Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Выхад 29 Выхад 29 разьдзел

1 Так будзеш пасьвячаць іх на сьвятароў Мне: вазьмі аднаго бычка і двух бараноў без заганы,
2 і хлябы няквашаныя, і праснакі, запраўленыя алеем, і бондачкі прэсныя, памазаныя алеем. Сьпячэш іх з найчысьцейшай мукі пшанічнай.
3 І, палажыўшы гэта ў кош, складзеш у ахвяру, таксама бычка і двух бараноў.
4 А Аарона і сыноў яго прывядзеш да ўваходу ў Палатку Сустрэчы і абмыеш іх вадою.
5 Потым адзенеш Аарона ў ягоныя шаты, значыць, у споднюю шату, шату пад эфод, нагруднік, і прымацуеш яго поясам эфоду.
6 А ўсклаўшы яму кідар на галаву, памесьціш сьвятую дыядэму на кідары.
7 Пасьля возьмеш алей памазаньня і выльеш яго на галаву яму, і памажаш яго.
8 І прывядзеш таксама сыноў, і адзенеш іх у шаты льняныя, і падпярэжаш поясам,
9 і наложыш на іх мітры, і будуць яны Мне сьвятарамі па закону на вякі. І напоўніш рукі Аарона і сыноў яго.
10 Потым прывядзеш бычка перад Палатку Сустрэчы, і Аарон і сыны яго паложаць рукі на галаву бычка.
11 І заб'еш яго перад Госпадам пры ўваходзе ў Палатку Сустрэчы.
12 І, узяўшы крыху крыві таго бычка, памажаш пальцам рагі ахвярніка, а астатак крыві выльеш ў падставы ахвярніка.
13 А пазьбіраўшы тлустасьць, пакрываючую нутро, і сальнік, каторы на вантробе, і абедзьве ныркі, і тлушч на іх, спаліш гэта на ахвярніку.
14 А мяса бычка і яго скуру, і нячыстасьць спаліш ў агні па-за табарам. Гэта вось ахвяра за грэх.
15 Возьмеш потым аднаго барана, і Аарон і сыны яго паложаць рукі на галаву таго барана.
16 І заб'еш таго барана, і, узяўшы крыху крыві ягонай, пакрапіш кругом ахвярнік.
17 І падзеліш барана на часткі, і, абмыўшы нутро яго і ногі, паложыш іх на іншых яго частках і на галаве.
18 І спаліш усяго таго барана на ахвярніку. Гэта ахвяра цэлапаленьня Госпаду, мілы пах, ахвяра, спальваная для Госпада.
19 А потым возьмеш другога барана, і Аарон і яго сыны ўзложаць рукі на галаву таго барана.
20 І заб'еш барана, і ўзяўшы крыху яго крыві, памажаш ёю верх правага вуха Аарона і верх правага вуха яго сыноў, і вялікія пальцы правай іх рукі і нагі, і пакрапіш крывёй кругом ахвярніку.
21 І возьмеш крыху крыві, каторая на ахвярніку, і алею да памазаньня, і пакрапіш Аарона і шаты ягоныя, і сыноў яго, і шаты іхнія, каб быў ён пасьвячаны разам з сваімі шатамі, а зь ім таксама сыны яго і шаты сыноў яго.
22 І возьмеш тлушч барана, і хвост, і тлустасьць, пакрываючую нутро, і сальнік, каторы на вантробе, і абедзьве ныркі і тлушч, каторы на іх, і правае плячо, бо гэта баран пасьвячэньня,
23 а таксама бохан хлеба і бондачку на алеі, і сухарык з каша праснакоў, каторыя перад Госпадам.
24 І ўсё гэта паложыш на далоні Аарона і на далоні яго сыноў, каб трэсьці іх перад Госпадам.
25 І возьмеш гэта потым зь іхніх рук, і спаліш на ахвярніку як цэлапаленьне на мілы пах на віду Госпада. Гэта ахвяра агнявая для Госпада.
