1 Тады Майсей і сыны Ізраэля засьпявалі гэтую песьню на спахвалу Госпада: «Засьпявайма Госпаду, бо Ён вельмі праславіўся, каня і коньніка ўкінуў у мора.
2 Моц мая і сіла мая — Госпад, Ён стаўся для мяне збаўленьнем. Гэта ж Бог мой, буду славіць Яго; Ён — Бог бацькі майго, буду ўзьвялічваць Яго!
3 Госпад — ваяр магутны! Ягвэ — імя Яго!
4 Вазы фараона і войска ягонае Ён кінуў у мора, і адборныя ваяры ягоныя патанулі ў моры Чырвоным.
5 Бяздоньні паглынулі іх, пайшлі яны ўглыб, як камень.
6 Правіца Твая, Госпадзе, праславіцца магутнасьцю! Правіца Твая, Госпадзе, перамагла ворага.
7 У велічы славы Тваёй зьнішчыў Ты праціўнікаў Тваіх, і даў Ты волю гневу Твайму, і ён папаліў іх, як салому.
8 У духу ярасьці Тваёй сабраліся воды, і станулі, як сьцяна, цякучыя воды, і пасярэдзіне мора адкрыліся бяздоньні.
9 Вораг хваліўся: «Буду гнацца за ім і даганю, падзялю здабычу і пацешу душу маю, дастану меч мой, і выб'е іх рука мая!»
10 Падуў дух Твой, і нахлынула на іх мора; і яны патанулі, як волава, ва ўзбураных водах.
11 Які ж Бог падобны Табе, Госпадзе? Хто, як Ты, слаўны сьвятасьцю, страшны і праслаўлены, Творца цудаў?
12 Працягнуў Ты руку Тваю, і паглынула іх зямля.
13 У міласэрдзі Тваім вёў Ты народ, які адкупіў, і праводзіў яго Тваёй сілай у Тваю сялібу сьвятую.
14 Пачулі гэта народы і спалохаліся, жах апанаваў жыхароў Філістынскіх.
15 Тады ўстрывожыліся князі Эдому, магнатаў Маабу апанаваў страх, млеюць ад жаху ўсе жыхары Ханаану.
16 Напала на іх дрыжаньне і жах, дзеля магутнасьці рукі Тваёй дрантвеюць яны, як камень, аж пакуль пяройдзе народ Твой, Госпадзе, пакуль не пяройдзе народ Твой, каторы ўзяў Ты на ўласнасьць.
17 Увядзі яго і пасадзі на гары спадчыны Тваёй, у магутнай сялібе Тваёй, якую стварыў Ты, у сьвятыні Тваёй, Госпадзе, каторую заснавалі рукі Твае.
18 І будзе Госпад валадарыць на вякі вечныя!»
19 Увайшлі бо коні фараона ў мора з калясьніцамі і коньнікамі ягонымі, і ўзьвёў на іх Госпад воды марскія, а сыны Ізраэля прайшлі па сухім дне пасярэдзіне мора.
20 Дык сястра Аарона Мірыям, праракіня, узяла бубен рукою сваёй, а ўсе жанчыны ішлі за ёй у танцах з бубнамі.
21 І Мірыям засьпявала ім: «Сьпявайма Госпаду, бо Ён вельмі праславіўся, каня і вершніка ўкінуў у мора!»
22 Вывеў тады Майсей Ізраэля з-над Чырвонага мора, і пайшлі яны ў напрамку пустыні Шур. І тры дні ішлі яны праз пустыню, і не знаходзілі вады.
23 І прыбылі да мясцовасьці Мара, але не маглі піць вады з Мары, таму што была горкая. Дзеля таго названа гэта месца Мара.
24 І наракаў народ на Майсея, кажучы: «Што будзем піць?»
25 І прызываў ён Госпада, а Госпад паказаў яму дрэва. І калі ўкінуў ён яго ў ваду, вада перамянілася ў салодкую. Там устанавіў Госпад загады і закон для народу, і там выспрабоўваў яго,
26 кажучы: «Калі верна будзеш слухаць голас Госпада, Бога твайго, і будзеш рабіць справядлівае перад воблікам Яго, і будзеш паслухмяным прыказаньням Ягоным і будзеш спаўняць усе Яго законы, то Я не навяду на цябе ніводнай хваробы, каторыя навёў на Эгіпет. Я — Госпад, лекар твой».
27 Потым прыбылі яны ў Элім, дзе было дванаццаць крыніцаў і семдзесят пальмаў. І там разлажыліся табарам каля вады.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Выхаду, 15 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
