Другі закон 4 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
А цяпер, Ізраэль, слухай прыказанні і законы, якім я вучу вас, каб, выконваючы іх, вы жылі, і ўвайшлі, і завалодалі зямлёю, якую мае даць вам Госпад, Бог бацькоў вашых.
А цяпер, Ізраэль, слухай прыказаньні і законы, каторым я вучу вас, каб, выпаўняючы іх, вы жылі, і ўвайшлі, і завалодалі зямлёю, каторую дае вам Госпад, Бог бацькоў вашых.
Не дадавайце нічога да слова, што я вам кажу, ані аднімайце ад яго; выконвайце прыказанні Госпада, Бога вашага, якія я вам загадваю.
Не дадавайце нічога да таго, што я вам кажу, ані адымайце ад яго, выконваючы прыказаньні Госпада, Бога вашага, якія я вам даручаю.
Вочы вашы бачылі ўсё, што зрабіў Госпад супраць Баал-Пэгора, як Ён вынішчыў сярод вас усіх паслядоўнікаў яго.
Вочы вашыя бачылі ўсё, што зрабіў Госпад у Баал-Пэоры, як Госпад вынішчыў сярод вас усіх, што пайшлі за Баалам.
А вы ўсе, якія засталіся вернымі Госпаду, Богу вашаму, жывеце аж па сённяшні дзень.
А вы ўсе, каторыя засталіся вернымі Госпаду, Богу вашаму, жывіцё аж па сёньняшні дзень.
Вось жа, я навучыў вас прыказанням і законам, як загадаў мне Госпад, Бог мой, каб вы так рабілі ў той зямлі, якую маеце атрымаць ва ўласнасць.
Вось жа я навучыў вас прыказаньням і закону, як загадаў мне Госпад, Бог мой, каб вы так рабілі ў той зямлі, у якую ўваходзіце, каб атрымаць яе ва ўладаньне.
Беражыце і выконвайце іх, бо ў гэтым мудрасць ваша і разумнасць перад народамі, якія, чуючы аб усіх прыказаннях гэтых, будуць казаць: «Вось народ мудры і разумны, племя гэтае вялікае!»
Беражыце і выконвайце іх, бо ў гэтым мудрасьць вашая і разумнасьць перад народамі, каторыя, чуючы аб усіх прыказаньнях гэтых, будуць казаць: «Вось народ мудры і разумны, племя гэтае вялікае!»
Бо дзе ж ёсць другі народ такі вялікі, які б меў так блізкіх сабе багоў, як Госпад, Бог наш, Які бывае з намі, калі мы Яго прызываем?
Бо дзе ж ёсьць такі народ вялікі, каторы б меў так блізкіх сабе багоў, як Госпад, Бог наш, калі мы Яго прызываем?
І які ж другі народ так вялікі, які б меў прыказанні і справядлівыя законы, як увесь гэты закон, які я сёння прапаную вам перад вачамі вашымі?
І які ж другі народ так вялікі, які б меў прыказаньні і справядлівыя законы, як ўвесь гэты закон, які я сёньня даю вам?
Дык пільна беражы сябе самога і душу сваю, і не забудзь падзей, якія бачылі вочы твае, і хай не выйдуць яны з сэрца твайго ва ўсе дні жыцця твайго. Ты навучыш гэтаму дзяцей і ўнукаў сваіх
Дык сьцеражыся і пільна беражы душу сваю, і не забудзь усіх падзей, якія бачылі вочы твае, і хай захаваюцца яны ў сэрцы тваім ва ўсе дні жыцьця твайго, і ты навучыш гэтаму дзяцей і ўнукаў тваіх.
у той дзень, калі ты стаяў у прысутнасці Госпада, Бога твайго, на Гарэбе, калі Госпад сказаў мне: «Збяры да Мяне народ, хай пачуюць словы Мае, каб навучыліся шанаваць Мяне ва ўсе дні жыцця на зямлі і навучылі сыноў сваіх».
Памятай той дзень, калі ты стаяў у прысутнасьці Госпада, Бога твайго, на Гарэбе, калі Госпад сказаў мне: «Зьбяры да Мяне народ, хай пачуюць словы Мае, каб навучыліся баяцца Мяне ва ўсе дні жыцьця на зямлі і навучылі гэтаму сыноў сваіх».
Тады вы наблізіліся і стаялі ля падножжа гары, якая палала аж пад неба, і былі над ёю цемра, хмары і змрок.
Тады вы наблізіліся і стаялі ля падножжа гары, а гара палала аж пад неба, схаваная ў цемры, хмарах і змроку.