26 І возьмеш грудзь барана, ахвяраванага на пасьвячэньне Аарона, і патрасеш яе перад Госпадам, і прыпадзе ён табе як частка твая.
27 І пасьвяціш грудзь патрасаную і плячо падыманае з барана, што быў на пасьвячэньне Аарона і сыноў яго.
28 Мае гэта належаць як частка Аарону і сынам яго ад сыноў Ізраэля як закон вечны. Гэта вось дар сыноў Ізраэля зь іхніх ахвяраў прымірэньня, іхні дар Госпаду.
29 А шаты сьвятыя Аарона будуць па ім аддадзены сынам яго, і будуць яны ў іх ўбраныя, калі будуць памазаныя і пасьвячаныя.
30 Сем дзён будзе ў іх адзявацца той зь яго сыноў, каторы па ім стане сьвятаром, і будзе ўваходзіць да Палаткі Сустрэчы, каб спраўляць служэньне ў сьвятыні.
31 Возьмеш таксама барана, ахвяраванага пры пасвячэньні і пасьвячанага ў ахвяру, і зварыш яго мяса ў месцы Сьвятым,
32 і будуць есьці Аарон і яго сыны мяса барана і хлеб, каторы ў кашы, ля ўваходу ў Палатку Сустрэчы.
33 І будуць есьці тое, што было перамаленьнем за іх, каб іх пасьвяціць і аддзяліць як сьвятых. Але ніхто з чужых ня будзе есьці яго, бо гэта рэч сьвятая.
34 А калі засталося нешта зь мяса (ахвяры) пасьвячэньня або з хлеба да раніцы, тады трэба гэта спаліць у агні, і нельга гэтага есьці, бо гэта рэч сьвятая.
35 З Ааронам і сынамі яго ўчыні так ва ўсім, як Я табе загадаў; сем дзён будзе працягвацца пасьвячэньне.
36 І бычка складзеш у ахвяру за грэх кожны дзень на перамаленьне, і ачысьціш ахвярнік гэтаю ахвярай за грэх, і памажаш яго, каб яго ўсьвяціць.
37 Сем дзён ачышчай ахвярнік і асьвячай яго, і станецца ён сьвятыняй вялікай; усё, што дакранецца да ахвярніка, стане сьвятым.
38 І гэта будзеш рабіць на ахвярніку: два гадавыя баранчыкі будзеш ахвяроўваць штодзень і пастаянна.
39 Аднаго баранчыка ахвяруеш нараніцы, а другога баранчыка ахвяруеш вечарам.
40 Да першага баранчыка дадасі дзесятую частку эфы найчысьцейшай мукі, запраўленай чацьвёртаю часткаю гіну выціснутага алею, а як вадкую ахвяру складзеш віно ў колькасьці чацьвёртай часткі гіну.
41 А другога баранчыка ахвяруеш вечарам з такой самай ахвярай зь ежы і такой самай ахвярай з вадкасьці як на раніцы, як мілы пах, ахвяру агнявую для Госпада.
42 Гэта будзе безупыннае цэлапаленьне, складанае ў пакаленьні вашыя ля ўваходу да Палаткі Сустрэчы перад Госпадам, дзе Я буду сустракацца з вамі, каб гаварыць з табою.
43 Там буду сустракацца з сынамі Ізраэля, і гэта месца будзе асьвечанае Маёй хвалаю.
44 І Я асьвячу Палатку Сустрэчы і ахвярнік, асьвячу Аарона і сыноў яго, каб служылі Мне сьвятарамі.
45 І буду пражываць між сыноў Ізраэля, і буду ім Богам.
46 І пазнаюць яны, што Я — Госпад, Бог іхні, Каторы вывеў іх зь зямлі Эгіпецкай, каб заставацца паміж іх. Я — Госпад, Бог іх.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Выхаду, 29 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.