Другі закон 8 разьдзел

Другі закон
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002

 
 

Кожнае прыказанне, якое я табе сёння даю, выконвай з уважлівай пільнасцю, каб змаглі вы жыць і множыцца і каб, увайшоўшы, атрымалі ва ўласнасць зямлю, наконт якой прысягнуў Госпад бацькам вашым.
 
Кожны загад, каторы я вам сягоньня даю, пільна беражыце і выпаўняйце, каб маглі вы жыць і множыцца, і ўвайшлі, і авалодалі зямлёю, якую запрысяг Госпад бацькам вашым.

І ўспамінай усе шляхі, якімі выводзіў цябе Госпад, Бог твой, на працягу гэтых сарака гадоў праз пустыню, каб упакорыць цябе і выпрабаваць, ды каб стала вядома, што ў душы тваёй, ці будзеш ты захоўваць прыказанні Яго, ці не.
 
І памятай усю дарогу, катораю вёў цябе Госпад, Бог твой, сорак гадоў праз пустыню, каб зьмяніць цябе і выспрабаваць цябе, і даведацца, што ў душы тваёй, ці будзеш ты спаўняць прыказаньні Ягоныя, ці не.

Ён упакорыў цябе нястачай і даў табе есці манну, якой не ведаў ані ты, ані бацькі твае, каб паказаць табе, што не хлебам адзіным жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Госпада.
 
Ён мучыў цябе голадам і даваў табе манну, якой ня ведаў ты і бацькі твае, каб паказаць табе, што ня толькі хлебам жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Госпада.

Не меў ты недахопу ў адзенні тваім, у якое апранаўся, ды нага твая не пухла на працягу гэтых сарака гадоў.
 
Ня меў ты недахопу ў адзеньні, якім адзяваўся, і ня пухла нага твая праз усе гэтыя сорак гадоў.

Дык разважай у сэрцы сваім, што, як чалавек гадуе сына свайго, так Госпад, Бог твой, гадаваў цябе,
 
Дык разважай у сэрцы сваім, што як бацька гадуе сына свайго, так Госпад, Бог твой, гадаваў цябе,

каб ты захоўваў прыказанні Госпада, Бога твайго, ішоў шляхамі Яго і шанаваў Яго.
 
каб спаўняў ты загады Госпада, Бога твайго, ішоў дарогай Ягонаю і меў страх перад Ім.

Бо Госпад, Бог твой, завядзе цябе ў зямлю добрую, зямлю крыніц водных і ручаёў, дзе на палях і ў гарах прабіваюцца з глыбінь струмені,
 
Бо Госпад, Бог твой, завядзе цябе ў зямлю добрую, зямлю рэк і крыніцаў, што выбіваюцца на палях і гарах,

у зямлю пшаніцы, ячменю і вінаграду, у якой растуць фінікавае, гранатавае і аліўкавае дрэвы, у зямлю алею і мёду,
 
у зямлю пшаніцы і ячменю, вінаграду і дрэваў фіговых, і гранату, у зямлю алівак і мёду,

дзе без аніякай нястачы будзеш есці хлеб свой ды будзеш цешыцца мноствам усялякіх рэчаў; камяні яе — жалеза, а з гор яе прабіваюцца медныя руднікі;
 
у зямлю, дзе безь ніякага недахопу будзеш есьці хлеб свой і будзеш цешыцца шчодрасьцю ўсякіх даброцьцяў; каменьні яе — жалеза, а з гор медзь здабываць будзеш.

каб, калі ты будзеш есці і наясіся, дабраславіў ты Госпада, Бога твайго, за зямлю найлепшую, якую даў Ён табе.
 
Вось, калі будзеш ты есьці і наясіся, дабраслаў Госпада, Бога твайго, за зямлю добрую, якую Ён даў табе.

Пільнуй і сцеражыся, каб часам не забыўся ты на Госпада, Бога твайго, і каб не занядбаў прыказанняў Яго, законаў і пастаноў, якія я даручаю табе сёння;
 
Сьцеражыся, каб часам не забыўся ты пра Госпада, Бога твайго, і каб не занядбаў загады Ягоныя, і закон, і прыказаньні, якія я даручаю табе сягоньня.

а пасля таго, як будзеш есці і наясіся, пабудуеш прыгожыя дамы і абжывешся ў іх,
 
Калі наясіся і насыцішся, пабудуеш сабе прыгожыя дамы і ў іх абжывешся,

і будзеш мець вялікія статкі буйной і дробнай жывёлы, а таксама вялікае мноства срэбра, золата і ўсялякіх рэчаў
 
і калі табе намножыцца жывёла і авечкі, і багаты ты будзеш ў серабро і золата, і ўсякі дастатак,

сцеражыся, каб не ўзганарылася сэрца тваё і каб не забыўся ты на Госпада, Бога твайго, Які вывеў цябе з зямлі Егіпта, з дому няволі,
 
тады ўзганарыцца сэрца тваё і забудзешся ты пра Госпада, Бога твайго, Каторы вывеў цябе зь зямлі Эгіпецкай, з дому няволі.

і быў тваім правадыром праз пустыню вялікую і страшную, у якой былі змеі, якія абпальваюць, і скарпіёны, зямля сухая і поўнае бязводдзе; Ён вывеў табе ручаі са скалы вельмі цвёрдай,
 
Ён правёў цябе праз пустыню вялікую і страшную, у якой былі зьмеі і скарпіёны, зямля сухая і бязводзьдзе. І Ён вывеў табе ручаі са скалы цьвёрдай,

і карміў цябе маннай у пустыні, чаго не ведалі бацькі твае, і пасля таго, як упакорыў і выпрабаваў цябе, урэшце пашкадаваў цябе,
 
і карміў цябе маннай на пустыні, якой ня ведалі бацькі твае, і калі Ён цябе загартаваў і выспрабаваў, наастатак пашкадаваў цябе.

каб не гаварыў ты ў сэрцы тваім: «Сіла мая і моц рукі маёй — яны далі мне ўсё гэта»,
 
Дык не кажы ў сэрцы сваім: «Сіла мая і моц рукі маёй усё запрацавалі для мяне»,

але каб памятаў ты Госпада, Бога твайго, што Ён надае табе сілы, каб мог дасягнуць ты поспеху, каб споўніў Ён запавет Свой, адносна якога склаў прысягу бацькам тваім, як паказвае сённяшні дзень.
 
але памятай на Госпада, Бога твайго, што Ён даў табе сілы, каб асягнуў ты посьпех, што споўніў запавет Свой, які запрысяг бацькам тваім, як і паказвае сёньняшні дзень.

А калі забудзеш ты пра Госпада, Бога твайго, і пойдзеш за іншымі багамі, і будзеш шанаваць іх і пакланяцца ім, — вось, цяпер сведчу перад вамі, што папрападаеце вы зусім.
 
А калі забудзеш ты пра Госпада, Бога твайго, і пойдзеш за багамі чужымі, і будзеш ім служыць і пакланяцца, вось жа заручаю вам, што зусім папрападаеце.

Як тыя народы, якія Госпад знішчыў у час прыходу вашага, так і вы загінеце, калі будзеце непаслухмяныя голасу Госпада, Бога вашага.
 
Як тыя народы, каторыя Госпад зьнішчыў перад абліччам вашым, так і вы загінеце, калі ня будзеце паслухмяныя голасу Госпада, Бога вашага.