І прамовіў Госпад да вас з сярэдзіны агню; і гук слоў вы чулі, але ўнутры аблічча не бачылі.
І прамовіў Госпад да вас зь сярэдзіны агню; і гук словаў вы чулі, але па-за голасам нічога ня бачылі.
Ён аб’явіў вам запавет Свой і загадаў, каб яго выконвалі, і дзесяць прыказанняў, якія напісаў на дзвюх каменных табліцах.
Ён аб'явіў вам запавет Свой, калі загадаў вам спаўняць Дзесяць прыказаньняў, і напісаў іх на дзьвёх каменных табліцах.
У гэты час загадаў мне Госпад вучыць вас прыказанням і законам, якія павінны вы выконваць на зямлі, якую маеце атрымаць ва ўласнасць.
У гэты час загадаў мне Госпад вучыць вас прыказаньням і законам, каторыя павінны вы спаўняць на зямлі, каторую маеце атрымаць на ўласнасьць.
Дык беражыце пільна душы вашы, бо не бачылі вы ў той дзень ніякага падабенства, калі гаварыў да вас Госпад на гары Гарэб пасярод агню,
Дык сьцеражыцеся і рупцеся пра душы вашыя, бо ня бачылі вы ў той дзень ніякага вобразу, калі гаварыў да вас Госпад на гары Гарэб спасярод агню,
каб вы не сапсаваліся і не зрабілі сабе ідала, вырабляючы яго на падабенства мужчыны або жанчыны,
каб вы не сапсуліся і не зрабілі сабе ідала, вырабляючы яго на падабенства мужчыны або жанчыны,
або на падабенства якой-небудзь жывёліны, якая знаходзіцца на зямлі, або птушкі, што лётае пад небам,
або выяву якой-небудзь жывёліны, каторая знаходзіцца на зямлі, або птушкі, што лётае ў небе,
або паўзуноў, якія рухаюцца па зямлі, або рыб, якія плаваюць у вадзе пад зямлёй;
або (выяву) паўзуноў, якія рухаюцца па зямлі, або рыб, каторыя плаваюць у вадзе ніжей зямлі;
і каб часам, калі падымеш вочы ў неба і ўбачыш сонца і месяц, і зоркі, і ўсё нябеснае войска, не спалохаўся і не пачаў пакланяцца ім і служыць ім, бо Госпад, Бог твой, прызначыў іх усім народам, якія ёсць пад небам.
і каб часам, калі падымеш вочы ў неба і ўбачыш сонца і месяц, і зоркі, і ўсё нябеснае войска, не спалохаўся і не пачаў пакланяцца ім і служыць ім, бо Госпад, Бог твой, прызначыў іх усім народам пад небам.
А вас выбраў Госпад і вывеў вас з жалезнай печы егіпецкай, каб мець народ спадчынны, як гэта ёсць сёння.
А вас выбраў Госпад і вывеў вас з жалезнай печы Эгіпецкай, каб вы сталіся Яго народам, уласнасьцю Яго, як гэта ёсьць сёньня.
Дзеля вашай гаворкі разгневаўся Госпад на мяне і прысягнуў, што я не перайду Ярдана і не ўвайду ў найлепшую зямлю, якую мае даць табе ў спадчыну Госпад, Бог твой.
Дзеля вашай гаворкі разгневаўся Госпад на мяне і прысяг, што я не перайду Ярдану і не ўвайду ў добрую зямлю, якую дасьць табе ў спадчыну Госпад, Бог твой.
Вось жа, я памру на гэтай зямлі, і не перайду праз Ярдан, але вы пяройдзеце праз яго і атрымаеце ва ўласнасць гэтую выдатную зямлю.
Вось жа я памру на гэтай зямлі, і не перайду празь Ярдан, але вы пяройдзеце празь яго і паселіцеся ў гэтай прыгожай зямлі.
Дык сцеражыцеся, каб не забыліся вы пра запавет Госпада, Бога вашага, які заключыў Ён з вамі, і каб не рабілі вы сабе выяў, падобных да ўсяго, што забараніў Госпад, Бог твой,
Дык сьцеражыцеся, каб не забыліся вы пра запавет Госпада, Бога вашага, які заключыў Ён з вамі, і каб не рабілі вы сабе выяваў усяго, што забараніў Госпад, Бог твой,
бо Госпад, Бог твой, ёсць агонь знішчальны, Бог руплівы апякун.
бо Госпад, Бог твой, ёсьць агонь зьнішчаючы, Бог зайздросны.
