Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Паўтор Закону 1 Паўтор Закону 1 разьдзел

1 Гэтымі словамі прамаўляў Майсей да ўсяго Ізраэля за Ярданам у пустыні, у Арабе насупраць Суфу, паміж Паранам, Тафелем, Лябанам, Хацэротам і Дызагабам,
2 на адлегласьці ў адзінаццаць дзён дарогі ад Гарэбу да Кадэш-Барнэа праз горы Сэір.
3 У саракавым годзе, у адзінаццатым месяцы, у першы дзень месяца сказаў Майсей сынам Ізраэля ўсё, што яму Госпад даручыў сказаць ім.
4 Па перамозе над Сыгонам, каралём Амарэйцаў, які жыў у Хешбоне, і Огам, каралём Башану, каторы пражываў у Аштароце ў Эдрэі,
5 за Ярданам, у зямлі Маабу, пачаў Майсей тлумачыць закон гэты і казаць:
6 «Госпад, Бог наш, гаварыў да нас на Гарэбе, кажучы: Досыць ужо вам быць на гэтай гары.
7 Завярніцеся і вырушыце, і ідзіце на гару Амарэйцаў і да ўсіх суседзяў іхніх, у Арабу, у горы і ў даліны, і ў Нэгэб, і на бераг мора, і ў зямлю Хананейцаў, і ў Лібан, аж да вялікай ракі Эўфрат.
8 Глядзіце, вось Я даю вам гэтую зямлю. Ідзіце, вазьміце яе на ўласнасьць, бо яе запрысяг Госпад аддаць Абрагаму, Ізааку і Якубу, і патомству іхняму па іх».
9 Вось жа сказаў я вам ў той час: «Не магу я адзін весьці вас;
10 Госпад, Бог ваш, памножыў вас, і сягоньня вас так многа, як зорак у небе.
11 Дык хай Госпад, Бог бацькоў вашых, дадасьць да гэтай лічбы ў тысячу разоў і дабраславіць вас, як Ён абяцаў вам.
12 Не магу я адзін забясьпечыць вашыя патрэбы, пераносіць вашыя цяжары і спрэчкі.
13 Выбярыце сабе ў пакаленьнях вашых людзей мудрых, разумных і выспрабаваных, і я пастаўлю іх начальнікамі вашымі».
14 Тады адказалі вы мне: «Добрае гэта, што ты хочаш зрабіць».
15 Дык выбраў я тады з вашых пакаленьняў начальнікаў, мужоў справядлівых і паважаных, і паставіў іх начальнікамі над вамі: тысячнікамі, сотнікамі, пяцідзесятнікамі, дзесятнікамі і загадчыкамі працы для пакаленьняў вашых.
16 У той час загадаў я судзьдзям вашым: «Слухайце справу братоў вашых і судзіце справядліва як брата, так і чужынца.
17 Не глядзіце на асобу на судзе: выслухайце як вялікага, так і малога, ня бойцеся анікога, бо гэта суд Божы. А калі б якая справа была вам цяжкай, скіроўвайце яе да мяне, і я выслухаю яе».
18 У той час сказаў я вам усё, што вы маеце рабіць.
19 Потым пакінулі мы Гарэб і прайшлі ўсю тую вялікую і страшную пустыню, каторую вы бачылі, у напрамку гор Амарэйскіх, як загадаў нам Госпад, Бог наш, і прыйшлі ў Кадэш-Барнэа.
20 І сказаў я вам: «Вы прыйшлі да гор Амарэйскіх, каторыя мае нам даць Госпад, Бог наш.
21 Агледзь зямлю, якую дае табе Госпад, Бог наш, увайдзі і вазьмі яе ва ўладаньне, як сказаў табе Госпад, Бог бацькоў тваіх; ня бойся і нічога не палохайся».
22 Прыступілі тады вы ўсе да мяне і сказалі: «Пашлём людзей перад намі, каб агледзелі зямлю і паведамілі пра дарогу, якою маем ісьці, і пра гарады, у якія маем увайсьці».
