Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Выхад 9 Выхад 9 разьдзел

1 І сказаў Госпад Майсею: «Ідзі да фараона і скажы яму: Вось што кажа Госпад, Бог Гебраяў: Пусьці народ Мой, каб склаў ахвяру Мне.
2 Калі іх ня пусьціш, а будзеш іх трымаць,
3 вось жа рука Госпадава будзе на маёмасьці тваёй; на полі, на конях, аслах, вярблюдах, валах і авечках — зараза вельмі страшная.
4 Але Госпад разрозьніць паміж маёмасьцю Ізраэля і маёмасьцю Эгіпцянаў, каб нічога не прапала з таго, што належыць да сыноў Ізраэля.
5 Прызначыў Госпад час, кажучы: Заўтра споўніць Госпад слова гэтае на зямлі».
6 І споўніў Госпад слова гэтае наступнага дня, і загінула ўся жывёла Эгіпцянаў, а жывёла сыноў Ізраэля не загінула.
7 І паслаў фараон выведаць, і вось нішто не прапала з жывёлы сыноў Ізраэля. Аднак сэрца фараона было зацьвярдзеўшы, і не пусьціў ён народ.
8 І сказаў Госпад Майсею і Аарону: «Вазьміце поўнымі прыгаршчамі сажы зь печы, і Майсей хай кіне яе ў неба ў бок фараона.
9 І падымецца пыл па ўсёй зямлі Эгіпецкай, і будзе на людзях і на жывёле выдзяляцца запаленьнем са скуламі на ўсёй зямлі Эгіпецкай».
10 І прынесьлі яны попел зь печы, і сталі перад фараонам, і сыпнуў Майсей пыл пад неба, і зьявіліся запаленьні са скуламі ў людзей і жывёлы.
11 А чараўнікі не маглі явіцца перад Майсеям дзеля пухлінаў і скулаў, якія на іх былі, як і па ўсёй зямлі Эгіпецкай.
12 Але Госпад закамяніў сэрца фараона, і ён не паслухаў іх, як і сказаў Госпад Майсею.
13 І сказаў Госпад Майсею: «Устань рана і ідзі да фараона, і скажы яму: Гэта кажа Госпад, Бог Гебраяў: Пусьці народ Мой, каб склаў Мне ахвяру.
14 Бо гэтым разам спашлю ўсе плягі Мае ў сэрца тваё, і на слугаў тваіх, і на народ твой, каб ведаў ты, што няма роўнага Мне на ўсёй зямлі.
15 Бо вось цяпер, калі б Я выцягнуў руку і ўдарыў цябе і народ твой заразай, прапаў бы ты з паверху зямлі.
16 Але дзеля таго Я захаваў цябе, каб на табе паказаць магутнасьць Маю, і каб было слаўлена імя Маё па ўсёй зямлі.
17 Дакуль ты будзеш трымаць народ Мой і ня будзеш пускаць яго?
18 Вось жа заўтра, у той самы час, Я спашлю град надта вялікі, якога яшчэ не было ў Эгіпце ад дня яго заснаваньня аж дасюль.
19 Дык ужо цяпер пашлі і зьбяры жывёлу сваю, і ўсё, што маеш на полі, бо на людзей і жывёлу ўсю, што будзе на двары і што ня будзе сабрана з палёў, упадзе град, і яны пагінуць».
20 Хто збаяўся слова Госпадавага са слугаў фараона, скора сабраў слугаў сваіх і жывёлу ў дамы,
21 а хто занядбаў перасьцярогі Госпада, той пакінуў слугаў сваіх і жывёлу на полі.
22 І сказаў Госпад Майсею: «Выцягні руку сваю да неба, каб пайшоў град на ўсю зямлю Эгіпецкую, на людзей, і на жывёлу, і на ўсю расьліннасьць палявую ў зямлі Эгіпецкай».
23 І выцягнуў Майсей палку да неба, і Госпад спаслаў грымоты і град, і агонь разьліваўся па зямлі. І спаслаў Госпад град на зямлю Эгіпецкую.
24 І быў град, і маланкі з градам на перамену такія велізарныя, што не было такіх на зямлі Эгіпецкай ад часу, калі ён (Эгіпет) стаўся народам.
25 І падаў град на ўсю зямлю Эгіпецкую, на ўсё, што было на полі, і зьнішчыў град людзей, жывёлу і ўсю траву палявую, поруч паламаў кожнае дрэва на полі.
26 Толькі ў зямлі Гашэн, дзе былі сыны Ізраэля, граду не было.
27 І паслаў фараон, і паклікаў Майсея і Аарона, і сказаў ім: «Цяпер я саграшыў. Госпад справядлівы, а я і мой народ правініліся.
28 Прасіце Госпада, каб спыніліся грымоты Божыя і град, а я пушчу вас, і ўжо ніколі ня будзеце тут прабываць».
29 І сказаў Майсей: «Калі я выйду з гораду, выцягну далоні мае да Госпада, і спыняцца грымоты, і граду ня будзе, каб ведаў ты, што Госпадава зямля.
30 Але я ведаю, што ані ты, ані слугі твае не баяцца яшчэ Госпада Бога».
31 Лён і ячмень былі пабітыя, таму што ячмень меў ужо каласы, а лён ужо меў семя;
32 а пшаніца і жыта не былі пашкоджаны, бо яны пазьнейшыя.
33 І выйшаў Майсей ад фараона з гораду, і выцягнуў рукі да Госпада, і спыніліся грымоты і град, і спыніліся навальніцы на зямлі.
34 А фараон, бачачы, што і навальніца спынілася, і град, і грымоты, працягваў грашыць.
35 І зацьвярдзела сэрца яго і слугаў ягоных, і надта закамянела, і не пусьціў ён сыноў Ізраэля, як і казаў Госпад праз Майсея.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Выхаду, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.