1 Вось што далей казаў Госпад Майсею:
2 «Зрабі сабе дзьве трубы серабраныя, кутыя, каторымі будзеш магчы склікаць усю супольнасьць, калі трэба будзе рыхтаваць табар у дарогу.
3 Калі затрубяць у трубы, зьбярэцца да цябе ўся супольнасьць да дзьвярэй Палаткі Сустрэчы.
4 А калі толькі ў адну затрубяць, зьбяруцца да цябе толькі князі і начальнікі дружынаў Ізраэля.
5 Калі затрубіш працягла, падымуцца дружыны тыя, каторыя з усходняга боку.
6 Калі другі раз працягла затрубіш, падымуцца тыя дружыны, каторыя з паўднёвага боку. Знакам на вырушаньне табару будзе працяглае трубеньне.
7 На сабраньне супольнасьці будзе просты гук, а не працяглы.
8 Трубіць жа ў трубы будуць сыны Аарона, сьвятары. Будзе гэта вам і патомкам вашым закон вечны.
9 Калі будзеш ісьці на вайну ў зямлі вашай супраць ворага, каторы наступае на вас, будзеце працягла трубіць у трубы. Гэта будзе кліч ваш перад Госпадам, Богам вашым, і будзеце збаўлены з рук ворагаў вашых.
10 Калі будзеце мець балі ў сьвяты і ў маладзікі, пры вашых ахвярах цэлапаленьня і ахвярах прымірэньня, будзеце трубіць у трубы; яны будуць прыпамінаньнем перад Госпадам аб вас. Я — Госпад, Бог ваш!»
11 У другі год, у другі месяц, у дваццаты дзень месяца, паднялося воблака з-над Палаткі Сьведчаньня.
12 Дык выбраліся сыны Ізраэля ў дарогу сваю з пустыні Сынай і спынілася воблака ў пустыні Паран.
13 Першы раз па загаду Госпада, дадзенага праз Майсея, рушыў табар у паход.
14 Першым вырушыў сьцяг табару сыноў Юды са сваімі дружынамі, каторых князем быў Нахшон, сын Амінадаба.
15 Дружыны пакаленьня Ісахара ўзначальваў Натанаэль, сын Цуара.
16 А над дружынамі пакаленьня Забулёна быў князем Эліяб, сын Гэлёна.
17 Разабраную Скінію ў паходзе несьлі сыны Гершона і Мэрары.
18 Вырушыў у дарогу і сьцяг табару сыноў Рубэна зь яго дружынамі, а над грамадай гэтай князем быў Эліцур, сын Шэдэура.
19 А над дружынай пакаленьня Сымона князем быў Шэлюміэль, сын Цурышадая.
20 Над дружынай пакаленьня сыноў Гада князем быў Эліясаф, сын Дэўэля.
21 Рушылі ў дарогу і сыны Кегата, несучы найсьвяцейшыя рэчы. Пакуль яны прыбылі, Скінія была ўжо пастаўлена.
22 Падняўся сьцяг табару сыноў Эфраіма са сваімі дружынамі, якіх князем быў Элішама, сын Амігуда.
23 А над дружынай пакаленьня Манасы князем быў Гамаліэль, сын Пэдагсура.
24 А над дружынай сыноў Бэн'яміна начальнікам быў Абідан, сын Гідэоні.
25 Потым падняўся сьцяг табару сыноў Дана са сваімі дружынамі, каторых князем быў Ахіезэр, сын Амішадая.
26 А над дружынай пакаленьня сыноў Асэра князем быў Пагіэль, сын Акрана.
27 А над дружынай сыноў Нэфталі князем быў Ахіра, сын Энана.
28 Вось такі быў парадак паходу сыноў Ізраэля з дружынамі сваімі, калі выходзілі ў дарогу.
29 І сказаў Майсей Хабабу, сыну Рэгуэля, Мадыянца, свайго цесьця: «Выпраўляемся мы ў зямлю, якую абяцаў нам даць Госпад. Хадзі з намі, і будзе табе добра з намі, бо Госпад абяцаў дабро Ізраэлю».
30 Той адказаў яму: «Не пайду я з табой, але вярнуся ў зямлю маю, у якой я нарадзіўся».
31 І сказаў (Майсей): «Не пакідай нас, бо ты ведаеш, у якіх мясцовасьцях пустыні маем мы раскладацца табарам, дык будзеш нашымі вачыма.
32 Калі пойдзеш з намі, то што будзе найлепшае з багацьцяў, якія дасьць нам Госпад, дамо табе».
33 І выправіліся яны з гары Госпада, і ішлі на працягу трох дзён. Каўчэг запавету Госпадавага ішоў наперадзе іх на працягу трох дзён, выбіраючы месца на табар.
34 Воблака Госпадава ацяняла іх днём, калі яны выходзілі з табару.
35 Калі вырушаў Каўчэг у дарогу, Майсей казаў: «Паўстань, Госпадзе, і хай разьбягуцца ворагі Твае, і хай паўцякаюць тыя, што зьненавідзелі Цябе, перад абліччам Тваім».
36 А калі стаўлялі Каўчэг, казаў: «Вярніся, Госпадзе, да шматлікага войска Ізраэльскага!»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Кніга Лічбаў, 10 разьдзел
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
