Выхад 1 разьдзел
Выхад
Пераклад Чарняўскага 2017 → Пераклад Чарняўскага 2002
Гэткія імёны сыноў Ізраэля, якія разам з Якубам увайшлі ў Егіпет; кожны ўвайшоў са сваёю сям’ёй:
Гэткія імёны сыноў Ізраэля, якія разам зь Якубам прыбылі ў Эгіпет; кожны прыйшоў са сваёю сям'ёй:
Рубэн, Сімяон, Леві, Юда,
Рубэн, Сымон, Леві, Юда,
Ісахар, Забулон і Бэньямін,
Ісахар, Забулён і Бэн'ямін,
Дан і Нэфталі, Гад і Асэр.
Дан і Нэфталі, Гад і Асэр.
Такім чынам, усіх іх, што выйшлі са сцёгнаў Якуба, было семдзесят асоб; а Язэп быў у Егіпце.
Усіх жа патомкаў Якуба было семдзесят асобаў, а Язэп ужо быў у Эгіпце.
Калі ён памёр, і ўсе яго браты, і ўвесь той род,
Потым памёр Язэп і ўсе ягоныя браты, і ўсё тое пакаленьне.
сыны Ізраэля размнажаліся, узмацняючыся, дужэлі і хутка запаўнялі зямлю.
А сыны Ізраэля размнажаліся, моцна дужэлі і запаўнялі хутка зямлю.
Між тым узняўся над Егіптам новы цар, які не ведаў Язэпа,
І вось зьявіўся ў Эгіпце новы кароль, які ня ведаў Язэпа.
і сказаў свайму народу: «Вось, народ сыноў Ізраэля — шматлікі і мацнейшы за нас:
Ён сказаў свайму народу: «Вось народ сыноў Ізраэля лічнейшы і мацнейшы ад нас.
прыходзьце, давайце разумна абыдземся з ім, каб ён не размножыўся; бо калі выбухне супраць нас вайна, ён далучыцца да нашых ворагаў, і, скарыўшы нас, выйдзе з зямлі».
Давайце разумна абыйдземся зь ім, каб ён не размнажаўся. Бо калі нахлыне на нас вайна, ён злучыцца з нашымі ворагамі і, паканаўшы нас, выйдзе з нашай зямлі».
Такім чынам, для іх паставіў ён наглядчыкаў работ, каб вынішчалі іх цяжарам; і пабудавалі яны для фараона гарады, каб захоўваць прыпасы, — Пітом і Рамэсас.
І паставіў ён наглядчыкаў работаў, каб уціскалі іх працаю. Будавалі тады для фараона на склады гарады Пітом і Рамсэс.
І чым болей іх прыгняталі, тым больш яны размножваліся і раслі.
Але чым болей іх уціскалі, тым больш яны разрасталіся і дужэлі.
Дык егіпцяне пачалі дужа баяцца сыноў Ізраэля, і загналі іх у нявольніцтва,
Дык Эгіпцяне яшчэ больш баяліся сыноў Ізраэля і загналі іх у няволю,
і да гаркаты даводзілі жыццё іх цяжкімі работамі над глінай і цэглай і праз розную службу, якою прыгняталіся яны ў зямельных справах.
і да горычы даводзілі жыцьцё іхняе цяжкімі работамі пры гліне і цэглах і праз розную працу, якую выконвалі яны ў полі пад прымусам.
І сказаў цар егіпецкі павітухам гебрайскім, адна з якіх звалася Сэфраю, другая — Пуваю,
І сказаў кароль Эгіпецкі павітухам Гебрайкам, з каторых адна звалася Шыфра, а другая — Пуа,
загадваючы ім: «Калі будзеце прымаць роды ў гебраяк і надыдзе час нараджэння, то глядзіце: калі будзе [дзіця] мужчынскага роду — забівайце яго; калі будзе жаночага роду — захоўвайце».
загадаўшы ім: «Калі будзеце пры родах жанчынаў Гебрайскіх, то глядзіце: калі будзе (дзіцё) мужчынскага роду, то забівайце яго, калі будзе жаночага роду, то захавайце».
Але павітухі шанавалі Бога і не зрабілі згодна пастановы цара Егіпецкага, а зберагалі хлопчыкаў.
Але павітухі баяліся Бога і не спаўнялі загаду караля Эгіпецкага, пакідаючы пры жыцьці навародкаў.
Заклікаўшы іх да сябе, цар сказаў: «Чаму ж гэта, чаму пажадалі вы рабіць, каб ратаваць хлопчыкаў?»
Дык паклікаў кароль іх да сябе і сказаў: «Чаму вы робіце гэта? Чаму пакідаеце хлопцаў пры жыцьці?»
Яны адказалі: «Гебрайкі не такія, як егіпецкія жанчыны; бо яны здаровыя, і яны нараджаюць, перш чым мы прыходзім да іх».
Яны адказалі: «Жанчыны Гебрайкі не такія, як Эгіпцянкі; яны вось здаровыя, і пакуль мы прыйдзем да іх, яны ўжо нарадзілі».
Таму Бог добра абышоўся з павітухамі, а народ разрастаўся і рабіўся вельмі дужым;
І Бог спагадаў павітухам, а народ разрастаўся і ставаўся вельмі дужым.
і таму, што павітухі шанавалі Бога, Ён пабудаваў ім дамы.
А таму, што павітухі баяліся Бога, Ён збудаваў ім дамы.
А фараон загадаў усяму свайму народу, кажучы: «Калі што народзіцца мужчынскага роду — кідайце ў раку, калі што жаночага — захоўвайце».
І загадаў фараон свайму народу: «Калі хто народзіцца (у Гебраяў) мужчынскага роду — укінуць у рэчку, калі хто жаночага — захаваць».