Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Лічбаў 30 Лічбаў 30 разьдзел

1 І Майсей расказаў усё сынам Ізраэля, што яму Госпад загадаў.
2 І сказаў Майсей правадырам пакаленьняў Ізраэльскіх: «Вось што загадаў Госпад:
3 Калі хто (з мужчынаў) пашлюбуе што Госпаду або зьвяжа сябе прысягай, няхай не парушыць словы свае, але ўсё, што абяцаў, выпаўніць.
4 Калі жанчына шлюбавала штосьці Госпаду, або зьвязала сябе прысягай, і яна яшчэ ў доме бацькі свайго і маладых гадоў,
5 то калі б бацька даведаўся аб шлюбаваньні, што яна абяцала, або аб прысязе, якой яна зьвязала сябе, і ён прамаўчаў, яна зьвязаная шлюбаваньнем. Што яна шлюбавала або прысягала, хай споўніць на дзеле.
6 Калі ў той дзень, калі пачуе бацька яе, ён забароніць ёй гэтак, дык шлюбаваньні яе і прысягі будуць няважныя. Міласьцівы будзе ёй Госпад таму, што бацька запярэчыў.
7 Калі, аднак, выйдзе яна замуж, але зьвязана яна шлюбаваньнем або прысягай вуснаў сваіх, зьвязала яна душу сваю,
8 і калі пачуе муж яе і, пачуўшы, не запярэчыць, — то яна зьвязаная шлюбаваньнем і павінна споўніць, што прыракала.
9 А калі пачуў бы муж і запярэчыў у той жа дзень, то шлюбаваньні яе, якія дала, і словы, каторымі зьвязала душу сваю, няважныя; хай будзе ёй міласьцівы Госпад.
10 Што прыракалі б удовы або разьведзеныя — важнае, хай споўняць.
11 Калі жонка ў доме мужа зьвязалася шлюбаваньнем або прысягаю,
12 і калі аб гэтым даведаўся муж, і маўчаў, і не пярэчыў шлюбаваньню, то няхай яна споўніць тое, што абяцала.
13 А калі б ён запярэчыў, то яна не зьвязаная прысягай, бо муж супрацівіўся. Хай Госпад будзе ёй міласьцівы.
14 Калі б яна шлюбавала або прысягай зьвязала сябе, ад волі мужа залежыць, ці споўніць яна гэта, ці не.
15 Калі б жа муж ведаў, але маўчаў, ды з дня на дзень адкладаў бы свой прысуд, то што яна прыракала або запрысягла, павінна споўніць, бо муж ведаў, але маўчаў.
16 Калі б жа ён запярэчыў празь нейкі час пасьля таго, як даведаўся, адказны будзе ён за сваю правіну».
17 Такія вось законы, каторыя перадаў Госпад Майсею адносна мужа і жонкі, бацькі і дачкі, калі яна яшчэ ў юнацтве жыве ў доме бацькоў.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Лічбаў, 30 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.