Калі ж ты народзіш сыноў і ўнукаў, і будзеце вы доўга жыць на зямлі, і, сапсаваўшыся, зробіце статую на падабенства чагосьці, і ўчыніце ліхое перад Госпадам, Богам вашым, так што давядзеце Яго да гневу,
Калі вы народзіце сыноў і ўнукаў і дажывяцё старасьці на гэтай зямлі, і спаганіцеся, і зробіце сабе статуі, выяўляючыя што-небудзь, робячы тое, што ліхім ёсьць у вачах Госпада, Бога вашага, і загнявіцё Яго,
дык бяру сёння неба і зямлю за сведкаў супраць вас, што хутка будзеце вы выгублены з зямлі, якую вы, перайшоўшы Ярдан, маеце атрымаць ва ўладанне. Не доўга будзеце жыць на ёй, але знішчыць вас Госпад
дык бяру сёньня неба і зямлю за сьведкаў супраць вас, што хутка будзеце вы выгубленыя з паверху зямлі, да каторай вы ідзіцё празь Ярдан, каб атрымаць яе. Ня доўга будзеце жыць на ёй, бо зьнішчыць вас Госпад
і расцярушыць паміж плямёнамі, і нямногія з вас застануцца сярод народаў, да якіх мае вывесці вас Госпад.
І расьцярушыць вас Госпад сярод народаў, і нямногія з вас застануцца сярод чужых народаў, да каторых высяліць вас Госпад.
Там будзеце служыць багам, зробленым рукамі людзей, дрэву і каменю, якія не бачаць, не чуюць, не ядуць, не адчуваюць паху.
Там будзеце служыць багам, зробленым рукамі людзей, дрэву і каменю, каторыя ня бачаць і ня чуюць, не ядуць і ня чуюць паху.
І там, калі будзеш шукаць Госпада, Бога твайго, знойдзеш Яго, калі толькі будзеш шукаць Яго ўсім сэрцам і ўсёю душою сваёй.
І там, калі будзеш шукаць Госпада, Бога твайго, знойдзеш Яго, калі толькі будзеш шукаць Яго ўсім сэрцам сваім і ўсёю душою сваёй.
Калі ў горы тваім прыйдзе да цябе ўсё, што прадказана ў апошнія дні, то ты вернешся да Госпада, Бога твайго, і пачуеш голас Яго,
Калі ў горы тваім прыйдзе да цябе ў апошнія дні ўсё, што прадказана, то ты вернешся да Госпада, Бога твайго, і пачуеш голас Ягоны,
бо Госпад, Бог твой, — Бог міласэрны, Ён не пакіне цябе, не знішчыць зусім і не забудзе запавету, у якім склаў прысягу бацькам тваім.
бо Госпад, Бог твой, -Бог міласэрдны, Ён не пакіне цябе, ня зьнішчыць усяго і не забудзе запавету і таго, што ў ім запрысяг бацькам вашым.
Папытайся ў даўніх часоў, якія былі перад табой ад дня, калі стварыў Бог чалавека на зямлі, ад аднаго краю неба да другога, ці было што-колечы такое вялікае, як гэтая справа, і ці было вядома пра штосьці падобнае?
Папытайся ў даўніх часоў, якія былі перад табой ад дня, калі стварыў Бог чалавека на зямлі, і ад края неба да края неба, ці было што-колечы такое, як гэтая вялікая справа, і ці было чутно пра штосьці падобнае?
Ці чуў які народ голас Бога, Які прамаўляў з сярэдзіны агню, як ты пачуў і застаўся жывым?
Ці які народ чуў голас Божы зь сярэдзіны агню, каторы ты чуў і застаўся жывым?
Або ці спрабаваў які бог прыйсці і выбраць сабе народ пасярод народаў праз выпрабаванні, знакі і цуды, праз войны, рукой дужай і плячом узнятым, ды праз вялікія жахі, як усё, што зрабіў вам Госпад, Бог ваш, у Егіпце на вачах тваіх?
Або ці спрабаваў які бог прыйсьці і выбраць сабе народ спасярод другіх народаў праз выпрабаваньні, знакі і цуды, і войны ды рукою дужаю і плячом узьнятым праз жахі страшныя, як гэтае ўсё, што зрабіў вам Госпад, Бог ваш, у Эгіпце на вачах тваіх?
Табе паказана гэта, каб ты ведаў, што Госпад ёсць Бог, і апроч Яго няма іншага.
Ты бачыў усё гэта, каб пераканацца, што Госпад ёсьць Бог, і апроч Яго няма іншага.
