Другі закон 9 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
«Слухай, Ізраэль: ты пяройдзеш сёння праз Ярдан, каб завалодаць народамі моцнымі і мацнейшымі за цябе, гарадамі вялізнымі і ўмацаванымі аж да неба,
Слухай, Ізраэль, ты сёньня маеш перайсьці празь Ярдан, каб завалодаць народамі большымі і мацнейшымі за цябе, гарадамі велізарнымі і ўмацаванымі аж пад неба,
народам вялікім і высокім, сынамі Анака, якіх ты ведаеш і пра якіх ты чуў, якім ніхто не можа супрацьстаяць.
народам вялікім і высокім, сынамі Анака, вядомымі табе, аб якіх ты чуў, што ім ніхто ня можа супрацівіцца.
Дык ведай сёння, што Госпад, Бог твой, Сам пройдзе перад табой, як агонь знішчальны, які сатрэ іх і зрыне перад абліччам тваім, каб ты хутка выгнаў і знішчыў іх, як Ён сказаў табе.
Дык ведай, што сёньня Госпад, Бог твой, пяройдзе перад табой, як агонь палючы. Ён зьнішчыць іх і аддасьць іх табе, каб ты хутка выгнаў і зьнішчыў іх, як Госпад сказаў табе.
Дык не кажы ў сэрцы сваім, калі Госпад, Бог твой, выганіць іх перад абліччам тваім: “Дзеля справядлівасці маёй увёў мяне Госпад, каб завалодаў я гэтаю зямлёю”, — бо дзеля злачынства народаў гэтых выганяе іх Госпад перад табою.
Дык не кажы ў сэрцы сваім, калі Госпад, Бог твой, выганіць іх перад воблікам тваім: «Дзеля справядлівасьці маёй увёў мяне Госпад, каб завалодаў я гэтаю зямлёю», бо дзеля злачынства народаў гэтых выганяе іх Госпад перад табою.
Бо вось не дзеля справядлівасці тваёй і праваты сэрца твайго ўвойдзеш ты, каб завалодаць зямлёю іх, але за тое, што яны чынілі бязбожна; па прыходзе тваім Госпад, Бог твой, выганіць іх перад табой, каб споўніў Госпад слова Сваё, якое пад прысягай абяцаў бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу.
Бо вось не дзеля справядлівасьці тваёй і праваты сэрца твайго ўваходзіш ты, каб завалодаць зямлёю іхняй, але за тое, што яны жылі бязбожна, па прыходзе тваім Госпад, Бог твой, выганяе іх перад табою, каб споўніць слова Сваё, якое пад прысягай абяцаў бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу.
Дык ведай, што не дзеля справядлівасці тваёй Госпад, Бог твой, даў табе гэтую добрую зямлю ва ўласнасць, бо ты народ цвёрдага карку.
Дык ведай, што не дзеля справядлівасьці тваёй Госпад, Бог твой, даў табе гэтую добрую зямлю на пасяленьне, хоць ты — народ цьвёрдага карку.
Памятай і не забывайся, як раздражняў ты Госпада, Бога твайго, аж да гневу ў пустыні; з таго дня, як выйшаў ты з Егіпта і аж пакуль прыйшлі ў гэтае месца, працівіліся вы Госпаду.
Памятай і не забывайся, як вымусіў ты Госпада, Бога твайго, да гневу на пустыні; з таго дня, як выйшаў ты з Эгіпту і аж пакуль прыйшлі ў гэтае месца, працівіліся вы Госпаду.
Бо і на Гарэбе раздражнялі вы Яго, і, разгневаны, хацеў Ён знішчыць вас,
Бо і на Гарэбе гневалі вы Яго і, разгневаны, хацеў Ён зьнішчыць вас,
і калі я ўзышоў на гару, каб атрымаць каменныя табліцы, табліцы запавету, які заключыў Госпад з вамі, і быў я на гары сорак дзён і начэй, не еў хлеба і не піў вады.
і калі я ўзыйшоў на гару атрымаць каменныя табліцы, табліцы запавету, які заключыў Госпад з вамі, і быў я на гары сорак дзён і начэй, ня еў хлеба і ня піў вады.
І даў мне Госпад дзве каменныя табліцы, якія былі запісаны пальцам Бога і змяшчалі ўсе словы, якія вам сказаў Госпад на гары з сярэдзіны агню, калі народ сабраўся на сход.
І даў мне Госпад дзьве каменныя табліцы, запісаныя пальцам Бога, на якіх былі ўсе словы, каторыя вам сказаў Госпад на гары зь сярэдзіны агню ў дзень сабраньня.
Калі мінула сорак дзён і столькі ж начэй, даў мне Госпад дзве каменныя табліцы, табліцы запавету,
Калі мінула сорак дзён і столькі ж начэй, даў мне Госпад дзьве каменныя табліцы, табліцы запавету,
і сказаў мне: “Устань і сыдзі адсюль хутка, бо зграшыў народ твой, які вывеў ты з Егіпта; хутка пакінулі яны шлях, які загадаў Я ім, і зрабілі сабе ідала з металу”.
і сказаў мне: «Устань і зыйдзі адсюль хутка, бо саграшыў народ твой, каторы вывеў ты з Эгіпту; скора зыйшлі з дарогі, каторую загадаў Я ім, і зрабілі сабе ідала з мэталю».
І зноў сказаў Госпад мне: “Бачу, што гэты народ ёсць цвёрдага карку,
І зноў сказаў Госпад мне: «Бачу, што гэты народ ёсьць народам цьвёрдага карку.
