1 І сказаў далей Госпад Майсею:
2 «Загадай сынам Ізраэля і скажы ім: Хай у свой час складаюць ахвяру Мне і хлеб Мой, ахвяру цэлапаленьня ў мілы пах Мне.
3 Такая вось агнявая ахвяра, якую вы павінны складаць: два гадавыя ягняткі штодзень у ахвяру цэлапаленьня.
4 Адно ягнё складзіцё на раніцы ў ахвяру цэлапаленьня, а другое — вечарам.
5 І як ахвяру зь яды дасьцё дзесятую частку эфы пшанічнай мукі, запраўленай чацьвёртай часткай гіну найчысьцейшага алею.
6 Гэта цэлапаленьне пастаяннае, якое склалі вы на гары Сынай на мілы пах Госпаду як ахвяру агня.
7 І ахвяру вадкую зь віна; чацьвёртую частку гіну выльеце на кожнае ягнё. На сьвятым месцы вылівайце п'янкое віно Госпаду.
8 У такі самы спосаб складзіце другое ягнё вечарам паводле парадку ранішняй ахвяры: гэта ахвяра агнявая на мілы пах Госпаду.
9 У дзень жа суботы складзіцё ў ахвяру двух беззаганных аднагадовых ягнятаў і дзьве дзесятыя эфы мукі, запраўленай алеем, як ахвяру зь яды.
10 Гэта суботняя ахвяра цэлапаленьня на кожную суботу, апрача штодзённай ахвяры цэлапаленьня і вадкай ахвяры.
11 У кожны першы дзень вашага месяца складайце Госпаду ахвяру цэлапаленьня: два бычкі, барана і сем аднагадовых ягнят без заганы.
12 На кожнага бычка палажыце тры дзесятыя эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем, як ахвяру зь яды, і на кожнага барана — дзьве дзесятыя эфы мукі, запраўленай алеем, як ахвяру зь яды,
13 і на кожнае ягнё як ахвяру зь яды палажыце дзесятую частку эфы пшанічнай мукі, запраўленай алеем; усё гэта як цэлапаленьне на мілы пах Госпаду.
14 Вадкія ахвяры іхнія будуць такія: палова гіну віна на кожнага бычка, адна трэцяя гіну на барана і адна чацьвёртая гіну на ягнё. Гэта цэлапаленьне ў кожны першы дзень месяца на ўсе месяцы году.
15 Таксама казёл будзе складзены Госпаду ў ахвяру за грэх, апрача пастаяннай ахвяры цэлапаленьня і належачай да яе вадкай ахвяры.
16 У чатырнаццаты дзень першага месяца — Пасха Госпада.
17 Пятнаццатага ж дня таго месяца будзе сьвята. Сем дзён будзеце есьці толькі праснакі.
18 У першы дзень будзе сьвятое сабраньне, нельга ў той дзень працаваць.
19 І складзіцё ахвяру агнявую, цэлапаленьне Госпаду: два бычкі, аднаго барана і сем беззаганных аднагадовых ягнят;
20 пры іх ахвяру зь яды, з пшанічнай мукі, запраўленай алеем: тры дзесятыя (эфы) на кожнага бычка, дзьве дзесятыя на аднаго барана,
21 і адна дзесятая на кожнага зь сямі ягнят.
22 Наастатак аднаго казла ў ахвяру за грэх, для ачышчэньня вашага.
23 Апрача ранішняга цэлапаленьня, каторае ёсьць цэлапаленьнем пастаянным, складайце гэтыя ахвяры.
24 Такія ахвяры складайце штодзень сем дзён, як цэлапаленьне, як мілы пах Госпаду. Апрача штодзённай ахвяры цэлапаленьня і ахвяры зь яды павінны быць складаныя гэтыя ахвяры.
25 Дзень сёмы будзе для вас сьвятым сабраньнем, не выконвайце ў той дзень ніякай працы.
26 У дзень пяршынаў, калі складаеце Госпаду ахвяру з новага збожжа ў сьвята тыдняў, таксама зьбярыце сьвятое сабраньне, і ў той дзень ня будзеце рабіць ніякай работы.
27 Складзіцё тады ў ахвяру цэлапаленьня як мілы пах Госпаду двух бычкоў, барана і сем аднагадовых ягнят без заганы.
28 І дадасьцё ахвяру зь яды: пшанічную муку, запраўленую алеем; тры дзесятыя (эфы) на аднаго бычка,
29 дзьве дзесятыя на барана і па адной дзесятай на кожнае зь сямі ягнят.
30 Наастатак казла (у ахвяру за грэх) для ачышчэньня вашага.
31 Апрача штодзённай ахвяры цэлапаленьня, і ахвяры зь яды, і ахвяры вадкай, складайце ўсё гэта ў ахвяру; павінны яны быць без заганы.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Лічбаў, 28 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
