Другі закон 23 разьдзел

Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Не павінен еўнух з патрушчанымі або адсечанымі яечкамі або адрэзаным членам уваходзіць у супольнасць Госпадаву.
 
Ніхто, хто мае струшчаныя яечкі або адрэзаны чэляс, ня ўвойдзе ў супольнасьць Госпадаву.

Не павінен уваходзіць байструк у супольнасць Госпадаву, нават у дзесятым пакаленні.
 
Ня ўвойдзе байструк да супольнасьці Госпадавай, нават у дзесятым пакаленьні ня ўвойдзе ён у супольнасьць Госпада.

Не павінны ўваходзіць аманіцяне і маабцы ў супольнасць Госпада навекі, нават у дзесятым пакаленні; не ўвойдзе ён у супольнасць Госпада навекі,
 
Ня ўвойдзе сын Амона і Маабец у супольнасьць Госпада нават у дзесятым пакаленьні; ня ўвойдзе ён ў супольнасьць Госпада навекі,

таму што не захацелі яны выйсці вам насустрач з хлебам і вадой, калі вы ішлі з Егіпта, ды набылі супраць цябе Балаама, сына Бэора, з Пэтора ў Арам-Нагараіме, каб цябе праклінаў.
 
таму што ня выйшлі яны нам на дарогу з хлебам і вадой, калі мы ішлі з Эгіпту, ды аплацілі супраць цябе Білеама, сына Бэора, з Пэтору, што ў Арам-Нагараіме, каб цябе праклінаў.

Але Госпад, Бог твой, не захацеў слухаць Балаама, і замяніў праклён адносна цябе на дабраславенне, бо Ён узлюбіў цябе.
 
Але Госпад, Бог твой, не хацеў слухаць Білеама, і Госпад, Бог твой, замяніў праклён адносна цябе на дабраславенства, бо Госпад, Бог твой, узьлюбіў цябе.

Не ўчыняй з імі міру і не жадай ім дабра ва ўсе дні жыцця свайго навекі.
 
Ня будзеш жадаць для іх міру і дабра ва ўсе дні свае і навекі.

Не мусіш брыдзіцца эдомцам, бо ён — твой брат, ані егіпцянінам, бо прыбыльцам быў ты ў зямлі яго:
 
Ня будзеш брыдзіцца Эдомцам, бо ён — твой брат, ані Эгіпціянінам, бо прыбыльцам быў ты ў зямлі яго.

тыя, што нарадзіліся ад іх у трэцім пакаленні, могуць увайсці ў супольнасць Госпадаву.
 
У трэцім пакаленьні іх нашчадкі іх могуць быць дапушчаны ў супольнасьць Госпадаву.

Калі выступіш супраць ворагаў тваіх у бой, сцеражыся ўсякай ліхой рэчы.
 
Калі выступіш супраць ворагаў тваіх у бой, сьцеражыся ад усякай ліхой рэчы.

Калі знойдзецца ў цябе чалавек, які паганіцца ў час начнога сну, дык хай выйдзе ён з лагера і не вернецца,
 
Калі знойдзецца ў цябе чалавек нячысты дзеля начнога выпадку, дык хай выйдзе ён з табару і ў табар ня вернецца.

перш, чым не памыецца да вечара вадою, а пры захадзе сонца хай вернецца ў лагер.
 
Пад вечар няхай памыецца, а пасьля заходу сонца можа вярнуцца ў табар.

Завядзі месца па-за лагерам, у якое хадзі па патрэбе,
 
Будзеш мець месца па-за табарам, у якое будзеш хадзіць па патрэбе.

несучы кіёчак за поясам, і, калі выйдзеш вонкі, выкапай ямку і, схінуўшы нячыстасць, закапай.
 
Заагледзішся ў колік, і калі выйдзеш навонкі, прыгатуеш ямку, а вяртаючыся, пакрыеш зямлёю нячыстасьць сваю.

