступку, і ў якім-колечы граху, якім ён саграшыў, але паводле словаў двух або трох сьведкаў выносіцца рашэньне.
Калі выступіць сведка лжывы супраць чалавека, вінавацячы яго ў злачынстве,
Калі выступіць сьведка фальшыва супраць якога чалавека, вінавацячы яго ў злачынстве,
то хай стануць абодва чалавекі, што маюць спрэчку, перад Госпадам, перад абліччам святароў і суддзяў, што будуць у тыя дні.
то хай стануць абодва чалавекі, што маюць спрэчку, перад Госпадам, перад сьвятарамі і судзьдзямі, каторыя будуць у тыя дні.
Калі суддзі, надзвычай уважліва праверыўшы, выявяць, што лжывы сведка сказаў няпраўду супраць брата свайго,
Судзьдзі павінны пільна праверыць, і калі сьведка той — сьведка фальшывы і фальшыва гаварыў на брата свайго,
то хай яны зробяць яму тое, што ён меў намер зрабіць брату свайму; і так вынішчыш зло з асяроддзя свайго,
то зрабіце яму тое, што ён меў намер зрабіць брату свайму, і так вынішчы зло з асяродзьдзя свайго.
каб другія, пачуўшы, баяліся і ніколі больш у асяроддзі тваім такіх рэчаў не адважваліся рабіць.
А другія, пачуўшы, будуць баяцца і ніколі больш у асяродзьдзі тваім такіх рэчаў не адважацца рабіць.
Не шкадуй такога, але душу за душу, вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу патрабуй.
Не шкадуй такога, але душу за душу, вока за вока, зуб за зуб, руку за руку, нагу за нагу запатрабуеш.