Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Святарская 5 Кніга Святарская 5 разьдзел

1 Калі хто саграшыць тым, што чуў праклён і мог засьведчыць пра праступак, каторы бачыў або ведаў, і не зрабіў гэтага, і такім чынам правініўся,
2 або калі хто дакранецца чаго нячыстага, трупа зьвера нячыстага, або жывёлы, або паўзуна нячыстага, але ня будзе ведаць гэтага, што стаўся нячыстым, і гэтак правініўся,
3 або калі нехта дакранецца нейкай нячыстасьці чалавечай, якой-колечы рэчы нячыстай, дзеля якой мог занячысьціцца і спачатку не ўсьведамляў сабе гэтага, а потым даведаецца, што правініўся,
4 або калі хто прысягае, гаворачы легкадумна вуснамі на ліха або на дабро, так як бывае, што чалавек легкадумна прысягае, спачатку не ўсьведамляючы сабе гэтага, а пасьля спасьцерагае, што правініўся праз адну з гэтых рэчаў,
5 дык калі хто правініўся ў адной з гэтых рэчаў, хай прызнаецца, што саграшыў,
6 і хай прынясе ён Госпаду за грэх свой, каторым саграшыў, у ахвяру перамольную авечку са статку або казу як ахвяру за грэх, і ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага.
7 Калі хто ня можа ахвяраваць авечку, хай ахвяруе за грэх свой два турка або двух маладых галубоў Госпаду: аднаго ў ахвяру за грэх, а другога на цэлапаленьне.
8 Хай прынясе іх да сьвятара, каторы першага ахвяруе за грэх і надломіць яму галаву пры карку, але яе не аддзеліць.
9 Пасьля пакропіць крывёй яго сьцяну ахвярніка, а рэшту крыві вылье на падставу ахвярніка. Гэта вось ахвяра за грэх.
10 Другога галуба хай складзе ён ў ахвяру цэлапаленьня, як звычайна бывае; так ачысьціць яго сьвятар ад грэху яго, якім ён правініўся, і ён будзе яму адпушчаны.
11 Калі б хто ня мог ахвяраваць двух туркоў або двух маладых галубоў, хай прынясе за тое, што саграшыў, дзесятую частку эфы пшанічнай мукі ў ахвяру за грэх; хай не палівае яе алеем ды хай не кладзе на яе кадзіла, бо гэта ахвяра за грэх.
12 І прынясе яе да сьвятара, а той возьме з гэтага поўную жменю (мукі) як памятную частку і спаліць на ахвярніку ў ахвяру Госпаду. Гэта ахвяра за грэх.
13 Так ачысьціць яго сьвятар ад грэху ягонага, каторым ён саграшыў супраць аднаго з тых прыказаньняў, і будзе яму адпушчана. Застаўшуюся частку возьме сьвятар як ахвяру зь яды».
14 Вось што сказаў Госпад Майсею:
15 «Калі хто спракудзіцца і саграшыць праз памылку, прысвойваючы сабе рэчы, пасьвячоныя Госпаду, хай за віну сваю са свайго статку авец прынясе Госпаду ягнё без заганы па цане двух сыкляў серабра паводле вагі сьвятыні як ахвяру за грэх.
16 Хай тое, што прысвоіў, зьверне і дадасьць да таго пятую частку вартасьці, ды адасьць гэта сьвятару, а сьвятар ачысьціць яго ахвярай ягняці, і грэх будзе яму адпушчаны.
17 Калі хто саграшыць, дапускаючыся нечага супраць прыказаньняў Госпада празь няведаньне, і правініцца, дапускаючыся злачынства,
18 хай прынясе да сьвятара ягнё без заганы, узяте са статку, па сваёй ацэнцы, у ахвяру за грэх. Тады сьвятар ачысьціць яго ад праступку, якога несьвядома дапусьціўся, і будзе ён яму адпушчаны.
19 Гэта ахвяра за праступак, якім ён правініўся перад Госпадам».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Святарская, 5 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.