Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Святарская 27 Кніга Святарская 27 разьдзел

1 Далей казаў Госпад Майсею:
2 «Кажы сынам Ізраэля і гавары ім: Калі які чалавек дае шлюбаваньне пасьвяціць душу Госпаду па ацаненьні тваім,
3 дык калі б гэта быў мужчына ад дваццаці да трыццаці гадоў, то будзе ён ацэнены на пяцьдзесят сыкляў серабром па вазе сьвятыні,
4 а калі жанчына, то будзе ацэнена на трыццаць сыкляў.
5 А ад пятага году да дваццатага будзе твая ацэнка мужчыны — дваццаць сыкляў серабра па мерцы сьвятыні, а жанчыны — дзесяць.
6 А ад аднаго месяца да пяці год даецца за мужчыну пяць сыкляў, а за жанчыну — тры сыклі.
7 Ад шасьцідзесяці год і вышэй за мужчыну даецца пятнаццаць сыкляў, а за жанчыну — дзесяць.
8 Калі б хто быў так бедны і ня мог бы заплаціць ацаненьня, то хай паставяць яго перад сьвятаром, а той ацэніць; і што ён можа даць, хай тое дасьць.
9 Калі гэта будзе быдла, каторае складаецца ў ахвяру Госпаду, дык усё, што шлюбаваў для Госпада, ёсьць рэччу сьвятою.
10 Нельга яго замяніць, ані лепшае — горшым, ані горшае — лепшым. Калі б жа хто замяніў, то і тое, што заменена, і на што заменена, будзе сьвятой рэччу для Госпада.
11 Калі б хто шлюбаваў жывёлу нячыстую, каторай ня можна складаць у ахвяру Госпаду, то прывядуць яе да сьвятара,
12 каторы ацэніць яе, ці яна добрая, ці благая, ды якую ўстановіць цану, такая і будзе.
13 Калі хто захоча выкупіць яе, то хай дадасьць пятую частку да яго ацэнкі.
14 Калі хто пасьвяціць дом свой Госпаду як сьвятую рэч, дык сьвятар ацэніць той дом паводле таго, ці ён добры, ці благі. Як сьвятар яго ацэніць, такая будзе ягоная вартасьць.
15 А калі той, хто яго ахвяраваў, захоча адкупіць яго, то дадасьць пятую частку кошту яго і будзе мець дом.
16 Калі хто пасьвяціць Госпаду частку ўласнага поля, то ацэнка твая павінна быць паводле засеву: за засеў гамэру ячменя — пяцьдзесят сыкляў серабра.
17 Калі хто пасьвяціць сваё поле ў год юбілейны, твая ацэнка будзе важная.
18 Калі ж хто пасьвяціць сваю зямлю па годзе юбілейным, то сьвятар палічыць суму грошаў па гадах, каторыя застаюцца да наступнага году юбілейнага, і належна абніжыць ацэнку.
19 Калі той, хто пасьвяціў зямлю, адкупіць яе, то дадасьць пятую частку вышэй ацэнкі і будзе мець яе.
20 А калі ён ня выкупіць зямлі, і калі гэтая зямля будзе прададзена каму іншаму, то ня можа быць выкупленая.
21 У такім выпадку, калі зямля ў юбілейным годзе станецца свабоднай, будзе яна належаць Госпаду як рэч сьвятая, як зямля пад клятвай. Станецца яна ўласнасьцю сьвятара.
22 А калі хто пасьвяціць Госпаду зямлю, купленую не з уласнасьці продкаў,
23 то сьвятар палічыць вялікасьць ацэнкі да юбілейнага году, і павінен ён аддаць яшчэ таго самага дня Госпаду суму ацаненьня як сьвятую рэч.
24 У год юбілейны зямля вернецца да таго, ад каго была куплена, чыёй была ўласнасьцю.
25 Кожная твая ацэнка павінна быць паводле сыклю сьвятыні. Адзін сыкль раўняецца дваццаці герам.
26 Ніхто ня можа пасьвяціць і шлюбаваць Госпаду першароднае з быдла, якое і так належыць Госпаду, ці то вол, ці то авечка, бо яны — Госпадавы.
27 Калі гэта жывёла нячыстая, то можна яе выкупіць за суму тваёй ацэнкі, дадаючы да яе адну пятую. Калі ня будзе выкуплена, то прадасца па суме тваёй ацэнкі.
28 Калі хто пасьвяціць штосьці з сваёй уласнасьці Госпаду як клятву: чалавека, жывёлу або частку ўласнай зямлі — то гэта рэч ня будзе ані прададзена, ані выкуплена. Кожная клятва — гэта рэч найсьвяцейшая для Госпада.
29 Ніводзін чалавек, каторы пасьвячаны Госпаду як клятва, ня можа быць выкуплены, павінен быць ён забіты.
30 Кожная дзесяціна зямлі з пасеву зямлі і з пладоў дрэваў ёсьць Госпадава, гэта сьвятая рэч для Госпада.
31 Калі б хто хацеў выкупіць частку сваёй дзесяціны, то дадасьць да яе адну пятую.
32 Кожная дзесяціна з валоў, авец, козаў, каторыя праходзяць пад палкай пастыра, ёсьць пасьвечаныя Госпаду.
33 Ня будзе адрознівацца, што добрае, а што благое, і ня будзе рабіцца ніякай замены. Калі хто, аднак, зробіць замену, то абедзьве жывёліны, і адна, і другая, будуць пасьвечаныя Госпаду. Ня могуць яны быць выкуплены».
34 Такія вось прыказаньні, якія даў Госпад Майсею і сынам Ізраэля на гары Сынай.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Святарская, 27 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.