Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Выхад 1 Выхад 1 разьдзел

1 Гэткія імёны сыноў Ізраэля, якія разам зь Якубам прыбылі ў Эгіпет; кожны прыйшоў са сваёю сям'ёй:
2 Рубэн, Сымон, Леві, Юда,
3 Ісахар, Забулён і Бэн'ямін,
4 Дан і Нэфталі, Гад і Асэр.
5 Усіх жа патомкаў Якуба было семдзесят асобаў, а Язэп ужо быў у Эгіпце.
6 Потым памёр Язэп і ўсе ягоныя браты, і ўсё тое пакаленьне.
7 А сыны Ізраэля размнажаліся, моцна дужэлі і запаўнялі хутка зямлю.
8 І вось зьявіўся ў Эгіпце новы кароль, які ня ведаў Язэпа.
9 Ён сказаў свайму народу: «Вось народ сыноў Ізраэля лічнейшы і мацнейшы ад нас.
10 Давайце разумна абыйдземся зь ім, каб ён не размнажаўся. Бо калі нахлыне на нас вайна, ён злучыцца з нашымі ворагамі і, паканаўшы нас, выйдзе з нашай зямлі».
11 І паставіў ён наглядчыкаў работаў, каб уціскалі іх працаю. Будавалі тады для фараона на склады гарады Пітом і Рамсэс.
12 Але чым болей іх уціскалі, тым больш яны разрасталіся і дужэлі.
13 Дык Эгіпцяне яшчэ больш баяліся сыноў Ізраэля і загналі іх у няволю,
14 і да горычы даводзілі жыцьцё іхняе цяжкімі работамі пры гліне і цэглах і праз розную працу, якую выконвалі яны ў полі пад прымусам.
15 І сказаў кароль Эгіпецкі павітухам Гебрайкам, з каторых адна звалася Шыфра, а другая — Пуа,
16 загадаўшы ім: «Калі будзеце пры родах жанчынаў Гебрайскіх, то глядзіце: калі будзе (дзіцё) мужчынскага роду, то забівайце яго, калі будзе жаночага роду, то захавайце».
17 Але павітухі баяліся Бога і не спаўнялі загаду караля Эгіпецкага, пакідаючы пры жыцьці навародкаў.
18 Дык паклікаў кароль іх да сябе і сказаў: «Чаму вы робіце гэта? Чаму пакідаеце хлопцаў пры жыцьці?»
19 Яны адказалі: «Жанчыны Гебрайкі не такія, як Эгіпцянкі; яны вось здаровыя, і пакуль мы прыйдзем да іх, яны ўжо нарадзілі».
20 І Бог спагадаў павітухам, а народ разрастаўся і ставаўся вельмі дужым.
21 А таму, што павітухі баяліся Бога, Ён збудаваў ім дамы.
22 І загадаў фараон свайму народу: «Калі хто народзіцца (у Гебраяў) мужчынскага роду — укінуць у рэчку, калі хто жаночага — захаваць».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Выхаду, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.