1 І сказаў Госпад Майсею:
2 «Пасьвяці Мне ўсё першароднае, што адкрывае ўлоньне ў сыноў Ізраэля, як зь людзей, так і з жывёлы, ўсё бо гэта Маё».
3 І сказаў Майсей народу: «Памятайце той дзень, у каторы выйшлі вы з Эгіпту, з дому няволі, бо дужаю рукою вывеў вас Госпад з таго месца; у той дзень нельга есьці квашанага хлеба.
4 Сёньня выходзіце вы, у месяцы Абіб.
5 Калі завядзе цябе Госпад у зямлю Хананейцаў і Гэтытаў, Амарэйцаў, Гівеяў і Ебусеяў, якую запрысяг Ён бацькам тваім, што дасьць табе зямлю, ацякаючую малаком і мёдам, тады павінен ты сьвяткаваць гэта ў тым самым месяцы.
6 Сем дзён будзеш есьці праснакі, а ў сёмы дзень будзе ўрачыстасьць Госпада.
7 Праснакі будзеш есьці сем дзён, і не зьявіцца ў цябе нічога квашанага, і ня будзе квашанага ў межах зямлі тваёй.
8 У той дзень раскажаш ты сыну свайму, гаворачы: «Гэта дзеля таго, што зрабіў мне Госпад, калі я выйшаў з Эгіпту».
9 І вось гэта будзе табе знакам на руцэ і напамінам у вачах тваіх, каб закон Госпадаў быў заўсёды ў вуснах тваіх, бо рукою дужай вывеў цябе Госпад з Эгіпту.
10 Спаўняй гэты закон у вызначаны час штогод.
11 Калі ўвядзе цябе Госпад у зямлю Хананейцаў, як запрысяг Ён табе і бацькам тваім, і дасьць табе яе,
12 выдзялі Госпаду ўсё, што адкрывае ўлоньне і што першароднае ў жывёлы тваёй, і што будзеш мець мужчынскага роду — пасьвяці Госпаду.
13 Першароднага асла заменіш авечкай, а калі яго ня выкупіш, забі. Усё ж першароднае людзей з сыноў тваіх выкупіш.
14 Калі ў будучыні спытае ў цябе сын твой: «Што гэта?», ты скажаш яму: «Дужаю рукой вывеў нас Госпад з Эгіпту, з дому няволі.
15 Бо калі фараон упёрся і не хацеў нас пусьціць, выбіў Госпад усё паршароднае зь зямлі Эгіпецкай, ад першароднага чалавека аж да першароднай жывёліны. Дзеля таго я складаю ў ахвяру Госпаду ўсё, што родзіцца мужчынскага роду, а ўсіх першародных сыноў маіх выкупляю».
16 І хай гэта будзе знакам на руцэ тваёй і павязкай на памяць над вачыма тваімі, бо Госпад дужай рукой вывеў нас з Эгіпту».
17 Калі фараон асвабадзіў народ, не павёў яго Бог дарогай, вядучай у зямлю Філістынцаў, хоць была яна найкарацейшай, бо сказаў: «Каб часам народ не пашкадаваў, бачучы ваяваньні, якія чакаюць яго, і не вярнуўся ў Эгіпет».
18 І павёў яго Бог дарогай праз пустыню, якая праходзіць каля Чырвонага мора. А сыны Ізраэля выйшлі ўзброенымі зь зямлі Эгіпецкай.
19 І забраў Майсей з сабой косьці Язэпа, бо ён запрысяг сыноў Ізраэля ў гэтыя словы: «Дапаможа вам Бог, а вы тады возьмеце з сабою адсюль косьці мае».
20 І выйшлі яны з Сукоту, і сталі табарам у Этаме, на скраю пустыні.
21 А Госпад ішоў перад імі днём у воблачным слупе, каб весьці дарогаю, а ноччу як слуп агню, каб сьвяціць ім, каб маглі ісьці днём і ноччу.
22 І не адыходзіў ад народу слуп воблачны днём, ані вогненны слуп ноччу.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Выхаду, 13 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
