Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Лічбаў 1 Лічбаў 1 разьдзел

1 У першы дзень другога месяца, у другім годзе па выхадзе з Эгіпту ў гэтыя словы прамовіў Госпад да Майсея на пустыні Сынай у Палатцы Сустрэчы:
2 «Зрабі сьпіс усяе грамады сыноў Ізраэлевых па родах іх, па сем'ях іх, усіх мужчынаў па імёнах.
3 Ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здатных да бою Ізраэльцаў, палічыце па дружынах іхніх ты і Аарон.
4 З кожнага пакаленьня павінен быць з вамі чалавек, князь роду бацькоў ягоных.
5 Вось імёны правадыроў пакаленьняў, якія будуць з вамі: для Рубэна — Эліцур, сын Шэдэура,
6 для Сымона — Шэлюміэль, сын Цурышадая,
7 для Юды — Нахшон, сын Амінадаба,
8 для Ісахара — Натанаэль, сын Цуара,
9 для Забулёна — Эліяб, сын Гэлёна,
10 для сыноў Язэпа: для Эфраіма — Элішама, сын Амігуда; для Манасы — Гамаліэль, сын Пэдагсура;
11 для Бэн'яміна — Абідан, сын Гідэоні,
12 для Дана — Ахіезэр, сын Амішадая,
13 для Асэра — Пагіэль, сын Акрана,
14 для Гада — Эліясаф, сын Дэўэля,
15 для Нэфталі — Ахіра, сын Энана».
16 Гэтыя пакліканыя з усёй супольнасьці, князі пакаленьняў бацькоў сваіх і начальнікі тысячаў Ізраэля.
17 Іх узяў Майсей і Аарон, тых, што былі паіменна названыя.
18 Першага дня другога месяца сабралі яны ўсю супольнасьць дзеля сьпісу іх паходжаньня па пакаленьнях іхніх, па сем'ях бацькоў іхніх і лічылі кожнага па імені ад дваццаці гадоў і вышэй.
19 Як загадаў Госпад Майсею, быў зроблены перапіс на пустыні Сынай.
20 Сыноў Рубэна, першароднага Ізраеля, па пакаленьнях іх, па плямёнах іх, па сем'ях іхніх, па ліку імёнаў усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, здольных да бою,
21 тых, каторых палічылі з пакаленьня Рубэна, было сорак шэсьць тысячаў пяцьсот.
22 Сыноў Сымона па пакаленьнях іх, па племёнах іх і па сем'ях іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў, ад дваццаці гадоў і вышэй, здольных да бою,
23 налічана з пакаленьня Сымонавага пяцьдзесят дзевяць тысячаў трыста.
24 Сыноў Гада па пакаленьнях іх, па плямёнах іх, па сем'ях іхніх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных да бою,
25 налічана з пакаленьня Гадавага сорак пяць тысячаў шэсьцьсот пяцьдзесят.
26 Сыноў Юды па пакаленьнях іх, па плямёнах іх, па сем'ях іх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных да бою,
27 налічана з пакаленьня Юды семдзесят чатыры тысячы шэсьцьсот.
28 Сыноў Ісахара па пакаленьнях іх, па плямёнах іх, па сем'ях іх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных да бою,
29 налічана з пакаленьня Ісахара пяцьдзесят чатыры тысячы чатырыста.
30 Сыноў Забулёна па пакаленьнях іх, па плямёнах іх, па сем'ях іх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных да бою,
31 налічана з пакаленьня Забулёна пяцьдзесят сем тысячаў чатырыста.
32 Сыноў Язэпа, сыноў Эфраіма па пакаленьнях іх, па плямёнах іх, па сем'ях іх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных да бою,
33 налічана з пакаленьня Эфраіма сорак тысячаў пяцьсот.
34 Сыноў Манасы па пакаленьнях іх, па плямёнах іх, па сем'ях іх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, усіх здольных да бою,
35 налічана з пакаленьня Манасы трыццаць дзьве тысячы дзьвесьце.
36 Сыноў Бэн'яміна па пакаленьнях іх, па пямёнах іх, па сем'х іх, па ліку імёнаў, мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, здольных да бою,
37 налічана з пакаленьня Бэн'яміна трыццаць пяць тысячаў чатырыста.
38 Сыноў Дана па пакаленьнях іх, па плямёнах іх, па сем'ях іх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, здольных да бою,
39 налічана з пакаленьня Дана шэсьцьдзесят дзьве тысячы семсот.
40 Сыноў Асэра па пакаленьнях іх, па плямёнах іх, па сем'ях іх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, здольных да бою,
41 налічана з пакаленьня Асэра сорак адна тысяча пяцьсот.
42 Сыноў Нэфталі па пакаленьнях іх, па плямёнах іх, па сем'ях іх, па ліку імёнаў, усіх мужчынаў ад дваццаці гадоў і вышэй, здольных да бою,
43 налічана з пакаленьня Нэфталі пяцьдзесят тры тысячы чатырыста.
44 Гэта вось тыя, каторых палічылі Майсей і Аарон разам з начальнікамі Ізраэля — дванаццацю князямі, па аднаму з кожнага пакаленьня.
45 Поўны лік сыноў Ізраэля, здольных ваяваць, па іхніх сем'ях, ад дваццаці гадоў і вышэй,
46 складаў шэсьцьсот тры тысячы пяцьсот пяцьдзесят.
47 Левіты не падпалі пад сьпіс паводле пакаленьняў сваіх.
48 Госпад бо сказаў Майсею:
49 «Не перапісвай пакаленьня Левія і не лічы іх разам з сынамі Ізраэльскімі,
50 але даручы левітам Скінію Сьведчаньня, усе яе прылады і ўсё, што да яе належыць. Яны будуць насіць Скінію і ўсе яе прыналежнасьці, будуць пры ёй служыць і навокал яе паставяць свае палаткі.
51 Калі трэба рушыць у дарогу, разьбяруць яе левіты, а калі трэба затрымацца, зноў яе паставяць. Калі хто чужы наблізіцца да яе, будзе пакараны сьмерцю.
52 Сыны вось Ізраэля паставяць свае палаткі, кожны на сваім месцы ў табары, кожны пад сваім сьцягам, пры сваіх дружынах.
53 А левіты разьмесьцяцца табарам вакол Скініі Сьведчаньня; тады кара не спадзе на грамаду сыноў Ізраэлевых. Левіты будуць сьцерагчы Скінію Сьведчаньня».
54 Сыны Ізраэля споўнілі і выпаўнілі ўсё, што Госпад загадаў Майсею.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Лічбаў, 1 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.