Другі закон 30 разьдзел
Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
«Калі споўняцца на табе ўсе гэтыя словы, дабраславенне і праклён, якія я абвясціў перад абліччам тваім, і ты прымеш іх у сэрца сваё сярод усялякіх народаў, па якіх раскідаў цябе Госпад, Бог твой,
Калі споўняцца на табе ўсе гэтыя словы дабраславенства і праклёну, каторыя я абвясьціў табе, і ты прымеш іх у сэрца сваё сярод усялякіх народаў, у якія выгнаў цябе Госпад, Бог твой,
і вернешся да Яго, і будзеш слухацца Яго волі ва ўсім, што я сёння табе загадваю, разам з сынамі тваімі, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй,
і вернешся да Яго, і будзеш слухаць Яго голас ва ўсім, што я сягоньня табе загадваю, ты і сыны твае, усім сэрцам тваім і ўсёй душою тваёй,
тады адменіць Госпад, Бог твой, няволю тваю, і пашкадуе цябе, і зноў збярэ цябе з усіх народаў, сярод якіх цябе перад тым расцярушыў.
тады адменіць Госпад, Бог твой, няволю тваю і пашкадуе цябе, і зноў сабярэ цябе з усіх народаў, у каторыя цябе перад тым выгнаў.
Хоць бы ты быў расцярушаны аж да краёў неба, і нават адтуль сцягне і забярэ цябе Госпад, Бог твой,
Хоць бы ты быў выгнаны на канец неба, адтуль сьцягне і адтуль зьбярэ цябе Госпад, Бог твой, і возьме цябе,
і ўвядзе ў зямлю, якой валодалі бацькі твае, і атрымаеш яе, і зробіць Ён цябе шчаслівейшым і павялічыць цябе больш за бацькоў тваіх.
і ўвядзе ў зямлю, якую мелі бацькі твае, і атрымаеш яе ва ўладаньне, і дабраславіць, і павялічыць цябе больш за бацькоў тваіх.
Госпад, Бог твой, абрэжа сэрца тваё і сэрца нашчадкаў тваіх, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім ды ўсёю душою тваёй, каб мог ты жыць.
Госпад, Бог твой, абрэжа сэрца тваё і сэрца патомства твайго, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім ды ўсёю душою тваёй, каб жыў ты.
А ўсе гэтыя праклёны зверне Ён на ворагаў тваіх і на тых, якія ненавідзяць цябе і пераследуюць.
Тады зьверне Госпад, Бог твой, усе гэтыя праклёны на ворагаў тваіх і на тых, каторыя ненавідзяць цябе і крыўдзяць цябе.
Ты, вось, навернешся, і будзеш слухаць голас Госпада, і выканаеш усе прыказанні, якія я загадваю табе сёння;
Ты вось навернешся, і будзеш слухаць голас Госпада, і выканаеш усе прыказаньні, якія я загадваю табе сягоньня.
і Госпад, Бог твой, дасць табе вялікі поспех ва ўсіх справах рук тваіх, у пладах улоння твайго, і ў прыплодзе жывёлы тваёй, і ва ўрадлівасці зямлі тваёй, у дастатку ўсіх рэчаў. Бо навернецца Госпад, каб цешыцца з цябе ва ўсіх дабротах, як цешыўся Ён з бацькоў тваіх,
Госпад, Бог твой, дасьць табе посьпех ва ўсіх працах рук тваіх, у пладах улоньня твайго, і ў прыплодзе жывёлы тваёй, і ўрадлівасьці зямлі тваёй табе на дабро. Уласкавіцца бо Госпад, каб цешыцца зь цябе, даючы ўсякія даброцьці, як цешыўся Ён з бацькоў тваіх,
калі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і берагчы будзеш загады Яго і прыказанні, якія запісаны ў гэтым законе, і навернешся да Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй.
калі будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і берагчы будзеш загады Ягоныя і прыказаньні, якія запісаны ў гэтым Законе, і навернешся да Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім і ўсёй душой тваёй.