23 Слова гэтае мне спадабалася, і я выбраў спаміж вас дванаццаць мужчынаў, па адным з кожнага пакаленьня.
24 Яны выйшлі і скіраваліся ў горы, і дайшлі аж да даліны Эшколь, і агледзелі яе.
25 І ўзялі яны ў рукі свае плады тае зямлі, і прынесьлі нам, і сказалі: «Добрая тая зямля, якую дае нам Госпад, Бог наш».
26 Але вы не хацелі ісьці і не паслухалі слова Госпада, Бога нашага.
27 І наракалі ў палатках сваіх, кажучы: «Зь нянавісьці да нас вывеў нас Госпад зь зямлі Эгіпецкай, каб выдаць нас у рукі Амарэйцаў на загубу.
28 Куды пойдзем? Нашыя браты напалохалі сэрцы нашыя, кажучы: Народ той шматлікі і перавышае нас ростам, гарады там вялікія і аж у неба ўмацаваныя; бачылі мы нават там сыноў Анака».
29 Дык сказаў я вам: «Не дрыжыце і ня бойцеся іх.
30 Госпад, Бог наш, Каторы ідзе перад намі, будзе за нас ваяваць, як зрабіў у Эгіпце на вачах нашых.
31 Бачыў ты таксама на пустыні, як Госпад насіў цябе, як звычайна носіць бацька свайго сына малога, ва ўсякай дарозе, якой вы ішлі, аж пакуль не прыйшлі вы ў гэтае месца.
32 Але вы так і не паверылі Госпаду, Богу вашаму,
33 Каторы ідзе перад вамі ў дарозе, каб шукаць вам месца, дзе маглі б паставіць палаткі — ноччу ў агні, каб асьвятляць вам дарогу, а ўдзень — у воблаку».
34 Калі Госпад пачуў голас словаў вашых, Ён разгневаўся і прысягнуў, кажучы:
35 «Ня ўбачыць ніводзін чалавек з гэтага пакаленьня ліхога тую добрую зямлю, якую Я пад прысягай абяцаў бацькам вашым,
36 за выняткам Калеба, сына Ефунны. Ён яе ўбачыць, яму і сынам яго дам Я гэтую зямлю, па якой ён хадзіў, бо ён быў паслухмяны Госпаду».
37 Праз вас і на мяне загневаўся Госпад і сказаў: «І ты туды ня ўвойдзеш.
38 Ешуа, сын Нуна, твой слуга, ён туды ўвойдзе. Яго падбадзёрвай, бо ён увядзе Ізраэля ў валаданьне (зямлёю).
39 Дзеці вашыя, пра якіх гаварылі вы, што павядуць іх у палон, і сыны вашыя, каторыя сёньня не разумеюць, што добрае, а што ліхое, яны ўвойдуць; ім дам Я зямлю гэтую, і яны завалодаюць ёю.
40 А вы павярніце і ідзіце праз пустыню ў напрамку мора Чырвонага».
41 Адказалі вы мне: «Саграшылі мы перад Госпадам, мы пойдзем і будзем ваяваць, як загадаў нам Госпад, Бог наш». І вы перапаясаліся зброяй баявой і адважыліся пайсьці на гару.
42 Госпад сказаў мне: «Скажы ім: Не ўзыходзьце і не ваюйце, бо Я ня з вамі, каб не пабілі вас ворагі вашыя».
43 Перасьцерагаў я вас, але вы не хацелі слухаць, і супрацівіліся загаду Госпадаваму і, гнаныя пыхаю, узыйшлі на гару.
44 Дык выйшлі супраць вас Амарэйцы, якія пражывалі на той гары, і пагналі вас, як звычайна робяць пчолы, і білі вас ад Сэіру аж да Хармы.
45 І вярнуліся вы, і плакалі перад Госпадам, але Госпад ня выслухаў вашага голасу і не зьвярнуў на вас увагі.
46 І прабылі вы ў Кадэшы шмат часу, столькі дзён, колькі там заставаліся.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Паўторанага Закону, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.