Біблія » Пераклады » Пераклад Чарняўскага 2002

Святарская 9 Кніга Святарская 9 разьдзел

1 Восьмага дня паклікаў Майсей Аарона, сыноў яго і старшыняў Ізраэля і сказаў Аарону:
2 «Вазьмі са статку бычка ў ахвяру за грэх і барана на ахвяру цэлапаленьня, абодвух без заганы, і прынясі перад аблічча Госпада.
3 А сынам Ізраэля скажы: «Вазьміце казла ў ахвяру за грэх, і цялё, і барана гадавога без заганы на ахвяру цэлапаленьня,
4 і вала, і барана ў ахвяру прымірэньня, каб ахвяраваць іх перад Госпадам, і ахвяру зь яды, запраўленую алеем, бо сёньня Госпад зьявіцца вам».
5 І прынесьлі ўсё тое, што загадаў ім Майсей, да ўваходу ў Палатку Сустрэчы, і прыйшла ўся супольнасьць, і стала перад Госпадам.
6 І сказаў ім Майсей: «Вось тое, што загадаў Госпад зрабіць, і аб'явіцца вам хвала Госпада!»
7 Дык сказаў Майсей Аарону: «Прыйдзі да ахвярніка, і складзі ахвяру за грэх і ахвяру цэлапаленьня, і ачысьці сябе і народ. І складзі ахвяру за народ, і ачысьці яго, як загадаў Госпад».
8 Тады Аарон прыступіўся да ахвярніка і забіў цялё за грэх свой.
9 Сыны яго далі яму кроў цяляці, і ён, памачыўшы палец ў крыві, памазаў ёю рагі ахвярніка, а астатак выліў на падставу ахвярніка.
10 Тлушч, ныркі і тлушч на вантробе з ахвяры за грэх спаліў ён на ахвярніку, як загадаў Госпад Майсею,
11 а мяса і скуру ягоную спаліў на агні за табарам.
12 Пасьля забіў ахвяру цэлапаленьня; сыны яго далі яму кроў, і ён выліў яе кругом ахвярніка.
13 Далі яму таксама ахвяру цэлапаленьня, падзеленую на часткі, разам з галавой, і ён спаліў гэта на ахвярніку.
14 Потым абмыў нутро і ногі і спаліў як цэлапаленьне на ахвярніку.
15 Потым склаў ён ахвяру за народ. Узяў казла, каторы быў прызначаны на ахвяру за грэх народу, і забіў яго, і ахвяраваў за грэх, як і першага.
16 Пасьля ўзяў ахвяру цэлапаленьня і ахвяраваў яе паводле пастановы.
17 І прынёс ён ахвяру зь яды, і напоўніў ёю руку сваю ды спаліў на ахвярніку, апрача ранішняй ахвяры цэлапаленьня.
18 Пасьля забіў вала і барана, ахвяры прымірэньня ад народу; сыны ж яго далі яму кроў, каторую выліў ён кругом ахвярніка.
19 Тлушч жа вала і хвост барана, і ныркі з лоем, і тлушч на вантробе
20 палажылі на грудзіну; і тлушч быў спалены на ахвярніку;
21 а грудзіна і правае плячо Аарон прынёс, патрасаючы перад Госпадам, як загадаў яму Майсей.
22 І падняў Аарон рукі ў бок народу і дабраславіў яго, і па заканчэньні ахвяраў за грэх, ахвяраў цэлапаленьня і ахвяраў прымірэньня зыйшоў уніз.
23 Потым Майсей і Аарон увайшлі ў Палатку Сустрэчы і, выйшаўшы адтуль, дабраславілі народ. У гэты час аб'явіліся хвала Госпада ўсяму народу.
24 І вось агонь выйшаў ад Госпада, і спаліў ахвяру цэлапаленьня разам з тлушчам, які быў на ахвярніку. Калі ўбачылі гэта людзі, узрадаваліся вельмі, падаючы тварам да зямлі.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter

Кніга Святарская, 9 разьдзел

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.