Загад гэты, які я табе сёння даю, не ёсць па-над табою і не занадта далёкі.
Загад гэты, які я табе сягоньня даю, ня ёсьць невыканальны для цябе, па-над магчымасьць тваю.
Не ў небе ён змешчаны, каб мог ты сказаць: “Хто з нас здолее ўзысці ў неба, каб ён спусціўся да нас, каб маглі мы пачуць і выканаць?”
Ня ў небе ён памешчаны, каб мог ты жаліцца: «Хто з нас будзе магчы ўзыйсьці ў неба і прынесьці яго нам, каб маглі мы пачуць і выканаць яго?»
І не за морам ён знаходзіцца, каб ты скардзіўся і гаварыў: “Хто з нас можа пераплысці мора і прынесці яго да нас, каб мы маглі пачуць і выканаць тое, што загадана?”
І не за морам ён, каб мог ты жаліцца і казаць: «Хто з нас можа пераплысьці мора і прынесьці яго да нас, каб мы маглі пачуць і выканаць тое, што загадана?»
Але ж слова блізка каля цябе, яно проста ў вуснах тваіх і ў сэрцы тваім, каб мог ты яго споўніць.
Але ж слова гэтае блізка каля цябе, яно ў вуснах тваіх і ў сэрцы тваім, каб мог ты яго споўніць.
Глядзі, я прапаную табе сёння перад абліччам тваім жыццё і шчасце, і наадварот — смерць і няшчасце.
Глядзі, я прапаную табе сягоньня жыцьцё і шчасьце, сьмерць і няшчасьце.
Калі будзеш выконваць прыказанні Госпада, Бога твайго, якія я загадваю табе сёння, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, і хадзіў Яго шляхамі, і сцярог Яго загады, і прыказанні, і законы, будзеш жыць, і памножыць Ён цябе, і будзе дабраслаўляць цябе ў зямлі, у якую ідзеш, каб атрымаць яе ва ўласнасць.
Калі будзеш выконваць загады Госпада, Бога твайго, якія я загадваю табе сёньня, каб любіў ты Госпада, Бога твайго, і хадзіў Яго дарогамі, і захоўваў Яго загады, і прыказаньні, і законы, будзеш жыць, і памножыць Ён цябе, і будзе дабраславіць табе ў зямлі, якую ідзеш атрымаць на ўласнасьць.
А калі адвернецца сэрца тваё, і не захочаш слухаць, і, аблудаю зведзены, паклонішся багам чужым і будзеш ім служыць,
А калі адвернецца сэрца тваё і не захочаш слухаць, і, зьведзены, паклонішся багам чужым, і будзеш ім служыць,
то я прадказваю вам сёння, што прападзеце і за кароткі час пагінеце на зямлі, у якую, перайшоўшы Ярдан, вы ўвойдзеце, каб атрымаць ва ўласнасць.
то я прадказваю вам сягоньня, што прападзецё і за кароткі час пагінеце на зямлі за Ярданам, якую ідзеш атрымаць на ўласнасьць.
За сведкаў перад вамі клічу сёння неба і зямлю, што прапаную вам жыццё і смерць, дабраславенне і праклён. Дык выбірай жыццё, каб жыў ты і нашчадкі твае,
За сьведкаў клічу неба і зямлю, што прапаную вам жыцьцё і сьмерць, дабраславенства і праклён. Дык выбірай жыцьцё, каб жыў ты і патомства тваё,
і любі Госпада, Бога твайго, і слухай голас Яго, і туліся да Яго, бо Ён жыццё тваё і даўгавечнасць дзён тваіх, каб жыў ты на зямлі, якою прысягнуў Госпад бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу, што дасць ім яе».
і любі Госпада, Бога твайго, і слухай голас Яго, і туліся да Яго, Ён бо жыцьцё тваё і даўгавечнасьць твая, каб жыў ты на зямлі, якую абяцаў Госпад бацькам тваім, Абрагаму, Ізааку і Якубу, што дасьць ім яе».