Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Лічбаў 36 Лічбаў 36 разьдзел

1 І прыйшлі начальнікі сем'яў пакаленьня сыноў Гілеада, сына Махіра, сына Манасы, з роду сыноў Язэпа, і расказалі Майсею, і князям, і начальнікам пакаленьняў Ізраэля
2 такую справу: «Табе, гаспадар наш, загадаў Госпад жэрабем падзяліць зямлю паміж сынамі Ізраэля і таксама даць спадчыну дочкам Цэлафхада, брата нашага.
3 Дык калі яны будуць жонкамі якога з сыноў другога нейкага пакаленьня сыноў Ізраэля, то спадчына іх адымецца ад спадчыны бацькоў нашых і далучыцца да таго пакаленьня, у каторым яны будуць жыць, дык наша частка, атрыманая жэрабем, змалее.
4 І калі для Ізраэля настане год юбілейны, тады іх спадчына будзе назаўсёды належаць да пакаленьня, да каторага яны ўвайшлі, а спадчына пакаленьня нашых бацькоў паменшыцца на іх спадчыну».
5 Тады сказаў Майсей сынам Ізраэля па загаду Госпада: «Справядліва сказала пакаленьне сыноў Язэпа.
6 Вось як пастанавіў Госпад у справе дачок Цэлафхада: Яны могуць ісьці замуж за каго захочуць, але за мужчынаў свайго пакаленьня.
7 Хай не пераходзіць спадчына сыноў Ізраэля з аднаго пакаленьня ў другое пакаленьне. Хай сыны Ізраэля трымаюцца спадчыны пакаленьня бацькоў сваіх.
8 Кожная дзяўчына, каторая атрымае спадчыну ў якімсьці пакаленьні, стане жонкаю аднаго з мужчынаў свайго пакаленьня, каб Ізраэльцы захавалі спадчыну сваіх бацькоў,
9 і каб спадчынная маёмасьць не пераходзіла з аднаго пакаленьня ў другое. Пакаленьні сыноў Ізраэля павінны трымацца сваіх спадчынных паселасьцяў».
10 Дочкі Цэлафхада зрабілі так, як загадаў Госпад Майсею
11 і выйшлі замуж Махля, Тырца, Хогля, Мілька і Ноа за сыноў дзядзькоў сваіх.
12 Пайшлі яны замуж за людзей з пакаленьня Манасы, сына Язэпа, і так іхняя спадчына засталася пры пакаленьні, да каторага належаў род бацькі іхняга.
13 Гэта прыказаньні і пастановы, каторыя даў Госпад праз Майсея сынам Ізраэля на раўнінах Маабу каля Ярдану насупраць Ерыхону.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Лічбаў, 36 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.