Другі закон 34 разьдзел

Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Дык Майсей з раўніны Мааба ўзышоў на гару Нэба, на вяршыню Пісгі насупраць Ерыхона. І паказаў яму Госпад усю зямлю Галаад аж да Дана,
 
Дык Майсей з раўніны Маабу ўзыйшоў на гару Нэбо, на вяршыню Пісга насупраць Ерыхону. І паказаў яму Госпад усю зямлю Гілеад аж да Дану,

і ўсю зямлю Нэфталі, зямлю Эфраіма і Манасы, ды ўсю зямлю Юды аж па заходняе мора,
 
і ўсю зямлю Нэфталі, зямлю Эфраіма і Манасы, і ўсю зямлю Юды аж па заходняе мора,

Нагэб і абшар раўніны Ерыхона, горада Пальмаў, аж да Сэгора.
 
Нэгэб і абшар раўніны Ерыхону, гораду пальмаў, аж да Цоару.

І сказаў Госпад яму: «Гэта ёсць тая зямля, якою Я прысягнуў Абрагаму, Ізааку і Якубу, кажучы: “Я дам яе нашчадкам тваім”. Бачыў ты яе вачамі сваімі, але не ўвойдзеш у яе».
 
І сказаў Госпад яму: «Гэта ёсьць тая зямля, якую Я запрысяг Абрагаму, Ізааку і Якубу, кажучы: «Я дам яе патомству твайму». Бачыў ты яе вачыма сваімі, але ня ўвойдзеш у яе».

Там, у зямлі Мааба, з волі Госпада памёр Майсей, паслугач Божы.
 
Там, у зямлі Маабу, з волі Госпада памёр Майсей, слуга Божы.

І пахавалі яго ў даліне ў зямлі Мааба насупраць Бэт-Пэгора. І ніхто з людзей не ведае магілы яго па сённяшні дзень.
 
І пахавалі яго ў даліне ў зямлі Маабу насупраць Бэт-Пэору. І ніхто зь людзей ня ведае магілы ягонай па сёньняшні дзень.

Майсей меў сто дваццаць гадоў, калі памёр, але вочы яго не прыцміліся і не змарнела сіла яго.
 
Майсей меў сто дваццаць гадоў, калі памёр, але вочы яго не прыцьміліся, і быў ён поўны сілы.

Плакалі па ім сыны Ізраэля трыццаць дзён на раўніне Мааба. Пасля скончыліся дні жалобы па Майсею.
 
Плакалі дзеля сьмерці Майсея сыны Ізраэля трыццаць дзён на раўніне Маабу. Пасьля скончыліся дні жалобы па Майсею.

Ешуа, сын Нуна, быў поўны духам мудрасці, бо Майсей усклаў на яго рукі свае; і слухалі яго сыны Ізраэля, і рабілі ўсё, як загадаў Госпад Майсею.
 
Ешуа, сын Нуна, на каторага Майсей усклаў рукі, быў поўны духа мудрасьці. І слухалі яго сыны Ізраэля, і рабілі ўсё, як загадаў Госпад праз Майсея.

І не паўстаў больш у Ізраэлі прарок такі, як Майсей, якога ведаў бы Госпад тварам у твар,
 
І не знайшоўся больш у Ізраэлю прарок такі, як Майсей, каторага ведаў бы Госпад тварам у твар

па ўсіх знаках і цудах, з якімі паслаў Ён яго, каб учыніў у зямлі Егіпецкай перад фараонам і перад усімі паслугачамі яго і перад усёй зямлёй яго,
 
і каторага б паслаў чыніць у зямлі Эгіпецкай перад фараонам і перад слугамі яго, і перад усёй зямлёй яго

ды па ўсёй руцэ магутнай і па ўсіх дзівосах, якія ўчыніў Майсей на вачах усяго Ізраэля.
 
такія знакі і цуды, якія чыніў Майсей на вачах усяго Ізраэля.