Ён даў табе з неба чуць голас Свой, каб навучыць цябе; на зямлі паказаў табе агонь Свой велізарны; і ты пачуў словы Яго з сярэдзіны агню,
Ён даў табе зь неба чуць голас Свой, каб навучыць цябе; на зямлі даў табе ўбачыць агонь велізарны і чуць Свае словы зь сярэдзіны агню.
бо Ён палюбіў бацькоў тваіх і выбраў нашчадкаў іх пасля іх. І вывеў цябе абліччам Сваім з Егіпта сілай вялікаю,
Калі вось палюбіў Ён бацькоў тваіх, дык выбраў патомства іх і вывеў цябе з Эгіпту Сваёю сілаю вялікаю,
каб выгнаць народы большыя і мацнейшыя за цябе ў час уваходу твайго ды каб увесці цябе і даць табе зямлю іх ва ўласнасць, як ты гэта сёння бачыш.
каб выгнаць перад табой народы большыя і мацнейшыя за цябе і каб увесьці цябе ў іх зямлю і даць табе яе ў спадчыну, як ты гэта сёньня бачыш.
Дык пераканайся сёння і разваж у сэрцы сваім, што толькі Госпад ёсць Бог на небе высока і на зямлі нізка і няма іншага.
Дык пераканайся сёньня і разваж у сэрцы сваім, што толькі Госпад ёсьць Бог, і на небе высока і на зямлі нізка няма іншага.
Захоўвай прыказанні Яго і запаветы, якія я сёння даручаю табе, каб добра было табе і дзецям тваім па табе і каб ты жыў доўгі час на зямлі, якую Госпад, Бог твой, мае даць табе».
Захоўвай прыказаньні Яго і закон, каторы я сёньня даручаю табе спаўняць, каб добра было табе і дзецям тваім па табе і каб ты жыў доўгі час на зямлі, якую Госпад, Бог твой, мае даць табе».
Потым аддзяліў Майсей тры гарады за Ярданам на ўсход сонца,
Потым вызначыў Майсей тры гарады за Ярданам на ўсход сонца,
каб туды мог уцячы кожны, хто забіў блізкага мімаволі і не быў яму ворагам ні ўчора, ні заўчора, ды каб мог ён уцячы ў адзін з тых гарадоў і жыў там.
каб туды мог уцячы забойца, каторы забіў бліжняга міма волі, ня маючы яго перад тым у нянавісьці, і каб схаваўшыся ў адзін з гэтых гарадоў, мог захаваць жыцьцё.
Гэта Басор у пустыні, што знаходзіцца на раўніне, для сыноў Рубэна; і Рамот у Галаадзе для сыноў Гада, і Галан у Басане для сыноў Манасы».
Гэта Бэцэр у пустыні на раўніне для сыноў Рубэна; Рамот у Гілеадзе для сыноў Гада і Галян у Башане для сыноў Манасы.
Такі вось закон прапанаваў Майсей перад сынамі Ізраэля;
Такі вось закон даў Майсей сынам Ізраэля;
вось такія сведчанні, прыказанні і законы, якія абвясціў ён сынам Ізраэля, калі выйшлі яны з Егіпта,
вось такія прыказаньні і законы, якія абвясьціў ён сынам Ізраэля, калі выйшлі яны з Эгіпту,
за Ярданам на лагчыне насупраць Бэт-Пэгора, у зямлі Сэгона, цара амарэяў, які жыў у Хесебоне, якога знішчыў Майсей і сыны Ізраэля па выхадзе з Егіпта.
за Ярданам на лагчыне насупраць Бэт-Пэору, у зямлі Сыгона, караля Аммарэйцаў, які жыў у Хешбоне, каторага зьнішчыў Майсей і сыны Ізраэля па выхадзе з Эгіпту.
І завалодалі яны зямлёю яго і зямлёю Ога, цара Басана, двух цароў амарэйскіх, якія жылі за Ярданам на ўсход сонца;
І завалодалі яны зямлёю Ога, караля Башану, двух каралёў Амарэйцаў, каторыя жылі за Ярданам на ўсход сонца;
ад Араэра, што на беразе ручая Арнон, аж да гары Сіён, значыць Гэрмон,
ад Араэру на беразе ручая Арнон аж да гары Сырыён, значыць Гермон,
і ўсёю зямлёю Арабы за Ярданам на ўсходзе, аж да мора Арабы ля падножжа гары Пісгі.
і ўсю Арабу за Ярданам на ўсходзе, аж да Мора Арабы ля падножжа Пісгі.