дазволь Мне, каб Я знішчыў іх і сцёр іх імя з-пад неба, а з цябе Я зраблю народ дужэйшы і большы за гэты”.
Дазволь Мне, каб Я зьнішчыў іх і сьцёр іхняе імя з-пад неба, а зь цябе Я зраблю народ дужэйшы і большы за гэты».
І, павярнуўшыся, сышоў я з палаючай гары, і трымаў я аберуч дзве каменныя табліцы запавету.
І я павярнуўся, і зыйшоў з палаючай гары, трымаючы аберуч дьзве каменныя табліцы.
І калі я ўбачыў, што вы зграшылі супраць Госпада, Бога вашага, і што зрабілі сабе літае цяля ды што хутка сышлі з дарогі Яго, якую Госпад вам загадаў,
І калі я ўбачыў, што вы саграшылі супраць Госпада, Бога вашага, і што зрабілі сабе літае цялё ды што хутка зыйшлі з дарогі, каторую Госпад вам загадаў,
схапіў я абедзве табліцы і кінуў іх рукамі сваімі, і разбіў іх перад абліччам вашым;
схапіў я абедзьве табліцы і кінуў іх, і разьбіў іх у вашай прысутнасьці;
і ўпаў я перад Госпадам, як раней, сорак дзён і начэй не еў хлеба і не піў вады дзеля ўсіх грахоў вашых, якіх вы дапусціліся супраць Госпада і раздражнілі Яго да гневу,
і ўпаў, і ляжаў я перад Госпадам як раней, сорак дзён і начэй, ня еў хлеба і ня піў вады дзеля ўсіх грахоў вашых, каторых вы дапусьціліся супраць Госпада і змусілі Яго да гневу,
бо баяўся я абурэння і гневу Яго, у якім, на вас разгневаны, Ён хацеў вас знішчыць. І выслухаў мяне Госпад нават у гэты раз.
бо баяўся я ярасьці і гневу Ягонага, у якім, на вас разгневаны, Ён хацеў вас зьнішчыць.
Таксама быў Ён надта разгневаны на Аарона і хацеў яго вынішчыць, але і за яго тады я памаліўся.
Таксама быў Ён надта разгневаны на Аарона і хацеў яго забіць, але і за яго тады я маліўся.
А грэх ваш, які вы ўчынілі, гэта значыць цяля, я, схапіўшы, спаліў агнём і, разбіўшы на кавалкі, дашчэнту сцёр на попел і кінуў у ручай, які сцякаў з гары.
А прычыну грэху вашага, значыць цялё літае, каторае вы зрабілі, я, схапіўшы, спаліў агнём, і разьбіў, і сьцёр на попел, і кінуў у ручай, які сьцякаў з гары.
І ў Табэры, і ў Масе, і ў Кіброт-Гатаве яшчэ раздражнялі вы Госпада.
І ў Табэры, у Масе і ў Кіброт-Гаттаве яшчэ спакушалі вы Госпада.
І калі пасылаў вас Госпад з Кадэс-Барнэ, кажучы: “Ідзіце і авалодайце зямлёй, якую Я даў вам”, то вы супрацівіліся волі Госпада, Бога вашага, і не паверылі Яму, і не захацелі паслухацца голасу Яго.
І калі пасылаў вас Госпад з Кадэш-Барнэа, кажучы: «Ідзіце і авалодайце зямлёй, якую даў Я вам», то вы супрацівіліся волі Госпада, Бога вашага, і не паверылі Яму, і не паслухалі голасу Яго;
Вы заўсёды працівіліся Госпаду, ад дня, як пачаў я вас ведаць.
вы заўсёды працівіліся Госпаду, ад дня, як стаў я вас ведаць.
І ляжаў я перад Госпадам сорак дзён і начэй, на працягу якіх пакорна маліў, каб Ён не нішчыў вас, як прыгразіў.
Сорак дзён і начэй ляжаў я перад Госпадам і пакорна маліў Яго, каб ня нішчыў Ён вас, як сказаў.
І ў малітве прасіў: “Госпадзе, Божа, не губі народ Твой і спадчыну Тваю, якую адкупіў Ты веліччу Сваёй, бо вывеў з Егіпта дужаю рукой.
І ў малітве прасіў: «Госпадзе Божа, не губі народ Твой і спадчыну Тваю, якую адкупіў Ты веліччу Сваёй, якую Ты вывеў з Эгіпту дужаю рукою.
Памятай пра паслугачоў Сваіх, Абрагама, Ізаака і Якуба; і не глядзі на закамянеласць народа гэтага і на бязбожнасць, а таксама грэх,
Памятай слугаў Тваіх, Абрагама, Ізаака і Якуба; і не глядзі на закамянеласьць народу гэтага і на бязбогасьць, а таксама грахі,
каб часам жыхары зямлі, з якой Ты вывеў нас, не казалі: “Не мог Госпад увесці іх у зямлю, якую абяцаў ім, і ўзненавідзеў іх; з гэтай прычыны і вывеў, каб забіць іх у пустыні”.
каб часам жыхары зямлі, з каторай Ты вывеў нас, не сказалі: «Ня мог Госпад увесьці іх у зямлю, каторую абяцаў ім. Зь нянавісьці да іх вывеў Ён іх, каб памерлі на пустыні».
А яны ж — Твой народ і спадчына Твая, тыя, якіх Ты вывеў Сваёй вялікай сілаю і ўзнятым плячом Сваім”.
А яны ж Твой народ і спадчына Твая, тыя, каторых Ты вывеў Сваёй вялікаю сілаю і ўзнятым плячом Сваім».