Бо Госпад, Бог твой, ходзіць пасярод лагера твайго, каб берагчы цябе ад ворагаў тваіх і выдаваць іх табе; хай лагер твой будзе святы, і хай не ўбачыць Ён аніякай нячыстасці ў ім і не пакіне цябе.
 
Бо Госпад, Бог твой, ходзіць пасярод табару твайго, каб берагчы цябе ад ворагаў тваіх і выдаваць табе непрыяцеляў тваіх; хай табар твой будзе сьвяты, і нічога ў ім ня мае быць паганага, каб Ён не пакінуў цябе.

Не выдавай нявольніка, які да цябе ўцёк, гаспадару яго.
 
Ня выдавай нявольніка, каторы да цябе ўцёк, пану ягонаму.

Хай ён жыве з табою пасярод цябе, у месцы, якое ён выбера ў адным з гарадоў тваіх, які спадабаецца яму, і ты не засмучай яго.
 
Будзе ён жыць з табою, у месцы, якое ён выбраў бы ў адным з гарадоў тваіх, які спадабаўся б яму, і ты не засмучай яго.

Хай не будзе распусніцы сярод дачок Ізраэля, ані мужчыны распусніка сярод сыноў Ізраэля.
 
Ня будзе распусьніцы сярод дачок Ізраэля, ані мужчыны распусьніка сярод сыноў Ізраэля.

Не складай у ахвяру заробку распусніцы або платы распусніка ў доме Госпада, Бога твайго, чым бы ты ні прысягаў, бо Госпад, Бог твой, брыдзіцца адным і другім.
 
Не занясеш у дом Госпада, Бога твайго, заробку распусьніцы і грошы распусьніка, як шлюбаваныя, бо Госпад, Бог твой, брыдзіцца адным і другім.

Не давай пазыкі пад працэнты брату свайму ані грашамі, ані харчаваннем, ані іншымі якімі рэчамі,
 
Не вымагай ад брата свайго адсоткаў з грошаў, ці з харчаваньня, ці з чаго другога, што пазычаецца на адсоткі.

але давай чужому. Брату ж дай без працэнтаў тое, у чым ён мае патрэбу, каб дабраславіў цябе Госпад, Бог твой, ва ўсім, да чаго прыкладзеш ты руку сваю на зямлі, у якую ўвайшоў ты, каб валодаць.
 
Ад чужога можаш вымагаць, але ад брата ня будзеш вымагаць адсоткаў, каб Госпад, Бог твой, дабраславіў табе ва ўсім, да чаго прыкладзеш ты руку сваю ў зямлі, якою ідзеш авалодаць.

Калі складзеш прысягу Госпаду, Богу твайму, не марудзь выканаць яе, бо Госпад, Бог твой, запатрабуе гэтага ад цябе і залічыцца гэта табе за грэх.
 
Калі складзеш шлюбаваньне Госпаду, Богу твайму, не марудзь выпаўніць яго, бо Госпад, Бог твой, патрабуе гэтага ад цябе і залічыць гэта табе за грэх.

Калі ўстрымаешся ад абяцання, будзеш без граху.
 
Калі ўстрымаешся ад шлюбаваньня, будзеш бяз грэху.

А што выйшла з вуснаў тваіх, тое захоўвай і рабі, як абяцаў ты Госпаду, Богу твайму; з уласнай волі і вуснамі сваімі ты гэта абяцаў.
 
А што выйшла з вуснаў тваіх, тое захоўвай і рабі, як абяцаў ты Госпаду, Богу твайму; з уласнай волі і вуснамі сваімі ты гэта абяцаў.

Калі ўвойдзеш у вінаграднік блізкага свайго, еж вінаград, колькі табе падабаецца, але ў кошыку не вынось з сабой.
 
Калі ўвойдзеш у вінаграднік бліжняга свайго, еш вінаград, колькі табе падабаецца, але ў кошыку не вынось з сабой.

І калі ўвойдзеш на ніву блізкага свайго, зрывай каласы рукою, а сярпом не жні.
 
І калі ўвойдзеш у збожжа бліжняга свайго, рві каласы рукою, а сярпом ня жні.